ТАКСІКАМА́НІЯ (ад грэч. toxikon яд + манія),

цяга да пастаяннага прыёму таксічных рэчываў. Да Т. адносіцца алкагалізм, паталаг. станы, выкліканыя ўдыханнем лятучых таксічных рэчываў (напр., сінт. кляёў, фарбаў і інш.). Суправаджаецца развіццём хранічнай інтаксікацыі. Выклікае кароткачасовую эйфарыю, прыводзіць да псіхічных і саматычных парушэнняў (расстройствы дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак і інш.), сац. дэградацыі асобы.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫФІКА́ЦЫЯ,

вызначэнне тарыфу на аснове класіфікацыі аб’ектаў абкладання ці аплаты (напр., Т. заработнай платы); вызначэнне (прысваенне) тарыфных разрадаў., Ажыццяўляецца на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Адрозніваюць Т. работ — аднясенне розных па складанасці работ да пэўнага разраду тарыфнай сеткі і Т. рабочых — прысваенне ім адпаведных тарыфных разрадаў у залежнасці ад кваліфікацыі і прафесіі (спецыяльнасці).

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАСТА́Т (ад тэрма... + грэч. statos нерухомы),

прылада для падтрымання пастаяннай т-ры ў абмежаваным аб’ёме; метал., шкляная ці інш. пасудзіна, цеплаізаляваная ад навакольнага асяроддзя. Для забеспячэння пастаяннай т-ры выкарыстоўваюць стабільнасць т-р фазавых пераходаў, напр., тэмпературы маўлення, тэмпературы кіпення чыстых рэчываў і раўнаважных сумесей, ці спец. прыстасаванні — тэрмарэгулятары. Т. для нізкіх тэмператур наз. крыястатамі.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШЧЫ́ЛЬНЕНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

вырошчванне ў міжраддзях адной с.-г. культуры інш. культуры (ушчыльняльнай). Дазваляе больш прадукцыйна выкарыстоўваць пасяўную плошчу і павышаць ураджайнасць. Найб. пашыраны ў агародніцтве, напр., вырошчванне цвятной капусты ў міжраддзях памідораў позніх сартоў, агуркоў — у міжраддзях позняй капусты ці морквы; у ахоўным грунце — вырошчванне пекінскай капусты, салаты, зялёнай цыбулі і інш. у міжраддзях агуркоў.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УЯ́ЎНАЯ СМЕРЦЬ»,

з’ява здранцвення птушанят некат. палярных птушак пры адсутнасці корму ці ахаладжэнні; прыстасавальная рэакцыя арганізма. Калі дарослыя птушкі, напр., кайры, адлятаюць за кормам, птушаняты часова дранцвеюць. Але як толькі бацькі накормяць іх, яны ажываюць (аднаўляецца нармальны абмен рэчываў і т-ра цела). Такое прыстасаванне дазваляе птушанятам палярных птушак пераносіць голад і холад.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́КТАР (ням. Faktor ад лац. factor які робіць, стварае што-н.),

1) прычына, рухальная сіла якога-н. працэсу, што вызначае яго характар або асобныя рысы (напр., фактар неспакою, фактар часу).

2) Рэдка ўжывальны тэрмін у матэматыцы, які абазначае кожны з сумножнікаў.

3) Паняцці «Ф.» у значэнні пасрэднік, камісіянер, таксама кіраўнік тэхн. ч. друкарні ўстарэлі.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛІ́КУЛЫ (ад лац. folliculus мяшочак),

мнагаслойныя полыя ўтварэнні ў розных органах пазваночных жывёл і чалавека. Выконваюць шмат функцый: напр., у Ф. валасоў адкрываюцца вывадныя пратокі сальных залоз (запаленне Ф. валасоў — фалікуліт), у Ф. яечніка млекакормячых жывёл і чалавека развіваюцца яйцаклеткі. Вял. колькасць лімфатычных Ф. знаходзіцца ў слізістай абалонцы стрававальнага тракту, дыхальных і мачавых шляхоў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАТА́КСІС (ад грэч. pharos маяк + taxis размяшчэнне),

здольнасць жывёл выбіраць найб. кароткі шлях руху паміж 2 пунктамі ў прасторы. З’яўляецца інстынктыўнай формай паводзін асобін ці папуляцыі, якая дазваляе эканоміць кінетычную энергію, зменшыць небяспеку нападу драпежнікаў і інш. Ф. сустракаецца пераважна ў жывёл, якія не маюць сродкаў абароны (напр., у хатніх прусакоў, мышэй і інш.).

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАТЫЯЗІ́Н, дыбензатыязін,

адно з гетэрацыклічных злучэнняў. Жоўтыя крышталі, мал. м. 199,3, tпл 182 °C, добра раствараецца ў гарачым этылавым спірце, дрэнна — у эфіры, ліграіне. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Атрымліваюць Ф. цыклізацыяй дыфеніламіну з хларыдамі серы. Вытворныя Ф. — лек. сродкі (напр., аміназін), інгібітары полімерызацыі. Выкарыстоўваюцца для атрымання сярністых фарбавальнікаў, у якасці інсектыцыдаў і антыаксідантаў.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛУКТУА́ЦЫІ (ад лац. fluctuacio ваганне),

выпадковыя адхіленні фіз. велічынь ад іх сярэдніх значэнняў. Абумоўлены дыскрэтнасцю матэрыі (напр., атамнай структурай рэчыва, квантавай структурай выпрамянення) і цеплавым рухам часціц. Характэрныя для любых велічынь, залежных ад выпадковых фактараў. Мера Ф. — дысперсія або квадратычнае адхіленне. Ф. абмяжоўваюць тэарэтычна магчымы ліміт адчувальнасці вымяральных прылад. Гл. таксама Флуктуацыі электрычныя.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)