ЗАРА́ДАВАЕ СПАЛУЧЭ́ННЕ аперацыя замены ўсіх элементарных часціц, што ўдзельнічаюць у якім-н. узаемадзеянні, на адпаведныя ім антычасціцы. Доследным шляхам устаноўлена, што гравітацыйныя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні пры З.с. не мяняюцца. Для кожнага працэсу, які адбываецца з пэўнымі часціцамі, існуе такі ж працэс для іх антычасціц. Наяўнасць сіметрыі адносна З.с. ў гэтых узаемадзеяннях прывяло да ўвядзення зарадавай цотнасці. Пры слабых узаемадзеяннях сіметрыя адносна З.с. адсутнічае, што вынікае з незахавання пры гэтым прасторавай цотнасці. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРАБНЯ́ЛЬНІК КАРМО́Ў,
машына для здрабнення кармоў перад скормліваннем с.-г. жывёле. Ёсць здрабняльнікі грубых кармоў (саломы, сцёблаў кукурузы і да т.п.), караняплодаў, бульбы, зялёнай масы, сіласу і інш. Здрабненне робіцца рэжучымі дыскамі, барабанамі з нажамі, малатковымі ротарамі і інш.Для здрабнення кармоў выкарыстоўваюць таксама драбілкі (зерня, саломы, сена, кукурузы ў пачатках), саломасіласарэзкі, каранярэзкі, цёркі і інш. машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ГМАНДЗІ, Жыгмандзі (Zsigmondy) Рыхард Адольф (1.4.1865, Вена — 23.9.1929), аўстрыйскі фізікахімік. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1887) і Мюнхенскі ун-т (1889). З 1903 у Гётынгенскім ун-це (праф. з 1908). Навук. працы па калоіднай хіміі. Прапанаваў класіфікацыю калоідных часцінак, устанавіў мікрагетэрагенную прыроду калоідных раствораў і даследаваў іх уласцівасці. Сканструяваў шчылінны аптычны (для назірання броўнаўскага руху часцінак калоідных раствораў, 1903) і імерсійны (1913) ультрамікраскопы. Вынайшаў мембранны (1918) і звыштонкі (1922) фільтры для ультрафільтрацыі калоідных раствораў. Нобелеўская прэмія 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,
штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э.для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл.Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ ПРАВО́ДНАСЦЬу біялагічных сістэмах,
працэс абумоўлены ў асн.дыфузіяй іонаў; мае важнае значэнне ў транспарце рэчываў паміж асобнымі клетачнымі структурамі, у генерыраванні і правядзенні біял. імпульсаў і стварэнні рознасці патэнцыялаў паміж асобнымі арганеламі клеткі, яе знешнім і ўнутр. асяроддзем. Сумарную І.п. (у асн.для калію К+, натрыю Na+, хлору Cl−) ацэньваюць па формуле, што ўлічвае іонныя градыенты, каэфіцыенты пранікальнасці іонаў і мембранную рознасць патэнцыялаў. У тэорыі генерыравання біяэлектрычных патэнцыялаўдля патокаў асобных іонаў карыстаюцца паняццем парцыяльнай І.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́ЧНЫ БАНК,
камерцыйная ўстанова, якая выдае грашовыя пазыкі (крэдыты) пад залог нерухомасці або для набыцця нерухомасці, а таксама выпускае закладныя лісты, якія забяспечваюцца закладзенай нерухомасцю. Ствараецца для пакрыцця буйных капітальных затрат (напр., пабудова ірыгацыйных сістэм) або фінансавання кароткатэрміновых пазык (напр., на набыццё насення, пазыка пагашаецца пры рэалізацыі ўраджаю). І.б. мае права выдаваць крэдыты пад залог адной і той жа маёмасці двойчы, г.зн. пад закладныя — даўгавыя абавязацельствы аб залогу нерухомасці, якія выдаюцца банкам пазычальніку. Гл. таксама Іпатэка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́ШНІКу архітэктуры,
паўкруглая ці кілепадобная несапраўдная закамара, якая мае толькі дэкар. значэнне. Найб. характэрны длярус. культавага дойлідства 16—17 ст. Іх размяшчалі ярусамі каля асновы шатроў і барабанаў купалоў культавых будынкаў. На Беларусі ўпершыню выкарыстаны ў 12 ст. ў Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве. Быў пашыраны ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры псеўдарускага стылю. Імітацыі К. выкарыстоўвалі таксама ў грамадз. архітэктуры для аздаблення фасадаў, завяршэння аконных праёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛЯТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ, савакупляльныя органы жывёл. У самцоў служаць для ўвядзення спермы ў цела самкі, у самак — для прыняцця К.о. самца і захоўвання спермы некат. час у жыццядзейным стане. Бываюць толькі ў жывёл з унутраным апладненнем: у многіх чарвей, малюскаў, членістаногіх, некат. рыб, птушак, бязногіх земнаводных і ўсіх паўзуноў (акрамя гатэрый) і млекакормячых. Адрозніваюць сапраўдныя К.о. (утвораны з канечных аддзелаў палавых праток) і не звязаныя анатамічна з палавой сістэмай (іх капулятыўная функцыя пабочная). Марфал. асаблівасці К.о. з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЭГА́РДА (ад франц. cois de garde каравульнае памяшканне),
збудаванні ў гарадах і замках 16—18 ст.для размяшчэння варты. Будавалі з цэглы, каменю, дрэва, у тэхніцы «прускага муру». Аб’ядноўвалі К. з брамамі, астрогамі, мытняй. Часам існавала як асобнае памяшканне. Унутры былі жылыя памяшканні для салдат, у вял. К. — афіцэрскі пакой. На Беларусі вядомы К. ў гарадах Нясвіж, Пінск, Слуцк, Чачэрск, Давыд-Гарадок, Копысь (Аршанскі р-н), г.п. Мір (Карэліцкі р-н) і інш.