ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.​К.​Лукашэвіч.

Геракліт.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры

(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),

старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант. атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;

Яго ж. Античная философия истории. М., 1977.

В.​І.​Боўш.

Дэмакрыт.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ЕЎРАПЕ́ЙСКІМ САЮ́ЗЕ 1992,

гл. Маастрыхцкі дагавор 1992.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць бюджэтнае ўпарадкаванне дзяржавы і рэгламентуюць пытанні стварэння і выкарыстання грашовых сродкаў; асноўны раздзел фінансавага права. На Беларусі гал. крыніцамі бюджэтнага права з’яўляюцца Канстытуцыя, законы «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 (з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» ад 4.6.1993, законы аб дзярж. бюджэтах і рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў на адпаведны год, якія прымаюцца штогод. Бюджэтнае права мае на мэце забяспечыць кожнаму органу дзярж. улады самастойную і ўстойлівую матэрыяльную базу для ажыццяўлення дзярж., паліт. і культ. будаўніцтва краіны, яе эканам.-гасп. дзейнасці, абароны правоў і свабод грамадзян.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАВА́ЛАЎ (Леанід Васілевіч) (8.8.1902, Масква —15.9.1970),

расійскі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (з 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1934—62 праф. Маск. ін-та нафтахім. і газавай прам-сці, адначасова ў 1943—53 у Ін-це геал. навук АН СССР. У 1953—60 нам. старшыні Савета па вывучэнні вытв. сіл АН СССР і кіраўнік шэрагу комплексных экспедыцый. Навук. працы па петраграфіі і геахіміі асадкавых утварэнняў. Прапанаваў класіфікацыю асадкавых парод. Распрацаваў вучэнне аб геахім. фацыях асадкавай тоўшчы. Абгрунтаваў палажэнне аб дыферэнцыяцыі рэчыва ў зоне асадканамнажэння і палажэнне аб перыядычнасці ва ўтварэнні асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎСТВА АБ ПРА́ЦЫ,

гл. ў арт. Ахова працы, Працоўнае права.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

гл. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1961 і 1963,

міжнародныя акты, якія кадыфікавалі нормы пасольскага права і консульскага права. Канвенцыя 1961 аб дыпламат. зносінах рэгламентуе дзейнасць дыпламат. прадстаўнікоў, вызначае іх прывілеі, імунітэты і да т.п. Удзельнікам гэтай канвенцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах (увайшла ў дзеянне ў 1967) рэгулюе парадак іх устанаўлення, адкрыцця, задачы, прывілеі і імунітэты консульскіх устаноў.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦКК ВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.

А.​М.​Малашка.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ПЕРАМІ́Р’І НА ЗАХО́ДНІМ ФРО́НЦЕ 1917,

часовы дагавор паміж ням. і рус. арміямі, заключаны 4.12.1917 у мяст. Солы (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пасля звароту Сав. ўрада 22.11.1917 па радыё да салдат і матросаў з заклікам узяць справу міру ў свае рукі ВРК Зах. фронту прапанаваў армейскім і карпусным ВРК неадкладна пачаць перагаворы з ням. войскамі. Да канца ліст. большасць злучэнняў фронту заключыла дагаворы аб перамір’і на сваіх участках. 2.12.1917 у штаб ням. Усх. фронту для перагавораў выехала дэлегацыя Зах. фронту з 16 чал., у т. л. С.​І.​Берсан, М.​Р.​Пятроў, В.​В.​Фамін, М.​С.​Ціхменеў, С.​Я.​Шчукін. 4.12.1917 паміж 2, 3 і 10-й арміямі Зах. фронту і ням. арміямі падпісаны дагавор аб перамір’і на 2 месяцы. Ён набыў сілу з 12 гадзін 6.12.1917 на ўсім Зах. фронце ад мяст. Відзы да р. Прыпяць (уключна). Страціў сілу 15.12.1917 у сувязі з заключэннем дагавора аб перамір’і 1917.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)