ДРАЖНІ́ЛКІ,

кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБНА́,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс. ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-т ядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БА Антон Мікалаевіч (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШНІ́КІ-ЗДРУЙ (Duszniki Zdrój),

бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судэтаў. Мінер. крыніцы вядомы з 15 ст., як курорт развіваецца з 1800. Праводзіцца бальнеа- і клімататэрапія хвароб органаў стрававання, дыхання, гінекалагічных і інш. Пры лячэнні выкарыстоўваюць авечае малако і сыроватку, прывазныя тарфяныя гразі і інш. Лячэбныя ўстановы маюць н.-д. аддзяленні клінік Вроцлаўскай і Лодзінскай мед. акадэмій. Буйны цэнтр адпачынку, турызму і зімовага спорту. Курортны парк і тэатр імя Ф.​Шапэна, арх.-гіст. помнікі 16—19 ст., музей папяровай вытв-сці.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́РПУС,

кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у краіне. Д.к. у шырокім сэнсе — усе дыпламаты, што працуюць у дыпламат. прадстаўніцтвах у дадзенай краіне, а таксама з пэўнымі абмежаваннямі і члены іх сем’яў: жонка (муж) дыпламата і непаўналетнія дзеці, паводле міжнар. звычаю і дарослыя незамужнія дочкі дыпламата, што пражываюць сумесна з ім і знаходзяцца на яго ўтрыманні. Узначальвае корпус дуаен. Д.к. не з’яўляецца юрыд. асобай ці паліт. утварэннем. Ніякія сумесныя паліт. выступленні з боку Д.к. недапушчальныя: ад яго імя могуць рабіцца калект. заявы выключна па пратакольных, пераважна цырыманіяльных, пытаннях.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГІРО́Ў Піліп Ерафеевіч (н. 24.11.1911, в. Гуга Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр (1959). Скончыў вучэбна-каап. камбінат (Бабруйск), Маскоўскае ваен.-пях. вучылішча (1939), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947), Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр. ί 1 м Бел. франтах. Нач. штаба стралк. палка маёр Ж. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. Да 1963 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУДЗЕЎ Віктар Рыгоравіч (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.

В.Р.Жолудзеў.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРААСТРЫ́ЗМ,

рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, Азербайджане, краінах Б. і Сярэдняга Усходу; захавалася ў парсаў Індыі і гебраў у Іране. Назва ад імя прарока Заратуштры (Зараастра). Свяшчэнны канон З. — «Авеста». Асн. прынцыпы: вера ў адзінага бога Ахурамазда; проціпастаўленне 2 спрадвечных пачаткаў — дабра і зла, барацьба паміж якімі складае змест сусв. працэсу; вера ў канчатковую перамогу дабра; шанаванне агню; забарона закапвання памерлых у зямлю. Ідэйныя канцэпцыі З. мелі ўплыў на фарміраванне маніхейства, мітраізму, іудаізму, хрысц. ерасей паўлікіян і катараў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Уладзімір Рыгоравіч (18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),

расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «І хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.

Літ.:

Ливанова Т. В.​Г.​Захаров. М., 1954;

Воспоминания о В.​Г.​Захарове. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РАЎ (сапр. Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч

(1903—28.7.1942),

бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт. БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.​Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.​Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.​Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.​Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1936), «Апошнія» М.​Горкага (1937) і інш.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)