ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),
асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).
Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкам паражэння з’яўляюцца ядзерныя боепрыпасы, а сродкам дастаўкі іх да цэлі — ракета. Гал. састаўная ч.ядзернай зброі, разнавіднасць зброі масавага знішчэння. З’явілася ў сярэдзіне 1950-х г. Знаходзіцца на ўзбраенні армій ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая. Асн. баявыя ўласцівасці: практычна неабмежаваная далёкасць дзеяння, вялікая паражальная магутнасць, магчымасць нечаканага прымянення, высокая дакладнасць паражэння цэлей, вялікая скорасць, незалежнасць прымянення ад умоў надвор’я і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. operatio дзеянне),
1) закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная), асобная закончаная частка тэхнал. працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая).
2) Асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-н. фін., крэдытнай, прамысл., гандл., страхавой або інш. задач, напр., банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя.
3) У выліч. тэхніцы выкананне лічбавай выліч. машынай якога-н. дзеяння з зыходнымі велічынямі, напр., арыфм. аперацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕКІ́Н (італьян. Arlecchino). традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ; слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытваў інтрыгу камедыі. У сярэдзіне 17 ст. ў Францыі — вобраз хітрага, дасціпнага плеткара, які актыўна ўдзельнічаў у развіцці дзеяння. Далейшая змена маскі арлекіна адбывалася па-за камедыяй дэль артэ. У 18 — пач. 19 ст. ў Францыі арлекін — вытанчаны любоўнік, шчаслівы сапернік персанажа нар.т-ра П’еро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫТЭРМО́ГРАФ (ад грэч bathys глыбокі + тэрмограф),
прылада, якая фіксуе т-ру і глыбіню вады з борта судна. Вымярае т-ру ад -2 да 30 °C, глыб. апускання 2—200 м, стандартная глыб. адбору проб 10, 15, 25, 50, 75, 100, 150, 200 м. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні дэфармацый пругкіх адчувальных элементаў, што ўзнікаюць пры змене ціску і т-ры з глыбінёй. Існуе батометр-батытэрмограф, які аўтаматычна рэгіструе т-ру вады і глыбіню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕРМЕ́ТР,
прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
сінтэтычныя арганічныя фарбавальнікі, якія маюць у сабе асн. групы (амінагрупы). З кіслотамі ўтвараюць водарастваральныя солі, з гетэраполікіслотамі — святлоўстойлівыя нерастваральныя лакі. Выпускаюцца ў выглядзе соляў пераважна салянай, сернай, шчаўевай кіслот. Афарбоўваюць валокны з кіслотнымі групамі (шэрсць, натуральны шоўк, поліамідныя валокны), трымаюцца на іх дзякуючы іонным сувязям; цэлюлозныя валокны афарбоўваюцца толькі пасля пратраўлення. Асноўныя фарбавальнікі надаюць матэрыялам яркі колер, малаўстойлівы да дзеяння святла і шчолачных раствораў. Выкарыстоўваюцца ў паліграф., тэкст. і гарбарнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТЫ́Т (ад дэрма + ...іт),
запаленне скуры. Узнікае ад дзеяння на скуру фіз. (доўгае трэнне і ціск, высокія і нізкія т-ры, радыяцыя), хім. (к-ты, солі, лек. прэпараты, касметыка і інш.), раслінных фактараў. Штучныя Д. бываюць ад уздзеяння раздражняльнікаў, алергічныя — ад паўторных уздзеянняў раздражняльнікаў, якія выклікаюць сенсібілізацыю арганізма. Адрозніваюць Д. востры і хранічны. Прыкметы; пачырваненне і ацёк, пухіры, боль, сверб, пякота. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, мясцовае — процізапаленчыя сродкі.