НЕКРАШЭ́ВІЧ Ілья Рыгоравіч (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.А.Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.
Тв.:
Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АНБССР. 1948. № 6;
Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.А.Бакутам, М.К.Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АНБССР. 1956. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»
(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),
зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛвял.кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г.н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛз суседнімі дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́Ў Леанід Пятровіч (н. 3.10.1946, в. Міхайлавічы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне імуналогіі, алергалогіі, мікрабіялогіі і вірусалогіі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (2000), д-рмед.н. (1991), праф. (1993). Вучань А.П.Красільнікава. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1975), дзе працаваў з 1978 (з 1988 заг. кафедры), адначасова гал. імунолаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. З 1995 дырэктар Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (адначасова з 1998 кіраўнік аддзела і лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні натуральнага імунітэту пры першасна-хранічных інфекц. захворваннях дыхальнага тракту, туберкулёзе, траўме, аўтаімунных і алергічных захворваннях. Аўтар нац. праграмы «Імунапрафілактыка». Дзярж. прэмія Беларусі 2002.
Тв.:
Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі. Мн., 1995 (разам з А.П.Красільнікавым, Н.Ф.Казак);
Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Пробл. иммуно- и химиотерапии. Мн., 2002 (разам з Н.П.Мішаевай, В.І.Вацяковым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МАЎ Я́БЛЫК, кадык,
анатамічнае ўтварэнне ў выглядзе прамавугольнага выступу на пярэдняй паверхні шыі ў мужчын. Складзена з пласцінак шчытападобнага храстка гартані. Назва па біблейскай легендзе аб праглынутым Адамам яблыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́Я... (ад грэч. bios жыццё),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «жыццё», абазначае сувязь з жыццём, жыццёвымі працэсамі, адпавядае слову «біялагічны», напр., біяграфія, біясфера, біякаталіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕРАХВА́Т,
выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ПА СПРА́ВАХ ЗАХО́ДНІХ ГУБЕРНЯЎ,
вышэйшы дарадчы орган пры цару Мікалаю I для выпрацоўкі законапалажэнняў і мерапрыемстваў па аслабленні польскага і ўмацаванні рус. ўплыву ў адносінах да Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Існаваў у 1831—48. Створаны ў сувязі з паўстаннем 1830—31. Пачаў работу 28.9.1831. На першым пасяджэнні к-та Мікалай I даручыў яму прыняць меры, «каб губерні, ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які для кіравання ў іншых расійскіх губернях існуе». У к-т уваходзілі міністры і вышэйшыя дзярж. саноўнікі. Старшынямі к-та былі старшыні Дзярж. савета і К-та міністраў. Разглядаў праекты адм. і паліт. мерапрыемстваў, якія паступалі ад мін-ваў, губернатараў і ген.-губернатараў і падаваў іх на зацвярджэнне цару. Паводле рэкамендацый к-та на Беларусі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 і ўведзена агульнарас. заканадаўства. ажыццёўлены мерапрыемствы па прадухіленні шляхецкіх выступленняў, у сістэме асветы і дзярж. справаводства польская мова заменена рускай, прымаліся меры па змяншэнні ўплыву каталіцызму. К-т займаўся сял. пытаннем, разглядаў справы аб канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1830—31, пытанні аб адм. уладкаванні краю. Спыніў дзейнасць 31.1.1848, яго функцыі перададзены К-ту міністраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
установа, якая праводзіць рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам атмасферы і атмасферных працэсаў. Пры дапамозе метэаралагічных прылад вызначаюць сонечную радыяцыю, атм. ціск, напрамак і скорасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра і глебы, атм. ападкі, снегавое покрыва, воблачнасць, атм. з’явы (раса, іней, шэрань, туман, мяцеліца, навальніца і інш.). Складаецца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе размешчаны метэаралагічныя прылады, і памяшканні, дзе ўстаноўлены аўтам. прылады-рэгістратары і вядзецца апрацоўка даных назіранняў. У залежнасці ад аб’ёму назіранняў і работ падраздзяляюцца на 3 разрады. М.с. 1-га разраду праводзіць і апрацоўвае даныя, ажыццяўляе тэхн. кіраўніцтва станцыямі 2-га і 3-га разрадаў, а таксама абслугоўвае зацікаўленыя ўстановы і прадпрыемствы звесткамі аб метэаралагічных умовах і матэрыяламі па клімаце. М.с. 2-га разраду праводзіць назіранні, апрацоўвае і перадае даныя па выніках назіранняў. М.с. 3-га разраду выконвае назіранні па скарочанай праграме. На некаторых станцыях дадаткова праводзяцца аэралагічныя, актынаметрычныя і градыентныя назіранні. На Беларусі першыя М.с. з’явіліся ў пач. 19 ст. (у 1809 у Магілёве, 1810 у Віцебску, 1834 у Брэсце, 1841 у Горках, у 1849 у Мінску). У 1999 назіранні па праграме М.с. праводзіліся ў 51 пункце Беларусі (гл. карту-схему).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, які ажыццяўляе перадачу на адлегласць вадкіх, газападобных ці цвёрдых прадуктаў патрубаправодах. Прызначаны для транспарціроўкі газу (газаправод), нафты і нафтапрадуктаў (нафтаправод), цвёрдых матэрыялаў (гідраўлічны транспарт, пнеўматычны транспарт). У залежнасці ад прызначэння і тэр. размяшчэння адрозніваюць Т.т. магістральны і прамысловы (найб. пашыраны). Прамысловы выкарыстоўваецца для транспарціроўкі грузаў, якія перадаюцца па трубах у межах прадпрыемства для працягу тэхнал. працэсу. Да магістральнага Т.т. належаць газа- і нафтаправоды, па якіх транспарціруюцца прадукты ад месца здабычы да месца перапрацоўкі і спажывання (заводы, марскія парты). Па магістральных прадуктаправодах транспарціруюцца гатовыя нафтапрадукты (бензін, дызельнае паліва і інш.) з заводаў у раёны спажывання. Да Т.т. адносяцца таксама нафтабазавыя, унутрыпрамысловыя нафта-, газа-, прадуктаправоды, гарадскія газаразмеркавальныя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі і г.д. Вядучая краіна ў галіне Т.т. Японія. На Беларусі агульная працягласць магістральных нафтаправодаў рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні 3 тыс.км, прадуктаправодаў 1,4 тыс.км, газаправодаў 6,7 тыс.км. размеркавальных газаправодаў 22 тыс.км (2002). Будуецца газаправод Ямал—Еўропа, першы ўчастак (209 км) здадзены ў эксплуатацыю (1999). Удзельная вага Т.т. ў агульным грузаабароце краіны 58% (2001). Схему магістральных нафтаправодаў гл. ў арт.Нафтаправод.