НАВУ́МЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.2.1932, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі. Канд. геагр. н. (1974), праф. (1990). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Брэсцкім дзярж. ун-це (з 1966 прарэктар і з 1994 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі, прыродзе і гаспадарцы Беларусі, у т. л. Брэсцкай вобл.

Тв.:

Брест: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1977;

География Белоруссии Мн., 1984 (у сааўт.);

Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988 (разам з Р.​А.​Жмойдзякам).

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЖМІ́ (сапр. Нежметдзінаў) Каві Гібятавіч

(15.12.1901, в. Красны Востраў Сечанаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 24.3.1957),

татарскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу ў Маскве (1922). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Татарыі (1934—37). Друкаваўся з 1919. У ранніх апавяданнях, вершах і аповесці «Прыбярэжныя вогнішчы» (1929) адлюстраваны падзеі грамадз. вайны. Аповесці «Светлая сцежка» і «Першая вясна» (абедзве 1930) пра калектывізацыю, паэмы «Хаят апа» (1941) і «Фарыда» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар гіст.-рэв. рамана «Вясновыя вятры» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951).

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1957.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯНЧУ́К (Анатоль Пятровіч) (н. 25.7.1931, в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплатэхналогій. Д-р. тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1954). З 1955 у БПА. Навук. працы па кінетыцы тэрмапсеўдазвадкаваных слаёў, тэорыі і разліку прамысл. печаў машынабуд. і металургічнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Пламенные печи для нагрева и термообработки металла. Мн., 1973 (разам з М.​П.​Жмакіным, І.​І.​Кальтманам);

Промышленные теплотехнологии. [Ч. 1—5]. Мн., 1995—2000 (у сааўт);

Стальной слиток: В 3 т. Т. 1. Управление кристаллической структурой. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТАНЬЯ́ХУ (Беньямін) (дакладней Нетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРС ((North) Дадлі) (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),

англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́РМУ-ЛЁЎБЕРГ ((Nordmo-Lörberg) Озе) (н. 10.6.1923, г. Мольсельв, Нарвегія),

нарвежская спявачка (сапрана). Спевам вучылася ў Осла. З 1952 салістка Стакгольмскай каралеўскай оперы. З 1978 дырэктар опернага т-ра ў Осла. Спявала ў Венскай дзярж. оперы, т-ры «Метраполітэн-опера» і інш., з 1960-х г. пераважна ў краінах Скандынавіі. Валодала яркім, насычаным голасам прыгожага тэмбру. Найб. вядома як выканальніца партый у операх Р.​Вагнера і як інтэрпрэтатар песень Э.​Грыга і Я.​Сібеліуса. Сярод лепшых партый: Зіглінда, Эльза, («Валькірыя», «Лаэнгрын» Вагнера), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні).

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 30.6.1932, Масква),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1960). З 1957 гал. дырыжор аркестра Рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага, з 1960 — Ансамбля нар. танца СССР. З 1973 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Аркестра рус. нар. інструментаў. З 1985 адначасова выкладае ў Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1991 праф.). Першы выканаўца пералажэнняў для аркестра рус. нар. інструментаў многіх твораў муз. класікі, сучасных рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1991.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,

прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЦКІ (Леанід Захаравіч) (н., 9.9.1937, Мінск),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н., праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1977 у Бел. НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі). Навук. працы па інфарм. тэхналогіях для аператыўнай дыягностыкі на аснове персанальных камп’ютэраў, метадах бескампрэсійнай ацэнкі артэрыяльнага ціску, неінвазійным гемадынамічным маніторынгу, медыкаментознай тэрапіі хворых с кардыягенным шокам і гіпертанічным крызам. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Инструментальные методы исследования в кардиологии: Руководство. Мн., 1994 (у сааўт);

Инфаркт миокарда: Диагностика и лечение. Мн., 1999 (разам з У.​У.​Мірончыкам, І.​Л.​Паланецкім).

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСІЁН (франц. pension ад лац. pensio плацеж, узнос),

1) закрытая навуч.-выхаваўчая ўстанова, у якой выхаванцы знаходзяцца на поўным утрыманні.

П. ўзніклі ў 6—8 ст. у краінах Зах. Еўропы (Германія, Англія) пры духоўных і свецкіх прыдворных школах. У Расіі пашырыліся ў 18—19 ст., адкрываліся пераважна іншаземцамі як прыватныя школы. Ствараліся і дзярж. П. (Шляхетны П. пры Маск. ун-це; сіроцкія П.). У некат. зах. краінах ёсць і цяпер; звычайна належаць царкве або прыватным асобам.

Утрыманне жыльца з поўным абслугоўваннем.

3) Тое, што і пансіянат.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)