музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЧВАННЕраслін,
агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-БАКА́Р (Абакараў) Ахмедхан
(н. 12.12.1931, аул Кубачы, Дагестан),
даргінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Дагестана (1969). Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1956). Аўтар аповесцяў «Даргінскія дзяўчаты» (1958), «Каралі для маёй Серміназ» (1965), «Сонца ў «Арліным гняздзе» (1975), «Мама, запалі сонца» (1983) і інш.Нац. каларыт у яго творах падкрэсліваюць шматлікія фалькл. элементы (прытчы, легенды, анекдоты). Выступае як драматург, кінадраматург, піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,
штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану 235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае палівадляэнергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэннем ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕРО́ІД (ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),
прылада для вымярэння атм. ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКАБО́ЙНЯ,
майстэрня для прыгатавання воску і вырабу з яго рэчаў, пераважна свечак. На Беларусі вядома з 16 ст. Звычайна невял. драўлянае збудаванне з каменнай або цаглянай печчу, у якую ўмуроўвалі кацёл для плаўкі воску. Расплаўлены воск выцякаў па спец. латаку і запаўняў разнастайныя формы. Свечкі рабілі абліваннем або аблепліваннем кнота воскам, працягваннем кнота праз ванну з воскам, адліўкай, прасаваннем. Паводле дакументаў 16—18 ст., васкабойні існавалі ў Полацку, Мінску, Оршы, Слуцку і інш. гарадах, мястэчках, фальварках, манастырах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБО́Р,
1) перыядычнае або пастаяннае забіранне вады з вадаёма, вадацёку ці падземнай крыніцы ў бытавых або прамысл. мэтах. Характарызуецца аб’ёмам і прызначэннем вады, якая забіраецца, працягласцю яе адбору. Вада высокай якасці прызначаецца пераважна на пітное водазабеспячэнне.
2) Комплекс гідратэхн. збудаванняў і абсталявання для забору вады з паверхневых ці падземных крыніц. Вакол водазаборных збудаванняў, прызначаных для цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, акрэсліваюцца зоны санітарнай аховы. Забор вады з рэк і вадаёмаў патрабуе таксама выканання правіл аховы моладзі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБАКТЭ́РЫІ (Halobacteriaceae),
сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.