абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднаннібел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ.аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс.аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад.аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс.аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),
Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс.аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.