КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус.правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),
бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА».
Існавала ў мяст. Койданава (сучасны г. Дзяржынск Мінскай вобл.) і нейтральнай зоне каля яго ў ліст. 1920. Створана ў выніку арганізаванага антыбальшавіцкага паўстання (кіраўнік П.Калечыц). Паўстанцкі штаб размяшчаўся ў фальварку Янава каля в. Дзягільна, базы паўстанцаў знаходзіліся ў вёсках Дзягільна і Касілава. Паўстанцы абвясцілі ў Койданаве і нейтральнай зоне Койданаўскую «самастойную рэспубліку», прынялі адозву да насельніцтва, у якой заклікалі змагацца «за вольную Беларусь», выдалі загад пра наладжванне абароны мястэчка. «Рэспубліка» пратрымалася 4 дні, пасля яе ліквідацыі часцямі Чырв. Арміі барацьба набыла форму партыз. змагання, якое працягвалася да падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЫЧАЎ (Восіп Якаўлевіч) (16.5.1904, г. Адэса, Украіна — 5.1.1973),
расійскі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1920. У зб-ках паэзіі «Ля Чорнага мора» (1935), «Наша зямля» (1955), «Захады і світанні» (1957), «Закон вясны» (1962), «Карані і кроны» (1973) услаўляў стваральную працу людзей, іх мужнасць у барацьбе з ворагамі, апяваў родную прыроду. Аўтар тэкстаў шматлікіх песень (зб. «Кулямётная стужка», 1938). Я.Купалу прысвяціў паэму «Беларуская быль» (1950), напісаў пра яго ўспаміны «Незвычайная задушэўнасць» (у кн. «Такі ён быў», 1975). Пераклаў на рус. мову асобныя творы Я.Купалы, А.Александровіча, П.Броўкі, М.Танка, М.Чарота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРАЙ»
(«Kraj»),
польскі штотыднёвы грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў Пецярбургу ў 1882—1909. Меў дадаткі «Przegląd literacki» («Літаратурны агляд») і «Dział artystyczno-literacki» («Літаратурна-мастацкі аддзел»). У 1898—1902 кожны нумар «К.» меў дадатак — альбомную старонку. Змяшчаў матэрыялы з гісторыі, культуры, навукі, л-ры і мастацтва слав. народаў, у т. л.маст. творы Э.Ажэшкі, Я.Лучыны, карэспандэнцыі Ф.Багушэвіча з Вільні, артыкулы і допісы А.Ельскага «Пра беларускую гаворку» і «Адам Міцкевіч на Беларусі» (абодва 1885), некралогі В.Дуніну-Марцінкевічу («Беларускі пясняр», 1885), Я.Лучыну (1897), Багушэвічу (1900).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШАЛЬНІ́ЦКІ (Іван Антонавіч) (12.11.1905, г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 17.12.1934),
украінскі пісьменнік, мастацтвазнавец, графік. Скончыў Пражскі ун-т (1927). Настаўнічаў. У 1934 рэпрэсіраваны. У паэт. зб-ках «Вясенняя песня» (1924), «Буры і вокны» (1930), «Жалезная карова» (1932) дамінуе рэв., антыімперыяліст. тэматыка. Аўтар п’ес пранац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне («Каханне», «Муры і межы»; абедзве 1932). Выступаў з крытычнымі артыкуламі па мастацтвазнаўстве. Аўтар графічных работ, ілюстрацый да твораў М.Кацюбінскага і В.Стафаніка. На бел. мову асобныя вершы К. пераклаў А.Лойка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЕ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (1.2.1847, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.6.1906),
расійскі публіцыст, рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1867). У 1873—83 на старонках час.«Отечественные записки» распрацоўваў праграму і тактыку народніцтва, адстойваў прынцып вярх. права народа на зямлю, прапагандаваў кааператыўныя прадпрыемствы, здольныя канкурыраваць з капіталіст. вытв-сцю. З 1876 чл.«Народнай волі». У 1884—90 у ссылцы ў Вяцкай і Табольскай губ. У 1891—95 рэдактар час. «Русское богатство», у 1896—97 — «Новое слово», дзе прапагандаваў «малых спраў тэорыю». Аўтар успамінаў пра І.С.Тургенева і М.Я.Салтыкова-Шчадрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЎ (Яўген Паўлавіч) (н. 23.2.1934, г. Лысьва Пермскай вобл., Расія),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас М.Чулакі). Працуе пераважна ў галіне кінамузыкі: музыка да дакумент., маст., тэле- і мультфільмаў, у т. л. «Умка» (1965), «Уласнасць рэспублікі» і «Вось ужо гэта Насця!» (абодва 1972), «І тады я сказаў «не» (1974), «Не баліць галава ў дзятла» (1975), «Ключ без права перадачы» (1977), «І гэта ўсё пра яго» (1978), «Прыгоды Электроніка» (1981), «Чарадзеі» (1984), «Госця з будучага» (1986). Аўтар 3 балетаў, твораў для хору, сімф. і эстр. аркестраў, музыкі да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛААКО́АН, Лаакоант,
у старажытнагрэч. міфалогіі траянскі прадракальнік, або жрэц. Паводле пашыранага міфа, у час Траянскай вайны Л. разам з двума сынамі быў забіты двума марскімі змеямі за тое, што насуперак волі багіні Афіны намагаўся не дапусціць прыняцця траянцамі ў дар ад грэкаў драўлянага каня, у якім схаваліся грэч. воіны (гл. таксама Траянскі конь), і папярэджваў суайчыннікаў аб каварстве ворагаў. Міф пра Л. адлюстраваны ў ант. л-ры і выяўл. мастацтве. Найб. вядома мармуровая група «Лаакоан» родаскіх скульптараў Агесандра, Атэнадора і Палідора.
Лаакоан. Мармур. Скульптары Агесандр, Палідор і Атэнадор. Каля 50 да н.э.