БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,

збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНШЫ́РАВАННЕ (ад франц. blanchir бяліць, абліваць кіпенем),

1) у харчовай прамысловасці — апрацоўка пладоў і агародніны гарачай вадой, парай. Засцерагае агародніну ад пацямнення і аблягчае варку варэння, ужываюць у вытв-сці він, пры вяленні вінаграду і інш. 2) У гарбарнай вытворчасці — зняцце з ніжняга боку скуры рэшткаў падскурнай клятчаткі. Бланшыраваннем надаюць паверхні гладкасць і выраўноўваюць таўшчыню скуры па ўсёй паверхні.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОН (ад галанд. boom бервяно; перашкода, шлагбаум),

1) плывучы прычал для малых суднаў. Абсталёўваецца грузападымальнымі механізмамі, прыстасаваннямі для падачы на судны паліва, вады, сціснутага паветра, пары.

2) Плывучая загарода са звязаных пантонаў, паплаўкоў ці бярвёнаў. Бонам перагароджваюць фарватэры, уваходы ў порт, што ахоўвае стаянкі суднаў ад варожых надводных і падводных караблёў, тарпедаў, плывучых мін. Разводная частка бона — бонавыя вароты.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЖА,

пасёлак у Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Брожа. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Бабруйск—г.п. Акцябрскі. За 25 км на Пд ад Бабруйска, 135 км ад Магілёва. 737 ж., 355 двароў (1995). Аддзяленне Бабруйскай птушкафабрыкі «Брожа», лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, лясніцтва, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАВЕ́СЦЬ,

рака ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 284 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПнУ ад в. Лоўжа (у верхнім цячэнні наз. Будавіца), цячэ па ўсх. ускраіне Полацкай нізіны. Асн. прыток — р. Чарніца (справа). Рэчышча ад вытоку на працягу 19 км каналізаванае.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КЕРСА МЕ́ТАД,

спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў уцісканнем у паверхню ўзору алмазнай пірамідкі. Распрацаваны англ. канцэрнам «Вікерс» (адсюль назва). Лік цвёрдасці (HV) — адносіны нагрузкі на пірамідку да плошчы пірамідальнай паверхні адбітка. Нагрузка ад 50 да 1000 Н у залежнасці ад цвёрдасці і таўшчыні выпрабавальнага вырабу. Выпрабаванні па Вікерса метадзе праводзяць на стацыянарных устаноўках, памеры адбітка вызначаюць вымяральным мікраскопам.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШО́Ў,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. Бялынічы, 24 км ад Магілёва, на аўтадарозе Бялынічы—Магілёў. 1421 ж., 504 двары (1996). ПМК «Магілёўвадбуда». Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЎРЫ́Т (ад грэч. aleuron мука),

рыхлая дробнаабломкавая асадкавая горная парода, паводле саставу прамежкавая паміж пяскамі і глінамі (пыл, глей, лёс і лёсападобныя пароды). Складаецца пераважна з мінер. зярнят (кварц, палявы шпат, слюда і інш.) памерам 0,01—0,1 мм. У залежнасці ад пераважных памераў вылучаюць буйна- і дробнаалеўрытавыя (тонкаалеўрытавыя) рознасці. Алеўрыт выкарыстоўваюць у вытв-сці цэменту і буд. керамікі.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 43 км на У ад г. Вілейка і аднайменнай чыг. станцыі, 102 км ад Мінска. 56 ж., 29 двароў (1994). Пач. школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя. Касцёл — помнік арх. неаготыкі пач. 20 ст. Званіца — помнік драўлянага нар. дойлідства канца 18 — пач. 19 ст.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 7 км на У ад Ганцавіч, 250 км ад Брэста. 1528 ж., 573 двары (1994). 3 цэхі (па вытв-сці безалкагольных напіткаў, каўбасны і швейны). Сярэдняя школа, Дом культуры, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Помнік архітэктуры — сядзіба 19 ст.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)