ЛА́КЛАН

(Lachlan),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р. Марамбіджы (бас. Мурэя). Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 85 тыс. км2. Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр., у вярхоўі цячэ ў глыбокай даліне, парожыстая, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Сярэдні расход вады 42 м3/с. У сухі зімовы сезон перасыхае. Сцёк зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ў перыяд летніх дажджоў.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЛО́ (Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ

(Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),

французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Опасные связи. М.; Л., 1965.

А.В.Хадановіч.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КМУС

(галанд. lakmoes),

фарбавальнік, які атрымліваюць з некаторых відаў лішайнікаў. Водны раствор Л. (фіялетавага колеру) выкарыстоўваюць як індыкатар (гл. Індыкатары хімічныя); у кіслым асяроддзі ён афарбоўваецца ў чырвоны колер, у шчолачным — у сіні, у нейтральным не мяняе колеру.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКНЕ́Я,

рака ў Капыльскім і Слуцкім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас. р. Прыпяць). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 274 км2. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Сунаі Капыльскага р-на. Асн. прыток — р. Вужанка (справа). Цячэ ў межах Слуцкай раўніны. Даліна добра выражаная, слабазвілістая, пераважна трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—7 м.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКНО́,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км2, даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на 3 месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКО́ТКА Аляксандр Іванавіч

(н. 25.1.1955, в. Кузьмічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. архітэктар, этнограф. Д-р гіст. н. (1993). Скончыў БПІ (1977). З 1978 працаваў у Бел. дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту (у 1989—95 нам. дырэктара), з 1982 у Бел. рэстаўрацыйна-праектным ін-це, з 1995 заг. аддзела архітэктуры і нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Аўтар і кіраўнік шматлікіх праектаў рэстаўрацыі помнікаў драўлянай архітэктуры. Навук. працы па гісторыі бел. архітэктуры. Аўтар кніг «Беларускае народнае дойлідства», «Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры» (абедзве 1991), «Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці» (1994) і інш.

Тв.:

Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995;

Дойлідства. Мн., 1997. (Беларусы. Т. 2.);

Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.

С.А.Сергачоў.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКРЫМА́ТАРЫ

(ад лац. lacrima сляза),

слёзатачывыя атрутныя рэчывы Раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і выклікаюць нястрымнае слёзацячэнне. Да Л. адносяцца бромбензілцыянід, хлорацэтафенон, хлорпікрын і інш.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКРЫ́ЧНІК,

кветкавая расліна, тое, што салодка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСМАН Эрык

(Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСНЕС (Laxness; сапр. Гудзьёўнсан; Guðjónsson) Хальдаўр Кільян

(23.4.1902, Рэйк’явік —8.2.1998),

ісландскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Дзіця прыроды» (1919). У 1919—24 падарожнічаў па Еўропе. Вынік яго духоўных пошукаў — раман «Каля Святой гары» (1924). Паступовы адыход ад рэлігійнасці ў філас. рамане «Вялікі ткач з Кашміра» (1927). У 1927—29 жыў у ЗША і Канадзе, пазней наведаў СССР.

Яго светапогляд эвалюцыяніраваў да сацыяліст. ідэй: раманы «Салка Валка» (т. 1—2, 1931—32), «Самастойныя людзі» (т. 1—2, 1934—35), кнігі эсэ і публіцыстыкі «Шлях на Усход» (1933) і «Руская казка» (1938). У рамане «Святло свету» (т. 1—4, 1937—40) пошукі гармоніі паміж рэалізмам і ідэалізмам. Аўтар раманаў: гіст. «Ісландскі звон» (т. 1—3, 1943—46), патрыят. і антываен. «Атамная база» (1948), «Герпла» (1952), «Летапіс хутара Брэкукат» (1957), п’есы «Срэбны месяц» (паст. 1954). З 1960-х г. у яго творах схільнасць да эксперым. форм, шырокае ўжыванне сімволікі, гратэску: раманы «Вернугы рай» (1960), «Хрысціянская апека пад ледавіком» (1968), «Вымольванне Божых дароў» (1972), аўтабіягр. трылогія («На лужку каля роднай хаты», 1975, «Я быў малады», 1976; «Гісторыя сямі мудрацоў», 1978), зб. навел «Буквар з сямі літар» (1964), драмы «Банкет са смажанымі галубамі» (1966) і інш. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклаў І.Пташнікаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Тв.:

Бел. пер. — Атамная база. Мн., 1991;

Рус. пер. — Салка Валка. 2 изд. Л., 1985;

Самостоятельные люди. Исландский колокол. М., 1977;

Свет мира. М., 1994.

Літ.:

Крымова Н., Погодин А. Халлдор Лакснесс. М., 1970.

Л.П.Баршчэўскі.

Х.Лакснес.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)