першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).
Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).
Літ.:
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Кастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.
Літ.:
Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;
Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;
Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,
заваяваныя Рымам па-за межамі Італіі тэрыторыі, якімі кіравалі рымскія намеснікі. Пасля 1-й Пунічнай вайны першымі Р.п. сталі Сіцылія (з 241 да н.э.), Корсіка і Сардзінія (з 227 да н.э.). У канцы эпохі рэспублікі іх было каля 20, у эпоху імперыі — каля 50. У эпоху рэспублікі Р.п. лічыліся ўласнасцю рым. народа. Значная ч. зямлі адбіралася ў мясц. насельніцтва і перадавалася ў надзелы рым. каланістам (гл.Агер публікус). Жыхары Р.п. павінны былі ўтрымліваць рым. намеснікаў і войска. Кіравалі правінцыямі былыя консулы (праконсулы) і б. прэтары (прапрэтары). У 27 да н.э.Р.п. падзелены на сенацкія і імператарскія. Сенацкую звычайна ўзначальваў праконсул са штогадовым тэрмінам замяшчэння, імператарскую, дзе знаходзіліся рым. войскі, — легат консульскага (Р.п. з 2 і больш легіёнамі) ці прэтарскага рангу, а таксама прэфект з коннікаў (пазней, акрамя Егіпта, наз. пракуратар). З сярэдзіны 2 ст.н.э. неафіцыйна ўзнік тытул «прэзес» (praeses), які на працягу 3 ст. ператварыўся ў афіц. тытул намесніка Р.п. з коннікаў ці сенатараў. Даходы з Р.п. складалі асн. крыніцу багацця рым. дзяржавы. Іх спагнанне ў перыяд рэспублікі знаходзілася ў руках прыватных адкупшчыкаў (публіканаў), ад якіх вельмі пакутавала насельніцтва Р.п. У імператарскую эпоху ўведзена дзярж. кіраванне фінансамі, што крыху палегчыла становішча насельніцтва. У 212 большасць жыхароў Р.п. атрымала правы рым. грамадзян. Паводле рэформ Дыяклектыяна і Канстанціна IР.п. былі разбуйнены, іх колькасць патроілася, асобныя правінцыі былі аб’яднаны па 12—15 у дыяцэзы пад уладай аднаго вікарыя. Межы новага адм.-тэр. падзелу не супадалі з межамі Р.п.
Літ.:
Кудрявцев О.В. Эллинские провинции Балканского полуострова во 11 в.н. э. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮВЕЛІ́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая ўключае вытв-сць і рамонт вырабаў з каштоўных камянёў і металаў, інш. матэрыялаў, што падвяргаюцца маст. апрацоўцы. Прадукцыя Ю.п.: упрыгожанні, прадметы для аздаблення інтэр’ераў, сервіроўкі стала, сувеніры і інш.
Узоры ювелірных вырабаў вядомы з даўніх часоў. Ужо ў Стараж. Егіпце выкарыстоўвалася чаканка, гравіроўка і халодная эмаль пры апрацоўцы золата. ізумрудаў. аметыстаў, бронзы. У б.СССР спецыялізаваная галіна Ю.п. створана ў 1966, калі ў адзіную сістэму дзярж. прам-сці (Саюзювелірпрам) былі аб’яднаны дробныя прадпрыемствы, якія раней уваходзілі ў падпарадкаванне розных ведамстваў. Найбуйнейшымі прадпрыемствамі былі Маскоўскае, Краснапольскае і Львоўскае ВА і Ленінградскае ВА «Рускія самацветы». Сярод краін свету найб. развітую Ю.п. маюць Бельгія, Італія, Францыя, ЗША, Індыя, Вялікабрытанія, Германія, Расія.
На Беларусі ювелірныя вырабы вядомы з глыбокай старажытнасці (гл.Ювелірнае мастацтва). Сучасная Ю.п. склалася ў 1972, калі ў Гомелі быў пабудаваны з-д па апрацоўцы якуцкіх алмазаў і вытв-сці ювелірных вырабаў (зараз Гомельскае ВА «Крышталь», у склад якога з 1992 уваходзіць з-д «Ювелір» — вырабляе да 40% усёй прадукцыі галіны). На прадпрыемстве вырабляюцца падвескі, завушніцы, пярсцёнкі, калье, запінкі, дзярж. ўзнагароды; працуе майстэрня ручной працы, дзе вырабляюцца эксклюзіўныя ўпрыгожанні па індывід. праектах. Прадукцыя экспартуецца ў краіны Балтыі і Расію. У наш час на Беларусі дзейнічае больш за 15 прадпрыемстваў, на якіх вырабляюць або рамантуюць ювелірныя вырабы. Сярод іх «Прафесіянал» у Брэсце, «Ювель» у Віцебску», «Бі-Джуэлс» у Магілёве, «Карат» у Баранавічах, «Аўрум» і «Унікаштметал» у Мінску. Майстэрні і невял. прадпрыемствы, што займаюцца пераважна рамонтам ювелірных вырабаў, працуюць у інш. гарадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШАНБЕ́,
горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л.ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.
Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.
Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн. плошчамі, помнікамі Рудакі, А.Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.В.Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.Л.Анісімаў, скульпт. А.А.Татарынава, маст. М.Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.М.Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.В.Ярзоўскі, Ю.Л.Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.У.Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп.аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.Айні і імя М.Турсун-задэ, этнаграфічны.
Да арт.Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.Фірдаўсі (справа).Да арт.Душанбе. Помнік А.Фірдаўсі.Душанбе. Дом урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ КЛУ́БЫ І РУ́ХІў СССР.
Існавалі ў 2-й пал. 1980-х г. — 1991 ва ўмовах радыкальнага рэфармавання краіны ў час перабудовы і сталі асновай будучай шматпарт. сістэмы. Першыя незалежныя ад улады самадзейныя групы ўзніклі восенню 1986. Яны не мелі афіц. статуса і ствараліся на аснове шырокага кола мэтаў і інтарэсаў (напр., нац.-культ. аб’яднанне «Талака» ў Мінску). Са студз. 1987 пасля спынення крымін. праследавання па паліт. матывах самадзейны рух імкліва палітызаваўся. У дыскусійных клубах «Перабудова» (Масква), «Дэмакр. перабудова» (Ленінград), «Сучаснік», «Світанак», «Тутэйшыя» (усе на Беларусі), Клубе сац. ініцыятыў, Федэрацыі сацыяліст. грамадскіх клубаў, ва Усесаюзным сац.-паліт. клубе «Абшчына» фарміраваліся групы будучых паліт. лідэраў, ішоў пошук новых ідэалаг. падыходаў. Масавай формай грамадска-паліт. руху сталі Нар. франты, першыя з якіх (Нар. фронт Эстоніі і літ.«Саюдзіс») узніклі вясной 1988. У чэрв. 1989 у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту«Адраджэньне». Да восені 1989 нар. франты створаны ва ўсіх сав. рэспубліках. На працягу 1987—89 аформіўся рас. нац.-патрыят. рух, каля вытокаў якога былі Аб’яднаны савет Расіі, Саюз духоўнага адраджэння Айчыны, Правасл. манархічны ордэн-саюз. З мэтай каардынацыі дзеянняў і абароны ад «антыперабудовачных сіл» у 1987—88 заснаваны Ліга рас. кааператараў і прадпрымальнікаў, Асацыяцыя сумесных прадпрыемстваў, першыя паліт. арг-цыі — Партыя свабоды працы, Усерас. саюз «Абнаўленне», рух «Прадпрымальнікі за новую Расію». Масавы экалагічны рух прайшоў шлях ад выключна прафес. клубаў, фондаў і цэнтраў да палітызаваных «Сац.-эканам. саюза», «Руху за стварэнне Партыі «зялёных». Такім чынам у 2-й пал. 1980-х г. адбываўся працэс зараджэння протапартый на базе шматлікіх клубаў і рухаў. 1.1.1991 набыў сілу закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які заканадаўча замацаваў існаванне ў краіне шматпарт. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́Р, Саарская вобласць (Saarland, неафіц. — Saargebiet),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у басейнах рэк Саар і Мозель, каля граніцы з Францыяй і Люксембургам. Пл. 2570 км². Нас. каля 1,1 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Саарбрукен. Рэльеф узгорысты і нізкагорны (выш. да 595 м). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Т-ра паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 19 °C. За год выпадае каля 700 мм ападкаў. Лясы (дуб, бук, граб) займаюць каля 30% плошчы. Гаспадарка мае індустр. характар. Здабыча кам. вугалю (Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн). Прам-сць: чорная металургія, коксахімія, хім. (гумава-тэхн. вырабы, азотныя ўгнаенні), нафтаперапр., аўтамабілебуд., вагонабуд., эл.-тэхн., шкляная, керамічная, швейная, харчовая (асабліва мясаперапр.). Вырошчваюць збожжа, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак і аўтадарог. Суднаходства на рэках Мозель і Саар.
