ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),

адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.​Старавойтава ў Магілёве.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),

структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАРДЗЬЁ ((Depardieu) Жэрар Ксаўе) (н. 27.12.1948, г. Шатару, Францыя),

французскі кінаакцёр. Скончыў курсы драм. мастацтва Ш.​Дзюлена і Школу драм. мастацтва Ж.​Л.​Кашэ. У 1969—73 у аматарскай групе «Кафэ дэ ла гар». З 1968 у т-ры «Шаё». З 1966 у кіно. Пачынаў з роляў праставатых і цынічных хлопцаў, потым праявіў сябе як майстар псіхал. партрэта. У фільмах «Дваццатае стагоддзе», «Жанчына з Ганга», «Суседка», «Апошняе метро», «Дантон», «Пад сонцам Сатаны», «Сірано дэ Бержэрак» і інш. раскрывае складанае ўнутр. жыццё сваіх герояў.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВАДО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (26.11.1900, в. Пчалінаўка Варонежскай вобл., Расія — 29.1.1960),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага камсаставу (1941), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Зах., 3-м Бел. франтах. Стралковы корпус пад камандаваннем З. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Барысава, Оршы, Мінска, Літвы, у баях за Кёнігсберг. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́ЙСКІ (Яўген Канстанцінавіч) (28.9.1907, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 9.10.1976),

савецкі фізік, заснавальнік казанскай навук. школы. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. працы (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1930). З 1947 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. Навук. працы па радыёспектраскапіі і фізіцы плазмы. Адкрыў электронны парамагнітны рэзананс (1944). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метад турбулентнага нагрэву плазмы. Прадказаў на магчымасць ажыццяўлення кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу з дапамогай рэлятывісцкіх электронных пучкоў (1968). Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Я.К.Завойскі.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 48 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 13,4 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй дно глеістае. Зарастае слаба. На Пд выцякае ручай у воз. Грыбна.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,

злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 2,1 км². Схілы катлавіны выш. 1—3 м, параслі лесам. Берагі пераважна пясчаныя, на Пн сплавінныя. Пойма шыр. 5—15 м, пад лесам. У паўд. ч. востраў пл. 0,4 га. Дно сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае. На ПдЗ выцякае р. Звярынка.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕМАН ((Zeeman) Пітэр) (25.5.1865, Зонемайрэ, Нідэрланды — 9.10.1943),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1890). Працаваў у Лейдэнскім і Амстэрдамскім ун-тах (з 1900 праф.). Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы, атамнай спектраскапіі. Адкрыў з’яву расшчаплення спектральных ліній пад дзеяннем магн. поля (гл. Зеемана з’ява). Даследаваў падвойнае праменепераламленне ў эл. полі, распрацаваў метад вызначэння каэф. паглынання эл.-магн. хваль, вызначыў аптычныя пастаянныя шэрагу металаў. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з Х.А.Лорэнцам).

Літ.:

Льоцци М. История физики. М., 1970. С. 297—299.

П.Зееман.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)