ПЕРАПІСНЫ́Я КНІ́ГІ,

1) зводныя дакументы пра колькасць насельніцтва Рас. дзяржавы ў сярэдзіне 17—1-й пал. 18 ст. З’явіліся ў сувязі з заменай пасошнага падаткаабкладання падворным. У сярэдзіне 17 — пач. 18 ст. падворныя П.к. складаліся пры правядзенні як усеагульных перапісаў цяглага (абкладзенага падаткамі) насельніцтва (1646—48, 1676—78, 1710 і 1716), так і перапісаў насельніцтва асобных раёнаў або катэгорый. П.к. 1720-х і 1740-х г. адлюстроўвалі вынікі падушнага перапісу (гл. Падушны падатак).

2) У канцы 16 — пач. 17 ст. назва «апісных кніг» (апісанні гарадоў, сёл, манастыроў) і «глядзенных кніг» (звесткі пра месцазнаходжанне населеных пунктаў, адлегласці і дарогі паміж імі) Рас. дзяржавы.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕ́Й (грэч. Perseus; каля 213—166 да н.э.),

апошні цар Македоніі [179—168 да н.э.]. Імкнуўся аднавіць гегемонію Македоніі, якая была падарвана войнамі яго бацькі Філіпа V з Рымам (1-я Македонская вайна 215—205 да н.э.; 2-я — 200—197 да н.э.). Арганізаваў і ўзначаліў антырым. кааліцыю, заключыў саюз з плямёнамі ілірыйцаў, фракійцаў, дзяржавай Селеўкідаў, Родасам і інш. а-вамі Грэцыі; усюды падтрымліваў варожыя Рыму дэмакр. групоўкі. У час 3-й Македонскай вайны (171—168 да н.э.) напачатку атрымаў некалькі перамог, але ў бітве каля Підны (168 да н.э.) быў разбіты, трапіў у палон, адпраўлены ў Рым, дзе і загінуў.

Сузор’е Персей.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,

адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл. Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.

Літ.:

Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;

Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я.

Адкрыта ў 1981 у г. Полацк Віцебскай вобл. як філіял Нац. Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчалася ў Богаяўленскім саборы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У фондах галерэі налічвалася каля 2 тыс. твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва: калекцыі абразоў 1-й пал. 18 — пач. 20 ст., творы бел. мастакоў І.​Басава, Г.​Буралкіна, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Л. і В. Варэцы, Г.​Гаравой, В.​Грамыкі, Я.​Зайцава, С.​Катковай, А.​Кашкурэвіча, А.​Кузняцова, З.​Літвінавай, А.​Малішэўскага, А.​Марачкіна, Г.​Паплаўскага, Л.​Рана, М.​Савіцкага, У.​Стальмашонка, В.​Цвіркі, А.​Шатэрніка, Г.​Шутава, Н.​Шчаснай і інш., мастакоў Полаччыны. У 1991 дзейнасць П.к.г. прыпынена.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГА́НАЎ Віктар Паўлавіч (9.2.1901, г. Астрахань, Расія — 24.6.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У пач. Вял. Айч. вайны камандзір 22-й танк. дывізіі, якая з 22.6.1941 вяла абарончыя баі на рубяжы Зах. Буга на Пд ад Брэста, 23 чэрв. ў час контрудару сав. войск з раёна г. Жабінка разграміла мотакалону ням. войск, разам з часцямі 28-га стралк. корпуса на ПнЗ ад г. Кобрын змагалася супраць 2 танк., 1 матарызаванай і некалькіх пях. дывізій ворага. Загінуў у баі.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,

руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л. мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.

Літ.:

Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЯ́ТАЯ КАЛО́НА»,

назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.​Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.

А.Ф.Пятаковіч.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ Рыгор Рыгоравіч (н. 4.5.1947, в. Залубнішча Магілёўскага р-на),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і нейрафізіялогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1993 у 5-й гар. клінічнай бальніцы Мінска (заг. лабараторыі). Навук. працы па ролі эндагенных біял.-актыўных рэчываў у патагенезе развіцця нейрадыстрафічных з’яў у арганізме пры траўматычных парушэннях нерв. сістэмы.

Тв.:

К механизму развития трофических нарушений в денервированных тканях при травматических поражениях нервных стволов // Периферическая нервная система. Мн., 1988. Вып. 11;

Нейропептид-зависимые механизмы нарушения болевой афферентации при травматических поражениях нервных стволов // Там жа. 1993. Вып. 16.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКІ БАНК,

самы буйны акцыянерны камерц. банк у Рас. імперыі. Засн. ў 1910 на базе Руска-кіт. і Рус. паўн. банкаў пры ўдзеле франц. манаполій. Спецыялізаваўся на крэдытаванні буйных прадпрыемстваў ваен., нафтавай, тытунёвай прам-сці, трансп. машынабудавання, залатых прыіскаў і інш. Да 1914 баланс банка складаў 675 млн. руб. (15% усяго балансу рас. акцыянерных камерц. банкаў). У 1917 меў 116 філіялаў, у т. л. за мяжой (у Кітаі, Манголіі, Індыі і інш.). На Беларусі аддзяленне Р.-А.б. дзейнічала да 1-й сусв. вайны (баланс 13,1 млн. руб.; 1914). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 банк нацыяналізаваны і ўвайшоў у склад адзінага Нар. банка Сав. рэспублікі.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)