ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятааўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл.драм.т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ І ГЛЕ́БЫ тып глеб, што фарміруюцца пад лугавой расліннасцю ў месцах з неглыбокім ад паверхні заляганнем карбанатных парод у выніку ўзаемадзеяння дзярновага і балотнага глебаўтваральных працэсаў. У залежнасці ад ступені забалочанасці вылучаюць слабаглеяватыя, глеяватыя і глеевыя падтыпы. Глебы характарызуюцца вял. колькасцю гумусу і наяўнасцю дробнакамякаватай структуры, аднак у іх мала фосфару і калію. На Беларусі найб. пашыраны ў Брэсцкай і Віцебскай абл., дзе трапляюцца ў комплексе з дзярнова-глеевымі. Выкарыстоўваюцца пераважна пад лугавыя ўгоддзі. Пры выкарыстанні пад ворыва патрабуюць асушальнай меліярацыі, якая павышае іх урадлівасць у 2 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЎСК,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл.с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),
беларускі акцёр. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Мастакоў («Стары» М.Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева), Мікалай II («Змова» А.М.Талстога і П.Шчогалева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́НІН (Сяргей Георгіевіч) (31.8.1906, с. Мядзведзіцкае Кімрскага р-на Цвярской вобл., Расія — 27.1.1977),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Магілёўскай і Брэсцкай абл. у Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1928. З чэрв. 1941 на Зах. фронце, нам. камандзіра танк. палка. З ліп. 1941 у партызанах: арганізатар атрадаў у Круглянскім і Шклоўскім р-нах, камандзір групы атрада «Сяргея», адначасова ў кастр. 1942 — жн. 1943 камандзір 8-й Круглянскай партыз. брыгады, у жн.—снеж. 1943 — Круглянскай ваенна-аператыўнай групы, потым — 8-й партыз. брыгады. Аўтар кн. «Ад Дняпра да Буга» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),
удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЧУ́ГА,
від засцерагальнага ўзбраення, ахоўнае адзенне з жал. кольцаў, прасунутых адно ў адно. Мела выгляд кашулі з доўгімі ці кароткімі рукавамі, маса 5—7 кг. Вынайдзена прыкладна ў 5 ст. да н.э. кельтамі (галамі), хутка пашырылася на У і 3 Еўропы, у Азіі. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 10—18 ст. Цэлая К. знойдзена на гарадзішчы Оршы (захоўваецца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве), абрыўкі кальчужнага палатна — пры археал. раскопках Брэста, Гродна, Навагрудка, Полацка, Слуцка і інш. Некалькі К. 17 ст. з двайным пляценнем зберагаюцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі.
Да арт.Кальчуга. Усходнеславянскі княжацкі дружыннік 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Піліп Мацвеевіч) (14.11.1881, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 20.3.1921),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901), настаўнічаў. На 1-м Усерас. з’ездзе сял. дэпутатаў (май 1917, Петраград) увайшоў у групу «14-ці беспартыйных» з Беларусі на чале з М.В.Фрунзе, абраны чл. Выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў. У 1917 старшыня выканкома Бабруйскага пав. Савета сял. дэпутатаў, нам. старшыні Бел.абл.к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў, узначальваў (з В.Селіванавым) Бел. аддзел Наркамнаца. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. У 1918 і 1919 арыштоўваўся ням. і польск. ўладамі. З 1920 на пед. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),
бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) i XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).