АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,
абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.
т. 1, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЛІ́Я (ад а... + грэч. bulē воля),
паталагічнае парушэнне псіхічнай рэгуляцыі дзеянняў, слабаволле, нерашучасць. Выяўляецца ў адсутнасці імкнення да дзейнасці, у няздольнасці прыняць рашэнне і ажыццявіць дзеянне, хоць неабходнасць яго ўсведамляецца. Назіраецца пры меланхоліі, іпахондрыі, неўрастэніі, можа быць выклікана таксама барацьбой уяўленняў і пачуццяў, перакананнем у марнасці ўсякага дзеяння. Абулію трэба адрозніваць ад слабаволля як рысы характару (гл. Воля).
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАКА́РП (ад аск + грэч. karpos плод),
пладовае цела грыбоў падкласа сапраўдных сумчатых грыбоў (эўаскаміцэтаў). Аснову аскакарпа складаюць шчыльна сплеценыя вегетатыўныя гаплоідныя гіфы міцэлію, сярод якіх з зіготы аскагенных гіфаў утвараюцца сумкі з аскаспорамі. У залежнасці ад формы і будовы аскакарпа вылучаюць клейстатэцыі, перытэцыі і апатэцыі. Паводле тыпу аскакарпа і сумак вылучаюць групы парадкаў: плектаміцэты, пірэнаміцэты і дыскаміцэты.
т. 2, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РХТЭСГАДЭН (Berchtesgaden),
горнакліматычны курорт у Германіі паблізу граніцы з Аўстрыяй (на. Пд ад г. Зальцбург). Размешчаны ў міжгорнай катлавіне Усх. Альпаў. Як курорт і цэнтр турызму развіваецца з 19 ст. Мяккая зіма і цёплае лета, ахаванасць ад вятроў, насычанае азонам чыстае паветра ствараюць умовы, спрыяльныя для лячэння неспецыфічных хвароб органаў дыхання, малакроўя, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Цэнтр зімовага спорту.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАРО́ЗІЯ (ад бія... + карозія),
працэс пашкоджання (парушэння) металаў у выніку жыццядзейнасці жывых арганізмаў (пераважна анаэробных бактэрый; гл. Анаэробныя арганізмы). Бывае на вода- і нафтаправодах, падводных частках гідратэхн. збудаванняў, днішчах караблёў і інш. Найб. агрэсіўныя для металаў аблігатныя сульфатрэдукавальныя бактэрыі (Desuflobrio desulfuricans, D. rubentschitckii, D. aestuarii). Для аховы ад біякарозіі выкарыстоўваюцца кантактныя і лятучыя фунгіцыды. Гл. таксама Біяпашкоджанне і Біядэградацыя.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОМ,
гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́ВЫ» ў геамарфалогіі,
формы рэльефу ў выглядзе вузкіх, пакатых, лінейна выцягнутых узвышэнняў рознага паходжання (эолавага, алювіяльнага, ледавіковага, водна-эразійнага, дэфляцыйнага і інш.). Часам утвараюць грывасты рэльеф. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў, выш. ад некалькіх да 100—160 м. У поймах рэк узнікаюць у выніку міграцыі рэчышча. «Грывамі» таксама называюць граду, парослую лесам.
т. 5, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на У ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 136 км ад Гомеля. 680 ж., 292 двары (1996). Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі археал. помнік Гадзілавічы.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛАТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. dilato пашыраю + ...метрыя),
раздзел фізікі і вымяральнай тэхнікі, які вывучае залежнасць змен памераў цела ад уздзеяння знешніх умоў: т-ры, ціску, эл. і магн. палёў і інш. Прылады для мэт Д. наз. дылатометрамі; выкарыстоўваюць таксама метады рэнтгенаўскага структурнага аналізу для выяўлення змен параметраў крышталічнай рашоткі ўзору. Метады Д. выкарыстоўваюць у фізіцы, матэрыялазнаўстве і інш.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),
асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)