КУБ (грэч. kybos) у матэматыцы, 1) правільны мнагаграннік, які мае 6 квадратных граней, 12 рэбраў, 8 вяршынь; у кожнай яго вяршыні сыходзяцца 3 узаемна перпендыкулярныя рабры. К. называюць таксама гексаэдрам.

2) К. ліку a — трэцяя ступень ліку a (a∙a∙a = a​3); назва звязана з такім жа выразам аб’ёму К. (як геам. фігуры) з рабром a.

Куб.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРЫ́Н, лактон o-оксікарычнай кіслаты,

бясколерныя крышталі з пахам толькі што скошанага сена. Знаходзіцца ў выглядзе глюказідаў у многіх раслінах: баркуне, зуброўцы і інш. Растваральны ў спірце і эфіры, дрэнна — у вадзе. У прам-сці К. атрымліваюць з саліцылавага альдэгіду і воцатнага ангідрыду. Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў вытв-сці тытунёвых вырабаў і парфумернай прам-сці.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́Я (Lakōnia), Лаканіка,

паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ НДІ, Дзяржаўнае прадпрыемства «Навукова-даследчы інстытут лічбавага тэлебачання». Засн. 31.3.1959 як спецыялізаванае канструктарскае бюро (СКБ) пры Мінскім радыёзаводзе. У 1991 на базе СКБ створаны Мінскі НДІ лічбавага тэлебачання вытворчага аб’яднання «Гарызонт». З 1995 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка тэлевізійнай тэхнікі, сістэм кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання, вырабаў аўдыятэхнікі, нестандартнай кантрольна-вымяральнай апаратуры і інш.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКІ́,

вадасховішча ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., каля в. Ляўкі. Створана ў 1986. Наліўное. Пл. 4,4 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 23,6 млн. м³. Напаўняецца вадой па канале з р. Пціч. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі, як месца адпачынку.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРО́СІЯ,

назва ўкраінскіх зямель у складзе Рас. імперыі, якая ўжывалася да 1917 у рас. афіц. актах і гістарыяграфіі. Тэрмін «М.» ўпершыню з’явіўся ў 14 ст. як адна з назваў Галіцка-Валынскай зямлі, у 17 ст. пасля далучэння да Расіі Левабярэжнай Украіны (1654—67) ён набыў ва ўрадавых колах афіц. значэнне (існавалі Маларасійская губ., Маларасійская калегія, Маларасійскі прыказ).

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦАНІ́Т (ад назвы гары Манцоні ў Італіі),

поўнакрышталічная інтрузіўная горная парода, якая складаецца з калінатравага палявога шпату, асн. плагіяклазу (андэзіт, лабрадор) і піраксену (аўгіт). Структура ад груба- да тонказярністай, трахітоідная. Колер шэры, ружова-шэры. Фіз. ўласцівасці падобныя да дыярыту. Утварае асобныя масівы, удзельнічае ў будове інтрузій складанага саставу. Выкарыстоўваецца ў дарожным буд-ве, як дэкар. камень.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА, маруха, мора, кікімара,

у славянскай міфалогіі злы дух, першапачаткова, як і слав. багіня Марэна, увасабленне смерці, мору. Пазней М. часткова страціла сувязь са смерцю, але захавала шкодны для чалавека характар. У беларусаў М. — назва нечысці і чучала (называюць таксама Купалай і Марэнай), якое ў ноч на Івана Купалу спальваюць на вогнішчы або топяць у вадзе (гл. Купалле).

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР’ІНАГО́РСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1876 як с.-г. школа. З 1921 с.-г. тэхнікум, з 1970 саўгас-тэхнікум, з 1998 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, ветэрынарыя, механізацыя, электрыфікацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі. Мае навуч.-вытв. гаспадарку, плодагадавальнік, аўтатрактарадром, спарт. комплекс. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, завочнае па спецыяльнасці аграномія.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)