ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ», Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г.наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял.Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ,
назва некалькіх бел. маладзёжных арг-цый, якія дзейнічалі незалежна адна ад адной у 1917—21. Ставілі сабе за мэту згуртаванне бел. моладзі вакол нац. ідэі, пашырэнне бел. культуры сярод нар. мас, стварэнне культ.-асв. гурткоў, бібліятэк і інш.Найб. вядомыя: Мінская беларуская вучнёўская грамада (1917—20), Грамада беларускай моладзі ў Гродне (1919—21), Грамада беларускай моладзі ў Вільні (1919—20). У час польск. акупацыі большасць з арг-цый знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў і была ў апазіцыі да акупац. улад. Вясной 1920 па ініцыятыве БПС-Р планавалася стварыць адзіную Грамаду беларускай моладзі, быў складзены праект статута новай арг-цыі, але гэтаму перашкодзіла актывізацыя сав.-польскай вайны 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),
від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш. часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).
Грэнадзёр пешай гвардыі Вялікага княства Літоўскага. 1792.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст.Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назваарх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПЯ́ТЫ (Tarsius),
адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (T. syrichta), Д. заходні, або банканскі (T. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (T. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.
Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАРНАНО́ГІЯ (Diplopoda),
клас мнаганожак. 13 атр., у т. л.кіўсякі (3 атр.). Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Наземныя жывёлы, жывуць у месцах з павышанай вільготнасцю: лясным подсціле, глебе, пад камянямі або бярвёнамі і інш. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі атр.касцянак і гроначнікаў. У Белавежскай пушчы 15 відаў, з якіх дамінуюць странгілазома чорная (Strongylosoma pallipcs) і гламеры конекса (Glomeris connexa).
Цела выцягнутае, цыліндрычнае, падзелена на галаву і сегментаванае тулава, большасць членікаў якога мае 2 пары ног (адсюль назва). У большасці 1—2 ядавітыя залозкі. Развіццё з анамарфозам. Кормяцца гніючымі расліннымі рэшткамі. Удзельнічаюць у глебаўтварэнні, спрыяюць гуміфікацыі і мінералізацыі адмерлых ч. раслін. Некат. пашкоджваюць карэнні с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПЯЛЁСНІК (Circaea),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭЙМС, Джэмс (James),
назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл.бас. 25,1 тыс.км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.
2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл.бас. 57,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар.назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.