МІ́НСКІЯ КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў 1900—13 у Мінску. Выпускалі бульбяны крухмал. Мелі паравыя машыны. На з-дзе акц. т-ва «Сокал» (1900—13) у 1910—11 працавала 80 рабочых. На з-дзе акц. т-ва «Прасвет» (1903—13) у 1912 працавала 155 рабочых. Гадавая сума прадукцыі ў 1913 склала 200 тыс. руб.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВАЕ́ННА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

добраахвотная спартыўная арг-цыя паляўнічых і рыбаловаў вайск. часцей. Засн. ў 1934 як Усеармейскае ваенна-паляўнічае т-ва Бел. ваен. акругі (БВА). З 1976 Ваенна-паляўнічае т-ва БВА, з 1992 сучасная назва. Асн. задачы: прапаганда і развіццё паляўнічага спорту, стэндавай стральбы і спарт. рыбалоўства; падрыхтоўка воінаў, стралкоў, паляўнічых-разведчыкаў; арганізацыя н.-д. работы па вядзенні спарт. паляўнічых, рыбалоўных гаспадарак і стэндавым спорце.

Членства індывідуальнае і калектыўнае. За арг-цыямі т-ва замацавана (1995) 531,7 тыс. га паляўнічых угоддзяў (у т. л. лясных 277 тыс., палявых 167,4 тыс., водна-балотных 53,4 тыс. га) і 3 возеры (агульнай пл. каля 480 га).

Я.​І.​Харкоў.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІ ў Стоўбцах.

Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.​Акінчыц, І.​Гундзіловіч, М.​Сабалеўскі і інш. Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА САНІТА́РНАЙ АХО́ВЫ водных крыніц,

тэрыторыі, што вылучаюць вакол крыніц водазабеспячэння, водазабораў, лекавых вод і інш. для аховы іх ад забруджвання. У іх устанаўліваецца спец. ахоўны сан. рэжым з мэтай папярэджання забруджвання хім. рэчывамі (у т. л. радыеактыўнымі), засмечвання, заражэння хваробатворнымі арганізмамі, ад сцёкавых вод і інш. З.с.а. строгага рэжыму агароджваюць, акружаюць палосамі водаахоўных лясных насаджэнняў, забяспечваюць ахову, у іх забаронены буд-ва, горныя, зямельныя работы і інш. У зоне паласы абмежаванняў З.с.а. праводзяцца пасадкі зялёных насаджэнняў, пратрымліваюцца строгага сан. рэжыму, але дазваляюцца некат. віды прыродакарыстання, у т. л. абмежаванае буд-ва. У абедзвюх палосах З.с.а. забаронена буд-ва паглынальных калодзежаў і свідравін для скідвання сцёкавых вод.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ САДО́ЎНІЦТВА,

від калектыўнага землекарыстання, пры якім грамадзяне аб’ядноўваюцца ў садоўніцкія т-вы (кааператывы). Садзейнічае ўвядзенню ў гасп. карыстанне зямельных няўдобіц, з’яўляецца сродкам больш рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Асн. задача — стварэнне садоў і агародаў для задавальнення патрэб членаў т-ва і іх сем’яў у садавіне і агародніне, а таксама для адпачынку, прац. выхавання дзяцей і інш. На Беларусі садоўніцкія т-вы дзейнічаюць у адпаведнасці з тыпавым статутам. Зямельны ўчастак пад К.с. даецца ў бестэрміновае карыстанне арг-цыі, пры якой створана т-ва, або непасрэдна т-ву. Усе работы ў калектыўным садзе выконваюць члены т-ва і іх сем’і, за выключэннем тых, што павінны рабіць спецыялісты. У 1998 на Беларусі больш за 672 тыс. т-ваў.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛКО́ЎНІК,

воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. У Еўропе вядома з 16 ст. У Расіі ўведзена ў сярэдзіне 16 ст. для асоб, што камандавалі палкамі; як воінскае званне для камандзіраў палкоў «новага строю» — у 17 ст. Званне П. існавала ў войску Рэчы Паспалітай. П. называлі таксама камандзіраў палкоў ва Укр. казацкім войску, у т. л. ў Запарожскай Сечы. Ва Узбр. Сілах СССР уведзена ў 1935, у ВМФ для афіцэраў карабельнага саставу яму адпавядала званне капітана 1-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.

У.​І.​Свякла.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМАЎСТО́ЙЛІВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА, антысейсмічнае будаўніцтва,

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.

Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец. сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш.).

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРШЫНА́,

1) воінскае званне сяржанцкага (старшынскага), падафіцэрскага і унтэр-афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў. У СССР існавала з 1935; у ВМФ адпавядала званне гал. карабельны С. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь воінскае званне С. прысвойваецца лепшым старшым сяржантам, якія праслужылі на сяржанцкіх пасадах не менш як 6 месяцаў і пры прызначэнні на пасады, на якіх штатам прадугледжана званне С. Званне С. існуе і ў шэрагу інш. сілавых структур. Гл. Званні воінскія.

2) Службовая асоба ў роце (батарэі), у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. З’яўляецца прамым нач. салдат і сяржантаў свайго падраздзялення. Падпарадкоўваецца камандзіру роты (батарэі) і ў адсутнасць афіцэра выконвае яго абавязкі.

В.​А.​Сергіенка.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́РНЫ ФЕТЫШЫ́ЗМ (ад франц. fétiche ідал),

містычныя адносіны да тавараў, надзяленне іх звышнатуральнымі ўласцівасцямі; арэчаўленне вытв. адносін ва ўмовах таварнай вытв-сці. Заснаваны на тым, што стыхія рыначных адносін, якая пануе над людзьмі, знешне выступае ў выглядзе панавання над імі пэўных рэчаў. Ва ўмовах таварнай вытв-сці эканам. сувязі паміж людзьмі ажыццяўляюцца пры дапамозе тавараабмену. а лёс таваравытворцаў, іх дабрабыт цесна звязаны з лёсам вырабленых імі тавараў. Адносіны паміж людзьмі ва ўмовах рынку, дзе вызначальным фактарам вытв-сці з’яўляецца рух тавараў, таксама прымаюць форму адносін рэчаў. Такая залежнасць таваравытворцаў ад рыначнай кан’юнктуры параджае ў іх адносіны да тавару як звышнатуральнага феномена (фетыша), які ажыццяўляе самаст. рух і вызначае лёсы людзей.

А.​Л.​Падгайскі.

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ФІЗІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

рэспубліканскае навук. грамадскае аб’яднанне. Засн. ў 1990 у Мінску. Аб’ядноўвае навук. работнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, інш. спецыялістаў, што працуюць у галіне фізікі і сумежных галінах навукі. Асн. мэты: садзейнічанне развіццю фіз. навукі і распаўсюджванню фіз. ведаў; стварэнне спрыяльных умоў для раскрыцця творчых магчымасцей фізікаў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў аб’яднання; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі, прафес. і грамадскімі арг-цыямі інш. краін. Вышэйшы орган — з’езд т-ва. Выбарны кіруючы орган — праўленне. Прэзідэнты: Ф.І.Фёдараў (з 1990), В.С.Буракоў (з 1996), П.А.Апанасевіч (з 1999). Б.ф.т. — чл. Еўрап. фіз. т-ва (з 1993), Еўразійскага фіз. т-ва (з 1993).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)