дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут «Мінскпраект» Мінгарвыканкома. Засн. ў 1959 як дзярж. праектны ін-т «Мінскпраект» на базе праектнай канторы Мінгарпраект (арганізавана ў 1953 на базе створанай у 1945 арх.-планіровачнай майстэрні). З 27.12.1996 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектаў планіроўкі і забудовы жылых раёнаў і мікрараёнаў, аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння і добраўпарадкавання горада, горадабудаўнічай дакументацыі Мінска і прыгараднай зоны, рэканструкцыі і капітальнага рамонту аб’ектаў аховы здароўя, жыллёва-грамадз., сац.-бытавога, камунальнага і вытв. прызначэння, праектаванне інж. сетак і сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя і культурна-гіст. комплексы і іх элементы, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення працаздольнасці і здароўя людзей (рэкрэацыі). На Беларусі для рэкрэацыйнага выкарыстання рэзервуецца каля 2 млн.га (каля 10% тэр.) у мясцінах, адметных спрыяльнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, крыніцамі мінер. вод, радовішчамі лек. гразей, маляўнічымі ландшафтамі, помнікамі гісторыі, культуры, прыроды. На іх базе фарміруюцца зоны адпачынку, пансіянаты, турбазы, кемпінгі, пракладваюцца турысцкія маршруты. Асн. задача рэкрэацыйнага прыродакарыстання — вызначэнне гранічна дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак на розныя тыпы ландшафтаў з мэтай прадухілення дыгрэсіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат палярных раёнаў Паўн. паўшар’я (Арктыкі). Адметны доўгай марознай зімой (сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -25 °C) з палярнай ноччу, кароткім халодным летам (сярэднямесячная т-раліп. ад -1 °C да 3—10 °C), 100—400 мм ападкаў за год. Надвор’е вызначаецца Арктычным антыцыклонам у цэнтр. частцы Арктыкі і цыклонамі Арктычнага фронту на перыферыі. Характарызуецца адмоўным радыяц. балансам зімой і вял. прытокам сонечнай радыяцыі летам. Паўд. мяжа зоны Арктычнага клімату прыкладна супадае з ізатэрмай самага цёплага месяца 10 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен.зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГА́ЦЫЯ (ад лац. virga галінка),
1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).
2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).
Да арт.Віргацыя. Разыходжанне горных хрыбтоў у гарах Цянь-Шаня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ (Леанід Міхайлавіч) (н. 22.11.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1974), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). Працуе ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1991). Асн. творы: «Спыніць гонку ўзбраенняў» (1984), «Перабудова» (1986), «Чарнобыль. 26.4.86» (1988), «Дапамажы дзецям Чарнобыльскай зоны», «Хто адкажа?» (абедзве 1990), серыя плакатаў «Беларускія асветнікі» (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі; 1991), плакаты да кінафільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), «Сівая легенда» (1992). Працуе таксама ў жывапісе і кніжнай графіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на адносна аднародныя рэгіёны (раёны, правінцыі, падзоны, зоны) паводле асаблівасцей ландшафтнай структуры; адзін з відаў прыроднага раянавання. Праводзіцца на падставе вынікаў ландшафтнага карціравання і складання ландшафтнай карты. Асн. прынцыпы Л.р.: адносная аднароднасць, комплекснасць, генет. і тэр. супольнасці. Тэр. Беларусі падзяляецца на 2 падзоны, якія вылучаюцца з улікам біякліматычных фактараў: падтаежных (мяшана-лясных) і палескіх (шыракаліста-лясных) ландшафтаў; 5 правінцый, якія аб’ядноўваюць раёны, блізкія па структуры ландшафтаў; 55 ландшафтных раёнаў — тэрыторый, дзе спалучаюцца аднародныя ландшафты, што сфарміраваліся ў аднатыпных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Асташкавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і часткова да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2930—3270 м. Пароды-калектары — другасныя даламіты ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага тыпу. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы 20,3 млн.т, перспектыўныя 5,1 млн.т.