О́ТА (Otto) Нікалаўс Аўгуст [10.6.1832, г. Гольцгаўзен, Германія — 26.1.1891], нямецкі канструктар і прадпрымальнік. Скончыў рэальнае вучылішча (1848). Разам з інж. Э.Лангенам стварыў атм. рухавік унутр. згарання (1867). Пабудаваў 4-тактавы газавы рухавік (1876). Прапанаваў сістэму эл. запальвання (1884), што дало магчымасць выкарыстоўваць у рухавіках вадкае паліва. Рухавік О. атрымаў шырокае выкарыстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
дагаворы міжнародныя, якія заключаюцца паміж суседнімі дзяржавамі па пытаннях, што тычацца ўстанаўлення рэжыму дзярж. граніц, іх дэмаркацыі, водакарыстання на прыгранічных рэках і вадаёмах. Уключаюць пытанні буд-ва гідратэхн. збудаванняў, каналаў, барацьбы з ляснымі пажарамі, эпідэміямі і эпізаотыямі, правілы адносна парадку выезду і ўезду на пагранічныя тэрыторыі, мытнае супрацоўніцтва, прыгранічны гандаль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛАЖЭ́ННІ» 19 ЛЮ́ТАГА 1861,
сукупнасць заканад. актаў, што аформілі адмену прыгоннага права ў Рас. імперыі. Зацверджаны імператарам Аляксандрам II 3 сак. (19 лют. па старым стылі) 1861, апублікаваны 17.3—14.4.1861. Складаліся з «Агульнага палажэння аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці», 4 «Мясцовых палажэнняў», «Правіл» і «Дадатковых правіл». Гл.Сялянская рэформа 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІСПА́СТ (грэч. polyspaston ад polyspastos які нацягваецца многімі вяроўкамі),
грузападымальнае прыстасаванне з некалькіх рухомых і нерухомых блокаў, што агінаюцца канатам (тросам, вяроўкай). Дае значны выйгрыш у сіле. Выкарыстоўваецца як рабочы орган у грузападымальных машынах, а таксама самастойна на буд. і мантажных пляцоўках. Пры неабходнасці П. аб’ядноўваюць з лябёдкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭРАМАТО́РНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́ (ад лац. ponus вага, цяжар + motor які рухае),
механічнае ўздзеянне аптычнага выпрамянення (святла) на целы, часцінкі, асобныя атамы і малекулы. Выяўляецца ў тым, што святло надае целу імпульс пры апрамяненні (светлавы ціск) або пры выпрамяненні (светлавая аддача), а таксама момант імпульсу пры апрамяненні эліптычна палярызаваным святлом (гл.Садоўскага эфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКУ́СТ,
шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎША́Р’І ЗЯМНЫ́Я,
дзве палавіны сферычнай паверхні Зямлі, што падзяляюцца па прыкметах: па экватары — на Паўн. і Паўд. паўшар’і; па мерыдыянах 160°усх. д. і 20°зах. д. — на Зах. і Усх.; па плошчы, укрытай акіянамі і занятай сушай, — на Акіянічнае паўшар’е і Мацерыковае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́СГІ (грэч. Pelasgoi),
старажытнае насельніцтва Грэцыі, якое жыло на Балканскім п-ве, зах. ўзбярэжжы М. Азіі, а-вах Эгейскага м., у Фесаліі, Эпіры і на Крыце. Гамер называў П. саюзнікамі траянцаў. Паводле Герадота, яны насялялі Атыку, Халкідыку і Фракію. Гісторыкі лічаць, што П. былі індаеўрапейскага паходжання і адыгралі значную ролю ў этнічным ўтварэнні грэкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл.Воблакі, Воблачнасць.