першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЖА́ЦЬ,
зямельныя ўгоддзі, травяністую расліннасць якіх скошваюць на сена, сілас, сянаж, травяную муку, зялёную падкормку. Падзяляюцца на сеяныя (культурныя) і прыродныя. Прыродныя С. падзяляюцца на заліўныя (поймавыя), нізінныя (забалочаныя) і сухадольныя.
Поймавыя заняты ў асн. злакавым разнатраўем і асаковай расліннасцю; нізінныя даюць сена сярэдняй і нізкай якасці з-за перавагі ў травастоі раслін з сям. асаковых; для сухадольных С. характэрны разнатраўна-злакавая і разнатраўна-асакова-злакавая асацыяцыі, сена з іх сярэдняй і добрай якасці. Для паляпшэння прыродных С. найб. значэнне маюць сістэм. ўнясенне ўгнаенняў, барацьба з пустазеллем, своечасовае правядзенне ўкосаў, чаргаванне тэрмінаў скошвання па гадах (увядзенне сенажацезваротаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТАРЫЁЗЫ, белая плямістасць,
хваробы раслін, якія выклікаюцца патагеннымі грыбамі роду септорыя. Пашкоджваюць лісце, радзей сцёблы і плады з утварэннем белых плям (адсюль другая назва) з цёмным абадком. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. шкодзіць збожжавым культурам, памідорам, грушы, парэчкам, агрэсту, маліне.
Развіццю хваробы спрыяе вільготнае надвор’е і т-ра паветра 20—23 °C. На верхнім баку плям развіваюцца пікніды (з пікнаспорамі) грыба ў выглядзе чорных крапінак. Пры С. заўчасна ападае моцна пашкоджанае лісце, расліна аслабляецца, ураджай часам зніжаецца на 30—50%.
Септарыёзы: 1 — грушы; 2 — маліны; 3 — жыта; 4 — пшаніцы (пашкоджаныя: а — зярняўка; б — каласок; в — расліна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараўнерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЛЯ́РЫІ (Sigillariaceae, Sigillariales),
сямейства (або парадак) выкапнёвых дрэва- і дзеразападобных раслін. Трапляюцца ў адкладах кам.-вуг. і пермскага перыядаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Былі пашыраны ў тропіках, месцамі дамінавалі ў ландшафтах.
Выш 10—12 (да 30) м. Ствол прамы, калонападобны, неразгалінаваны або дыхатамічна разгалінаваны ўверсе. Ствол і галіны ўкрытыя правільна размешчанымі чаргаванымі лускападобнымі рубцамі ад апалага лісця. Драўніна слабаразвітая, кара магутная. Спараносныя шышкі буйныя, развіваліся на канцы ствала. Знізу ствол пераходзіў у галінастыя карані (стыгмарыі). Лісце вузкае. Ствалы С. адыгралі важную ролю ў працэсах утварэння каменнага вугалю. Па выкапнёвых рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЮ́ХА (Polemonium),
род кветкавых раслінсям. сінюхавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. і Паўд. Амерыкі, радзей у Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. блакітная (P.caenileum), нар. назвы гадзіннік, аструшка, рабінка. Трапляецца па берагах рэк, на вільготных лугах, у хмызняках. Інтрадукаваны С.: каўказская (P. caucasicum), мяса-чырвоная (P. carneum), паўзучая (P. reptans).
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, неразгалінаваныя. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані С. блакітнай маюць да 30% сапанінаў, смолы, арган. к-ты, эфірны алей. Лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́К (Echium),
род кветкавых раслінсям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫЖАВА́ННЕ,
аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),
род кветкавых раслінсям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),
навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфіюраслін.
Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.Склетэр, П.Палас, М.А.Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.
На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр.бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;