перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с.Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНІ́ЗМ
(ад грэч. lakōnismos),
гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНІ́Я
(Lakōnia),
Лаканіка, паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНО́С
(Phytolacca),
род кветкавых раслін сям. лаканосавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Усх. Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана 6 відаў. Найб. вядомыя Л. амерыканскі (Ph. americana), які з 18 ст. культываваўся ў вінаробчых раёнах Еўропы (цёмна-чырв. сок ужываўся для падфарбоўкі віна, адсюль назва роду), і ягадны (Ph. acinosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны, зрэдку кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя, у гронкападобных суквеццях. Плод сакаўны, ягадападобны. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1925,
міжнародная канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі, якая адбылася 5—16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) у развіццё гарантыйных палажэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 і Даўэса плана. На канферэнцыі былі парафіраваны 9 дакументаў, у т.л. Рэйнскі гарантыйны пакт (гл.Дакарнскія дагаворы 1925). У сакрэтным парадку канферэнцыя мела і антысав. накіраванасць (спроба схіліць Германію да канфрантацыі з СССР). Садзейнічала ўзмацненню знешнепаліт. пазіцый Германіі, аслабленых пасля 1-й сусв. вайны.
Кр.: Локарнская конференция 1925 г.: Док. М., 1959.
Літ.:
Климовский Д.С. Германия и Польша в локарнской системе европейских отношений: Из истории зарождения второй мировой войны. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-КАРУ́НЬЯ
(La Coruña),
горад на Пн Іспаніі. Адм. ц.аўт.вобл. Галісія і прав. Ла-Карунья. 245 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-рыбалоўны порт на Атлантычным ак.Прам-сць: нафтаперапр., алюмініевая, маш.-буд. (у т.л. суднабудаванне), харч. (у асн. рыбаперапрацоўчая), тэкст., ваенная. Арх. помнікі 12—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ТАР
(ад лац. locare змяшчаць),
лакацыйная станцыя, прылада (станцыя) для вызначэння месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’екта (лакацыі) з дапамогай адбітых або выпрамененых ім гукавых ці эл.-магн. хваль. Ваен.Л. таксама вызначаюць параметры руху цэлей, распазнаюць, суправаджаюць, наводзяць ракеты і інш. лятальныя апараты. Бываюць радыёлакатары (гл.Радыёлакацыйная станцыя), Л. гукавыя, у т.л. гідралакатары, і аптычныя, у т.л. лазерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сцьсінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.
На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс.т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс.т алейных фарбаў, 3,9 тыс.т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.