ДАРАПЕ́ЕВІЧЫ,
вёска ў Чарнянскім с/с Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 60 км ад Брэста, 439 ж., 175 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік ахвярам фашызму і помнік землякам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.).
т. 6, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЭ́Ц,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Брэст—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км ад горада і чыг. ст. Лунінец, 250 км ад Брэста. 1399 ж., 418 двароў (1997). Цэх па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 6, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПТО́Д [ад грэч. hepta сем + (электр)од],
электравакуумная прылада, якая мае 7 электродаў: катод, анод і 5 сетак (кіравальная, сігнальная, 2 экранавальныя, антыдынатронная). У рэжыме змяшэння прыняты сігнал падаецца на сігнальную сетку, а сігнал ад дапаможнага генератара (гетэрадзіна) — на кіравальную. У рэжыме пераўтварэння гептод спалучае функцыі змяшальніка і лямпы гетэрадзіна. Выкарыстоўваецца ў змяшальніках і пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ГРАФ (ад гігра... + ...граф),
прылада для бесперапыннага аўтам. запісу ваганняў адноснай вільготнасці паветра. Найб. пашыраны гігрограф на аснове валасянога гігрометра (яго адчувальным элементам служаць абястлушчаныя чалавечыя валасы або арган. плёнка). Паказчыкі вільготнасці запісваюцца на разлінаванай стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам. У залежнасці ад часу, за які абарачаецца барабан, гігрографы бываюць сутачныя і тыднёвыя.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабрыца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 132 км ад Гомеля. 622 ж., 216 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 6, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СПА,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рэчыца—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 46 км ад Гомеля. 1440 ж., 550 двароў (1997). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мураваная царква (1995). Курган Славы.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАСПАРЫ́Я (ад іза... + спора),
раўнаспоравасць, утварэнне ў раслін спор аднолькавага памеру. Характэрна для папарацей (акрамя водных — сальвініі, марсіліі, азолы), хвашчоў, дзеразовых (за выключэннем селагінелы). У залежнасці ад умоў жыўлення і асвятлення ў некат. хвашчоў з аднолькавых спор развіваюцца дробныя (мужчынскія) зарасткі з антэрыдыямі ці буйныя (жаночыя) з архегоніямі. Пры рэгуляванні ўмоў прарастання спор можна змяніць пол зарастка.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛІ́,
вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беліца, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, каля чыг. ст. Цялуша. 833 ж., 330 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана.
т. 7, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАКТУ́РА (ад лац. contractura сцягванне, звужэнне, сцісканне) у фізіялогіі, працяглае, устойлівае, часта неабарачальнае скарачэнне (змярцвенне) мышачнага валакна ці яго часткі. У адрозненне ад звычайнага скарачэння, якое распаўсюджваецца хвалепадобна па мышачным валакне, К. — скарачэнне, якое не распаўсюджваецца. Прычына — парушэнне працэсаў аднаўлення адэназінтрыфосфарнай кіслаты. У медыцыне К. — абмежаванне рухомасці сустава ў выніку пашкоджання скуры, сухажылля, мышцаў і інш.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. copulatio злучэнне),
палавы акт у жывёл, якія маюць капулятыўныя органы, а таксама злучэнне пры палавым размнажэнні 2 асобін, у якіх адсутнічаюць капулятыўныя органы (напр., гатэрыі, дажджавыя чэрві). Да К. адносяць працэс зліцця 2 палавых клетак (ці асобін), якія знешне не адрозніваюцца (ізагаметы). Калі мужчынская гамета рэзка адрозніваецца ад жаночай, то працэс іх зліцця наз. апладненнем.
т. 8, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)