У сярэднія вякі на тэр. С. існавала графства, што ўваходзіла ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 1790-я г. — 1814 уладанне Францыі. У 1815 большая ч. С. адышла да Прусіі, меншая — да Баварыі. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі. Паводле Версальскага мірнага дагавора /919 перададзены пад кіраванне Лігі Нацый на 15 гадоў (з 10.1.1920). У 1935 у выніку плебісцыту зноў адышоў да Германіі. У 1935—40 адміністрацыйна аб’яднаны з Пфальцам, у 1940—45 наз.Зах. марка. Пасля 2-й сусв. вайны з 2.1.1946 пад франц. кіраваннем (з 1945 у франц.акупац. зоне Германіі). Паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 (Саарскі статут) часова знаходзіўся пад кантролем Заходнееўрапейскага саюза. Пасля адхілення Саарскага статута на плебісцыце 23.10.1955 паводле пагаднення аб С. паміж ФРГ і Францыяй (1956) канчаткова ўключаны ў склад ФРГ і стаў адной з яе зямель (з 1.1.1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),
ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.
Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 у складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.
Літ.:
Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;
Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ (СБМ),
маладзёжная арг-цыя на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі і ў Германіі ў Вял.Айч. вайну. Створаны 22.6.1943 па ініцыятыве герм. улад на ўзор саюза гітлераўскай моладзі (Гітлер-югенд) паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Ген. камісарыята Беларусь і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М.Ганько (мужчыны) і Н.Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліп. 1944 — у Берліне; падпарадкоўваўся Бел.цэнтр. радзе. Друкаваныя органы: час.«Жыве Беларусь!», газ. «Юнацкі покліч». Гал. мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу герм. нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць бел. моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. За чэрв. 1943 — ліп. 1944 на акупіраванай тэр. Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1.7.1944 адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс.чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваен. прадпрыемствах Трэцяга рэйха. Члены саюза прыцягваліся да ваен.-буд. і гасп. работ на акупіраванай тэр. Беларусі. Пад уплывам перамог Чырв. Арміі, прапагандысцкай і арганізац. дзейнасці сав. падполля многія радавыя члены і некат. кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан. Частка актыўных членаў (каля 3 тыс.чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючай герм. арміяй. Дзейнасць СБМ працягвалася да вясны 1945 на тэр. Германіі. За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.
Літ.:
Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі, 1941—1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫ КРЫЖ»
(у Азербайджане, Таджыкістане, Туркменістане, Узбекістане, Афганістане, Пакістане, Турцыі і араб. краінах — «Чырв. Паўмесяц», у шахскім Іране — Т-ва «Чырв. Льва і Сонца»),
добраахвотныя т-вы дапамогі ваеннапалонным, хворым і параненым воінам, інш. ахвярам вайны; у мірны час аказваюць дапамогу пацярпелым ад стыхійных бедстваў, у шэрагу краін праводзяць мерапрыемствы па прадухіленні захворванняў. У міжнар. маштабе нац. т-вы «Ч.К.» (фарміраваліся з 1864, тады ж зацверджаны назва і эмблема «Ч.К.») утвараюць Міжнародны Ч.К. (МЧК), аб’яднаныМіжнар. к-там «Ч.К.» (МКЧК, створаны ў 1863 у Швейцарыі, складаецца з яе грамадзян) і Лігай т-ваў «Ч.К.», створанай у 1919 для каардынацыі дзейнасці нац. т-ваў «Ч.К.» ў мірны час (МКЧК дзейнічае ў час вайны). Асн. прынцыпы дзейнасці «Ч.К.» сфармуляваны ў міжнар. Жэнеўскай канвенцыі 1864 (дапоўнена ў 1906 і 1929), Жэнеўскіх канвенцыях 1949. Вярх. орган МЧК — канферэнцыя (1 раз у 4 гады), паміж канферэнцыямі — Пастаянная камісія ў Жэневе.
На Беларусі «Ч.к.» (расійскі) дзейнічаў з 1866—67: у 1877 мелася 5 губ. праўленняў, 30 крапасных і пав. к-таў «Ч.К.»; напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнічала 118 мед. устаноў «Ч.К.». 6.6.1921 СНКБССР стварыў Т-ва «Ч.К.» Беларусі (гл.«Чырвонага Крыжа» Беларускае таварыства), якое ў 1925—91 уваходзіла ў Саюз т-ваў «Ч.К.» і «Чырв. Паўмесяца» СССР. З 1991 самаст.т-ва, з 1994 наз.Бел.т-ва «Ч.К.». Яго вышэйшы орган — з’езд (1 раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі кіруе Рэсп.к-т. бел. «Ч.К.» (у пач. 2000-х г. меў у падпарадкаванні 6 абл., 129 гар. і раённых арг-цый, Дарожны к-т). Ажыццяўляе аздараўленчыя, прафілактычныя, сан.-засцерагальныя мерапрыемствы, догляд хворых у хатніх умовах, падрыхтоўку сан. актыву, прапаганду донарства, сан. асвету і інш.