АВЕ́РЧАНКА (Аркадзь Цімафеевіч) (27.3.1881, г. Севастопаль — 12.3.1925),

рус. пісьменнік. З 1908 супрацоўнік, пазней рэдактар час. «Сатирикон», з 1913 рэдактар «Нового сатирикона». Аўтар зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Вясёлыя вустрыцы» (1910), «Кругі па вадзе» (1912), «Пра добрых па сутнасці людзей» (1914), «Цуды ў рэшаце» (1915), «Пра маленькіх — для вялікіх» (1916), аповесці «Падходцаў і двое іншых» (1917), п’ес-мініяцюр, у якіх высмейваў заганы абывацеляў. Пасля 1917 у эміграцыі, дзе выдаў кн. апавяданняў «Тузін нажоў у спіну рэвалюцыі» (1921), раман «Жарт мецэната» (1925).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Спб., 1911—14;

Юмористические рассказы. М., 1964.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ ((Ossietzky) Карл фон) (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,

спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач. ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Танка.

Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.​Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

Будынак Беларускага педагагічнага універсітэта.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1975 як Мінскі ін-т культуры, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: бібліятэчна-інфарм. сістэм, культуралогіі, маст. творчасці, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1990. З 1995 працуюць 2 саветы па абароне доктарскіх і канд. дысертацый. У складзе ун-та лінгва-гуманітарны каледж. Мае лабараторыі бел. танц. творчасці, нар. рамёстваў, псіхадыягностыкі і рэабілітацыі асобы сродкамі мастацтва, па аднаўленні і вырабе нар. інструментаў («Беларуская хатка»), размнажальнай тэхнікі; філіял ун-та ў Мазыры. Адзін з заснавальнікаў час. «Тэатральная творчасць».

Галоўны корпус Беларускага універсітэта культуры.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ХАЎРУ́С у Францыі,

культурна-асветная арг-цыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1930 у Парыжы. Арганізоўваў лекцыі па эканоміцы, земляробстве, гісторыі Беларусі, знаёміў з бел. культурай і мастацтвам. Пры парыжскім аддзяленні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных галінах эканомікі, вывучэнні франц. мовы, працавала бібліятэка-чытальня. У 1937 засн. 3 філіі (Біянкур, Па-дэ-Кале, Каньяк). Выдаваў «Бюлетэнь...» (з 1937) і газ. «Рэха» (з 1938). У час 2-й сусв. вайны спыніў дзейнасць, аднавіў у 1947. Падтрымлівае сувязі з інш. бел. суполкамі ў эміграцыі, садзейнічае пашырэнню інфармацыі пра Беларусь у свеце.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.

Падпісаны гетманам Украіны Б.​Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.​Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс. чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЧ ((Beluħ) Аляксандр) (14.8.1879, Бялград — 26.2.1960),

сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,

назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН БЕ́ЛА (Ахмед) (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)