ТЫМІ́Н,

прыроднае арганічнае злучэнне з групы пірымідзінавых асноў. Прысутнічае ва ўсіх жывых клетках у саставе ДНК, у невял. колькасці — у трансп. РНК. Сінт. аналаг Т. — 5-бромурацыл (моцны мутаген): замяшчае Т. у ланцугу ДНК, парушае правільнае ўтварэнне пар нуклеатыдаў паводле прынцыпу камплементарнасці, што вядзе да памылак пры рэплікацыі ДНК і счытванні генет. кода. Гл. таксама Нуклеінавыя кіслоты.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧЭ́ІСТЫ БЕТО́Н,

від лёгкага бетону, структура якога характарызуецца наяўнасцю значнай колькасці (да 85% аб’ёму) сітавін (ячэек). Утвараецца пры зацвердзяванні ў аўтаклаве сумесі вяжучага (цэменту ці вапны), вады, сітавінаўтваральніка і крэменязёмістага кампанента. У залежнасці ад спосабу ўспучвання сыравіннай сумесі адрозніваюць газабетон і пенабетон. Выкарыстоўваюць для вырабу сценавых панэлей і блокаў, пліт перакрыццяў і цеплаізаляцыйных укладышаў у буд. канструкцыях.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,

заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.

Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).

А.​М.​Матузка.

Вышынная пояснасць на Каўказе.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,

устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́ЛЫ,

арганічныя злучэнні араматычнага раду, у малекулах якіх гідраксільныя групы звязаны з атамамі вугляроду араматычнага кальца. Паводле колькасці гідраксільных груп вылучаюць адна- (напр., фенол, нафтол, крэзол), двух- (гідрахінон, піракатэхін, рэзарцын) і шмататамныя Ф. (пірагалол, флораглюцын). Паводле колькасці араматычных ядзер адрозніваюць уласна Ф., нафтолы (2 кандэнсаваныя ядры), антролы (3 ядры), фенантролы (4), бензатэтролы (5) і інш.

Бясколерныя ці афарбаваныя крышталі або вадкасці, большасць мае моцны характэрны пах. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, абмежавана — у бензоле, вадзе. Маюць слабакіслотныя ўласцівасці: у растворах шчолачаў утвараюць солепадобныя злучэнні (феналяты), якія ацыліруюцца з утварэннем складаных эфіраў і алкіліруюцца з утварэннем простых эфіраў. Атамы вадароду ядра Ф. лёгка замяшчаюцца ў рэакцыях галагеніравання, нітравання, сульфіравання і інш., што звязана з наяўнасцю гідраксільнай групы (моцнага орта-пара-арыентанта). Для Ф. характэрны таксама рэакцыі кандэнсацыі. Атрымліваюць Ф. акісленнем араматычных вуглевадародаў і цыклаалканаў, гідролізам арылгалагенідаў, шчолачным плаўленнем араматычных сульфакіслот і інш., вылучаюць з каменнавугальнай смалы, расл., сыравіны. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фенола-альдэгідных смол, паверхнева-актыўных рэчываў, фарбавальнікаў, лекаў, антыаксідантаў і інш. Таксічныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,

сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНУЛАЦЫТО́З,

алейкія, рэзкае памяншэнне колькасці або амаль поўнае знікненне з крыві гранулацытаў. Агранулацытоз можа быць сімптомам прамянёвай хваробы, лейкозу, малярыі, брушнога тыфу, віруснага гепатыту, грыпу і інш., а таксама самаст. хваробай (востры агранулацытоз), агранулацытоз міэлатаксічны ўзнікае пры парушэнні ўтварэння гранулацытаў у касцявым мозгу, агранулацытоз імунны назіраецца пры разбурэнні гранулацытаў крыві. Можа сведчыць пра парушэнне функцыі крывятворнай, імуннай і інш. сістэм арганізма.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТ (англ. bit),

1) у вылічальнай тэхніцы двайковы разрад машыннага слова; пазіцыя двайковай лічбы ў двайковым кодзе; састаўная частка байта. Лік бітаў памяці ЭВМ вызначае найб. колькасць інфармацыі, якая ў ёй змяшчаецца. Колькасць бітаў ліку — колькасць двайковых разрадаў для яго запісу.

2) У тэорыі інфармацыі — адзінка вымярэння колькасці інфармацыі. 1 біт дае крыніца інфармацыі з 2 узаемна выключальнымі роўнаімавернымі паведамленнямі.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАДЫЯ́ЛІЗ (ад гема... + дыяліз),

метад ачышчэння крыві ад нізка- і сярэднемалекулярных рэчываў апаратам штучнай ныркі праз паўпранікальную мембрану і дыялізуючы раствор. Выкарыстоўваецца пры лячэнні вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручэнняў. Гемадыяліз ажыццяўляе абменнае пераліванне крыві (адначасовае масіўнае кровапусканне з пераліваннем такой жа колькасці крыві), абмыванне брушыны салявым растворам (перытанеяльны дыяліз), прамыванне слізістай абалонкі кішэчніка ўмерана гіпертанічным растворам (кішачны дыяліз).

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)