СІ́ХРА Андрэй Восіпавіч (1773, г. Вільня — 15.12.1850),
гітарыст, кампазітар. Па паходжанні чэх. З 1801 працаваў у Маскве, з 1813 у Пецярбургу. З 1926 выдаваў нотны «Journal pour la guitare...» («Часопіс для гітары»), у 1828—29 «Петербургский журнал для гитары...» Удасканаліў 7-струнную гітару, зацвердзіў яе сучасны строй. Гітарыст-віртуоз, выступаў у шматлікіх гарадах. Аўтар твораў для гітары, у т. л. варыяцыі на рус. нар. песні, пералажэнняў твораў розных кампазітараў. Складальнік кн. «Тэарэтычная і практычная школы для 7-струннай гітары» (1870).
т. 14, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ВІЯ, ас-Славія,
адзін з трох асн. цэнтраў дзяржаўнасці ў Стараж. Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Куявіяй. Большасць даследчыкаў лічаць С. паліт. аб’яднанне слав. плямён вакол воз. Ільмень (гл. Славене), а яе сталіцу — г. Салаў (Слава) атаясамліваюць са стараж. Ноўгарадам або яго папярэднікам. Існуе таксама гіпотэза, што С. была адным з цэнтраў першапачатковай Наддняпранскай Русі (Пераяслаў). У некат. раннесярэдневяковых крыніцах С. называюць дзярж. ўтварэнні палабскіх і балт. славян, а таксама Польшчу.
т. 14, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАВА́Я ЛІ́НІЯ, снегавая мяжа,
вышынны ўзровень, вышэй за які намнажэнне цвёрдых ападкаў пераважае над іх раставаннем і выпарэннем. Вышыня яе вызначаецца тэмпературнымі ўмовамі і колькасцю цвёрдых ападкаў, звязаных з шыратой мясцовасці і кантынентальнасцю клімату, асаблівасцямі араграфіі, у т. л. экспазіцыі схілаў. У экватарыяльных шыротах С.л. на выш. каля 4600 м, у трапічных — 5000—6000 м, у Альпах — 2200—3100 м, на Каўказе — 3500—3700 м. У Арктыцы С.л. апускаецца да 500—200 м, а ў Антарктыдзе зніжаецца да ўзроўню мора.
т. 15, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́ЛАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
стан глебы, які характарызуе яе гатоўнасць да апрацоўкі (фіз. спеласць) ці да пасеву і пасадкі (біял. спеласць). Фізічная С.г. настае пры дасягненні аптым. ўвільгатнення (у час мех. апрацоўкі яна распадаецца на часцінкі 1—10 мм), вызначаецца візуальна. Глеба добра крышыцца, лёгка апрацоўваецца, у ёй ствараюцца аптым. суадносіны паміж цвёрдай часткай, вадой і паветрам. Біялагічная спеласць настае ў добра апрацаванай, увільготненай і прагрэтай глебе; у ёй інтэнсіўна праходзяць мікрабіял. працэсы мабілізацыі пажыўных рэчываў, як вынік выдзяляецца шмат вуглякіслага газу.
т. 15, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,
участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.
т. 15, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НГАВАЯ ГАСПАДА́РКА,
сажалкавая рыбная гаспадарка, у якой вырошчваюць холадалюбівых рыб — радужную і ручаёвую стронгу. У С.г. ствараюць спрыяльныя для іх умовы: халодная вада (12—15 °C), добры гідрахім. рэжым (колькасць кіслароду 7—8 см³/л), высокая праточнасць (500—1500 л/с на 1 га пл. вадаёма), камяністае дно. Стронга ў сажалках не размнажаецца, яе ікру штучна апладняюць і інкубіруюць. Адрозніваюць С.г. поўнасістэмныя, рыбагадавальнікі і нагульныя гаспадаркі. На Беларусі стронгу вырошчваюць у гаспадарцы «Стронга» Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш.
т. 15, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФАН БЛУА́СКІ (Stephen of Blois; каля 1097, г. Блуа, Францыя — 25.10.1154),
кароль Англіі [1135—54]. Сын графа Блуа, пляменнік англ. караля Генрыха I [1100—35]. Пасля смерці апошняга часткай англ. феадалаў быў прызнаны каралём. З 1139 вёў з пераменным поспехам барацьбу за ўладу з дачкой Генрыха I Мацільдай, якая таксама прэтэндавала на прастол. У краіне ў гэты час панавала феад. анархія. У 1153 С.Б. ў абмен на адмову Мацільды ад далейшай барацьбы прызнаў сваім наследнікам яе сына Генрыха (кароль Генрых II у 1154—89; заснавальнік дынастыі Плантагенетаў).
т. 15, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБО́РНАЯ СУБО́ТА, зборная субота, дзявочнік, дзявочы вечар, вянкі,
старадаўні звычай усх. славян наладжваць вечарынку ў маладой напярэдадні вяселля. Асн. змест С.с. — развітанне нявесты з дзявочай свабодай. На Беларусі ў суботу вечарам у доме маладой збіраліся яе сяброўкі, сваячкі, суседзі, прыбіралі нявесту, запляталі ёй касу, спявалі песні, вілі вянкі. У некат. мясцінах, асабліва на Палессі, да С.с. прымяркоўвалі абрад завівання вясельнага дрэўца: прыбіралі кветкамі вішнёвую, бярозавую ці яловую галінку — сімвал дзявоцтва. Часткова звычай бытуе і ў наш час (пераважна на З і ПдЗ Беларусі).
т. 15, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЫНЦЫЛЯ́ЦЫЯ,
кароткачасовыя ўспышкі люмінесцэнцыі, што ўзнікаюць у сцынтылятарах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. С. ўпершыню назіраў У.Крукс (1903) пры абпрамяненні альфа-часціцамі экрана з сярністага цынку.
Кожная С. — вынік уздзеяння адной часціцы, што выкарыстоўваецца ў сцынтыляцыйных лічыльніках для рэгістрацыі элементарных часціц. Атамы (ці малекулы) сцынтылятара за кошт энергіі зараджаных часціц пераходзяць ва ўзбуджаны стан, пры пераходзе з якога ў нармальны стан выпрамяняецца святло. Механізм С., яе спектр выпрамянення і працягласць залежаць ад рэчыва сцынтылятара, яркасць успышкі — ад энергіі, перададзенай зараджанымі часціцамі часціцам сцынтылятара.
т. 15, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЮНІ́КСКАЕ ЦА́РСТВА, Сюнійскае царства,
сярэдневяковая арм. дзяржава ў 2-й пал. 10—12 ст. у вобл. Сюнік (паўд.-ўсх. ч. Арменіі). Заснавальнік — вял. князь Смбат, які ў 970 абвясціў сябе царом. Да сярэдзіны 11 ст. правіцелі С.ц. прызнавалі вярх. ўладу Багратыдаў — цароў Анійскага царства. Найб. росквіту С.ц. дасягнула ў 1-й пал. 11 ст. пры царах Васаку I і Смбаце II (мела 43 крэпасці, 48 манастыроў і больш за 1 тыс. вёсак). Яе сталіца — г. Капан. У 1170 С.ц. заваявалі сельджукі.
т. 15, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)