ГАВО́РКА,

найдрабнейшая адзінка дыялектнай мовы, сродак зносін жыхароў аднаго рэгіёна. Кожная гаворка (на Беларусі, напр., слуцкая, навагрудская, чэрвеньская) уяўляе сабой пэўную сістэму ўзаемазвязаных асаблівасцей: фанетычных, граматычных, лексіка-фразеалагічных, што функцыянуюць як элементы складанага моўнага арганізма. Група або некалькі груп мясц. гаворак, аб’яднаных агульнасцю рыс у фанетыцы, граматычным і лексічным складзе, утвараюць дыялект.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭРМАКААГУЛЯ́ЦЫЯ (ад дыятэрмія + каагуляцыя),

электракаагуляцыя, лячэбны метад уздзеяння на жывыя тканкі з мэтай іх разбурэння, рассячэння ці выдалення пераменным эл. токам высокай частаты і вялікай сілы, што выклікае павышэнне т-ры тканкі. Крыніца эл. току — іскравыя і электралямпавыя генератары. Выкарыстоўваюць для спынення крывацёку пры аперацыях, пры новаўтварэннях, эрозіях, папіломах, запаленчых працэсах, язвах і інш.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),

французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.

2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРУШСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,

каля г. Добруш Гомельскай вобл.: помнік прыроды рэсп. значэння (1963). Пл. 6 тыс. м², ахоўная зона вакол 10 тыс. м². Прымеркавана да ўступу карэннага берага р. Іпуць, дзе агаляюцца слаі кварцава-глаўканітавых пяскоў харкаўскай світы палеагену, што намножыліся 65—30 млн. г. назад у стараж. моры.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАФСАН ((Gustafson) Тругве) (н. 1911),

шведскі фізіёлаг. Чл. Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976). Праф. зоафізіялогіі Стакгольмскага ун-та. Навук. працы па эксперым. біялогіі, біяхіміі эмбрыянальнага развіцця, рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у жывёльных клетках, што культывуюцца па-за арганізмам, пра ролю медыятараў у морфагенетычных працэсах зародка. Прааналізаваў малекулярныя механізмы клетачных узаемаўплываў у эмбрыягенезе ігласкурых.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБА́ЎЛЕНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́К прамянёў,

пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)