КО́ННЫ ЗАВО́Д,

гаспадарка, якая займаецца ўзнаўленнем і гадоўляй высакакласных коней на племя. Забяспечвае жарабцамі-вытворнікамі племянныя конегадоўчыя фермы с.-г. прадпрыемстваў. Мае спецыялізаваныя збудаванні: стайні, манежы, вет. лазарэт з ізалятарам, лабараторыю для штучнага асемянення, склады фуражу, конскага інвентару і інш. На Беларусі племянная і селекцыйная работа па конегадоўлі вядзецца на 6 К.з. Найбуйнейшыя з іх — Гомельскі, Мсціслаўскі, Мінскі імя Даватара, «Зарэчча» (г. Жодзіна Мінскай вобл.). Асн. метад — чыстапароднае развядзенне па лініях. Гадуюць беларускіх запражных коней, рускую цяжкавозную пароду, рускую рысістую пароду, тракененскую пароду і інш.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПНІКАЎ Аляксандр Маркавіч (21.5.1892, в. Залессе Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.3.1976),

генерал-лейтэнант (1958). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У арміі з 1913, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну на Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Закаўказскім, Цэнтр., 1-м і 2-м Бел., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нам. камандуючага арміяй, пам. камандуючага войскамі фронту, нам. нач. тылу франтоў. Удзельнік Чарнігаўска-Прыпяцкай, Гомельска-Рэчыцкай, Львоўска-Сандамірскай, Мараўска-Астраўскай і Пражскай аперацый. Да 1958 нач. тылу ваен. акруг.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЕЛІК (Kubelík) Ян (5.7.1880, Міхле каля Прагі — 5.12.1940),

чэшскі скрыпач, кампазітар. Чл. Чэш. Акадэміі навук і мастацтваў (1932). Ігры на скрыпцы вучыўся ў бацькі І.​М.​Кубеліка, К.М.Вебера і інш. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1898). Музыкант-віртуоз, адзін з лепшых выканаўцаў найб. складаных твораў Н.​Паганіні. Увёў у выканальніцкую практыку больш павольны тэмп ігры тэхн. пасажаў. Аўтар сімфоніі (1937), 6 канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (1916—24), скрыпічных п’ес, віртуозных канцэртных кадэнцый і інш. У 1947 і 1949 прайшлі Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя К. (у рамках муз. фестывалю «Пражская вясна»).

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУГА́Ч Юрый Пятровіч (н. 21.3.1917, г. Суздаль, Расія),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1965). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1942; вучыўся ў С.В.Герасімава і І.Э.Грабара), у 1948—51 выкладаў у ім. У ранні перыяд творчасці пісаў партрэты (цыкл «Знакамітыя людзі Масквы», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), творы гіст. тэматыкі. Пазнейшыя вызначаюцца паэтызацыяй традыц. рыс рус. нар. побыту: «Перад танцамі» (1961), «Сенакос у лесе» (1967), «Развітанне» (1969), «За Айчыну» (1980). Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Я.​Рэпіна 1969.

Ю.Кугач. Перад танцамі. 1961.

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Мікалай Дзмітрыевіч (23.6.1911, г. Акцюбінск, Казахстан — 1995),

расійскі вучоны і канструктар у галіне рэактыўных авіяц. рухавікоў. Акад. Рас. АН (1974, чл.-кар. з 1968). Генерал-лейтэнант-інжынер (1968). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1981). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1938). З 1943 нам. Гал. канструктара, з 1946 гал. канструктар, з 1956 ген. канструктар. Пад кіраўніцтвам К. створаны рэактыўныя рухавікі для самалётаў Ан-22, Ту-114, Ту-144, Ту-154, Іл-62, Іл-86 і інш. Ленінская прэмія 1956, Дзярж. прэмія СССР 1965.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́Ш Сава Якаўлевіч (н. 17.10.1936, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1959) і Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1968). З 1959 на кінастудыі «Масфільм». Аўтар сцэнарыя і рэжысёр (з Х.​Стойчавым) дакумент. фільма «Апошнія лісты» (1966). Паставіў фільмы: «Мёртвы сезон» (1968), «Камітэт 19-ці» (1972), «Узлёт» (1979), «Першыя старты» (1980; дакумент.), «Казкі... казкі... казкі... старога Арбата» (па п’есе А.​Арбузава, 1982), «Трагедыя ў стылі рок» (1989), «Жалезная заслона» (1994) і інш. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Кракаве і Лейпцыгу (1967), Маскве (1979), Усесаюзнага кінафестывалю (1970).

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН (Kuhn) Рыхард Іаган (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),

нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім. аддз. Ін-та біяхіміі імя М.​Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.​Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну B2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін B6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН Павел Аляксеевіч (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЕ́НКА Вольга Якаўлеўна (н. 11.11.1919, г. Канеў Чаркаскай вобл., Украіна),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. мастацтва (1941). Працавала ва Укр. драм. т-ры імя І.​Франко ў Кіеве. Сярод роляў: Катра («Не суджана» М.​Старыцкага), Алёна («Міраед, ці Павук» М.​Крапіўніцкага), Ганна («Украдзенае шчасце» І.​Франко), Андрамаха («Касандра»Лесі Украінкі), Вольга, Васіліна («Макар Дубрава», «Калінавы гай» А.​Карнейчука), Меланка («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Вара («Вішнёвы сад» А.​П.​Чэхава), Эўрыдыка («Антыгона» Сафокла), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДО́ Юрый Канстанцінавіч (н. 14.4.1918, г. Уфа, Башкортастан),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1940). У 1951—92 у Мінскім пед. ін-це імя М.​Горкага. Навук. працы па даследаванні краявых задач для лінейных інтэградыферэнцыяльных ураўненняў з адвольным лікам краявых умоў. Устанавіў прынцып спалучанай адпаведнасці і паказаў яго дастасаванні да праблем кіравання рухам.

Тв.:

Элементы математической теории управления движением. М., 1984;

0 сужениях оператора условиями ортогональности к его графику // Дифференц. уравнения. 1991. Т. 27, № 4.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)