ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),
адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛЕЦ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка і чыг. ст. Пухавічы, 84 км ад Мінска. 409 ж., 148 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Нар. музей партыз. славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 5, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЭ́ЛІК»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але не менш за 11—13 чал.) дзеляцца на пары. Хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам». Пары перабягаюць ад дрэва да дрэва (ад аднаго драўлянага прадмета да другога). «Гарэлік» іх ловіць. Калі каго зловіць, забірае сабе ў пару, хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам», і гульня працягваецца.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т (ад гастра... + энтэрыт),
вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА, Дзярноўка,
рака ў Талачынскім і Аршанскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Адроў (бас Дняпра). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 99 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Воўкавічы Талачынскага р-на. Цячэ па Аршанскім узв. Рэчышча ад вытоку да в. Вязьмічы (7 км) і каля в. Смаляны Аршанскага р-на (2,2 км) каналізавана.
т. 6, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВІЧЫ,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Цна; чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад Лунінца, 250 км ад Брэста. 25 56 ж., 816 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1823).
т. 6, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БРА́ГІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПнЗ ад г. Лоеў, паміж вёскамі Рэкорд і Бушацін. Створана на р. Дняпро (1149 км ад вусця) у 1987. Пл. 9,68 км², даўж. 4,5 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 6,2 м, аб’ём вады 42,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
т. 6, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУГСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., за 27 км на ПдУ ад г. Кобрын. Створана ў 1986 на канале Арэхаўскі (бас. р. Мухавец), за 8 км ад вусця. Пл. 1,47 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9,2 м, аб’ём вады 7,1 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
т. 6, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЗУ́Ф,
прыморскі кліматычны курорт на Украіне. За 16 км ад г. Ялта, на паўд. беразе Крыма. Размешчаны ў даліне горнай ракі, ахаваны ад вятроў горным паўкальцом. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, працяглай і цёплай восенню і інш. ўмовамі, спрыяльнымі для прафілактыкі і лячэння органаў дыхання, расстройстваў нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэння абмену рэчываў. Санаторыі, турысцкія базы.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗО́Р,
у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.
т. 6, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)