ПЕТРЫНЕ́НКА Дзіяна Ігнацьеўна (н. 8.11.1930, с. Белавусаўка Драбаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1975). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1955). З 1955 салістка капэлы «Думка», у 1962—87 — Кіеўскай філармоніі. З 1961 выкладае ва Укр. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). У рэпертуары творы ўкр. кампазітараў, укр. і рус. нар. песні, арыі з опер. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1972.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЦЭ́НЫ, піцэнты (лац. piceni),

старажытнае італійскае племя, якое па мове адносілася да оска-умбраў. Жылі ва ўсх. частцы Італіі (вобл. Піцэн). Лічаць, што П. перасяліліся ў Італію ў пач. жал. веку. Змяшаўшыся са стараж. насельніцтвам Піцэна, стварылі своеасаблівую культуру Навілара (9—7 ст. да н.э.).

У 269—268 да н.э. заваяваны рымлянамі; нязначную частку П., якія жылі на Пд Кампаніі, рымляне адцяснілі ў Луканію да Пестума.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА́ВДЫ» БЕ́РАГ,

узбярэжжа Зямлі Вільгельма 11 і Зямлі Каралевы Мэры ва Усх. Антарктыдзе, паміж 88° і 100° усх. д. Абмываецца морам Дэйвіса. Край мацерыковага ледавіковага покрыва, які пераходзіць у Зах. шэльфавы ледавік на З і шэльфавы ледавік Шэлктана на У. Стромка ўзвышаецца на Пд і за 100 км ад берага дасягае выш. больш за 1500 м. Тоўшча ледавіка 1000 м. Названы ў гонар расійскай газ. «Правда».

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІДЗЕ́ННЯ БУ́ХТА,

фіёрд у Анадырскім зал. Берынгава м., каля паўд.-ўсх. берага Чукоцкага п-ва, у Расіі. Даўж. каля 50 км, шыр. на ўваходзе каля 9 км, глыб. да 50 м. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Зімой замярзае. На ўзбярэжжы — порт Правідзення. Адкрыта экспедыцыяй В.Берынга ў 1728. Названа ў 1848 англ. капітанам Мурам у азнаменаванне «шчаслівага правідзення», якое дазволіла яго караблю правесці зімоўку ў бухце.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён узнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),

род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.

Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.

Пралеснік шматгадовы.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎШЧЫНА,

вёска ва Узрэцкім с/с Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе Пятроўскага воз., на аўтадарозе Глыбокае—Шаркаўшчына. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Глыбокае, 215 км ад Віцебска. 247 ж., 104 двары (2001). Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Культ.-рэліг. цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКК МАСТАКО́Ў (РАПМ),

аб’яднанне сав. мастакоў у Маскве ў 1931—32. Створана мастакамі, якія выйшлі з Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі, Аб’яднання моладзі гэтай асацыяцыі і Т-ва мастакоў-самавукаў. Чл. РАПМ былі Т.​Гапоненка, Ф.​Конаў, Я.​Цырэльсон і інш. Падзялялі мастакоў на «буржуазных» і «пралетарскіх», выступалі за «чысціню пралетарскага мастацтва», схіляліся да адміністравання ў мастацтве. Асацыяцыя выдавала час. «За пролетарское искусство» (1931—32).

т. 13, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)