МАЛА́Я А́ЗІЯ,

паўвостраў на З Азіі, складае большую частку тэр. Турцыі. Пл. каля 400 тыс. км². Даўж. з 3 на У 1000 км, шыр. 400—600 км. Абмываецца Чорным, Мармуровым, Эгейскім і Міжземным морамі, пралівамі Басфор і Дарданелы. Паўн. і паўд. берагі стромкія, малапарэзаныя, зах. — моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Амаль увесь паўвостраў заняты Малаазіяцкім нагор’ем, у сярэдзіне якога Анаталійскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (г. Эрджыяс, 3770 м). Па ўскраінах паўн. ч. паўвострава Пантыйскія горы, паўд. — горы Таўр. Па берагах мораў участкі нізін з міжземнаморскай расліннасцю. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, нафта, храміты, жал., марганцавая і інш. руды, сера, каменная соль. Клімат субтрапічны. Рэкі горныя, малаводныя. Найб. воз. Туз. На прыморскіх схілах ускраінных гор шыракалістыя лясы вільготных субтропікаў калхідскага тыпу і цвердалістыя міжземнаморскія лясы і хмызнякі. На ўнутр. схілах гор і пласкагор’ях паўпустыні і нагорныя стэпы. Горныя і пустынна-стэпавыя віды фауны.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІК (Сцяпан Паўлавіч) (13.8.1883, с. Засулле Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 28.6.1938),

бел. вучоны ў галіне батанікі і лесаводства. Чл.кар. АН Беларусі (1936). Д-р біял. н. (1935), праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1911). З 1923 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1926—30 дырэктар Цэнтр. лясной доследнай станцыі Беларусі, з 1933 дырэктар Бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і феналогіі раслін. Распрацаваў праграмы і інструкцыі па лесафеналагічных назіраннях, правёў тыпалагічнае вывучэнне лясоў Беларусі, даследаваў паркі і інш. дэндралагічныя аб’екты, даў класіфікацыю тыпаў лесу Беларусі з улікам урадлівасці і вільготнасці глебы. У 1938 рэпрэсіраваны (прыгавораны да вышэйшай меры пакарання). Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. Горы-Горки, 1925;

Лесо-фенологические наблюдения. Горы-Горки, 1928.

Літ.:

Юркевич И.Д., Чекалинская Н.И. Основатель Ботанического сада АН БССР // Ботаника. Мн., 1969. Вып. 11.

С.П.Мельнік.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,

паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.​Ф.​Белінсгаўзена і М.​П.​Лазарава.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАШУКЕ́ЛІ (Элгуджа Давідавіч) (н. 22.8.1928, Тбілісі),

грузінскі скульптар-манументаліст. Нар. мастак Грузіі (1979). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1950—55). Аўтар алегарычнай статуі «Маці-Грузія» (дрэва, 1958; алюміній, 1963), помніка Вахтангу Гаргасалу (1967) у Тбілісі, манумента Перамогі ў Горы, мемарыяла Славы героям-маракам у Поці (абодва 1979). Дзярж. прэмія СССР 1982.

Э.Амашукелі. Помнік Вахтангу Гаргасалу. 1967.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТА́ЎР (Anti-Taurus),

горы на Пд Турцыі, у цэнтр. ч. Таўра. Даўж. каля 200 км. Утвораны 2 паралельнымі хрыбтамі — Тахталы (выш. да 3054 м, г. Бей) і Бінбога (выш. да 2830 м, г. Бінбога). Складзены пераважна з асадкавых парод. На Пн — сухі стэп, на Пд — участкі хваёвых субтрапічных лясоў і хмызнякоў (фрыгана).

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБІ́ЙСКІ АЛТА́Й,

горы на Пд Манголіі, паўд.-ўсх. працяг Мангольскага Алтая. Даўж. каля 500 км. Вял. колькасць ізаляваных хрыбтоў і масіваў выш. 1500—2500 м (найвыш. 3957 м, г. Іхбагда-Ула). Складзены з гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Катастрафічныя землетрасенні ў 1957 і 1958. Горны стэп, паўпустыні і пустыні. Рэзерват Елын-ам (хр. Гурван-Сайхан).

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ СІБІ́Р,

заходняя частка Сібіры на У ад Урала да р. Енісей, у Расіі. Пл. каля 3 млн. км². Большая ч. занята Заходне-Сібірскай раўнінай. На ПдУ узнімаюцца горы Алтая, Салаіра і Кузнецкага Алатау. У межах З.С. размешчаны Алтайскі край, Курганская, Цюменская, Омская, Новасібірская, Томская, Кемераўская вобл. і крайнія зах. раёны Краснаярскага краю.

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРУ́МЫ, карумы,

значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СГРЭЙВ (Musgrave),

горы ў цэнтр. ч. Аўстраліі, на У Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я. Працягласць з З на У каля 200 км. Сярэднія выш. 800—1000 м, найб. — 1440 м (г. Вудраф). Складзены з гранітаў дакембрыю; моцна расчлянёныя сухімі далінамі часовых рэк. На схілах рэдкія зараснікі эўкаліптаў, хмызняковых акацый (мальгаскрэб) і дзярніны злака спініфекс.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКРА́Н, Макран,

горы ў Іране і Пакістане, паўд.-ўсх. абрамленне Іранскага нагор’я. Даўж. 1150 км. Пераважаюць выш. 1000—2000 м, найб. — 2293 м. Некалькі паралельных хрыбтоў, складзеных пераважна з вапнякоў і пясчанікаў. Частыя землетрасенні. Каля перадгор’яў — гразевыя вулканы. На зах. схілах — пустыні, на ўсх. і паўд.-ўсх. — расліннасць тыпу саваннаў; на ПнУ — лясы гімалайскага тыпу.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)