ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1916,

Брусілаўскі прарыў 1916, наступальная аперацыя рас. армій Паўд.-Зах. фронту (каманд. А.А.Брусілаў) супраць аўстра-венг. войск 4.6—13.8.1916 у 1-ю сусв. вайну. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (Францыя, сак. 1916) рас. камандаванне планавала ў сярэдзіне чэрв. 1916 пачаць наступленне на ўсіх франтах. Паводле дырэктывы Стаўкі ад 24.4.1916 гал. ўдар павінны былі нанесці войскі Зах. фронту з раёна Маладзечна на Вільню, а дапаможныя ўдары — Паўн. фронт з раёна Дзвінска (Даўгаўпілса) на ПдЗ і Паўд.-Зах. фронт з раёна Роўна на Луцк. У сувязі з паражэннем італьян. войск у раёне Трэнціна саюзнікі папрасілі рас. бок паскорыць наступленне, якое пачалося на 2 тыдні раней запланаванага. Маючы перавагу (573 тыс. чал., 1770 гармат) рас. войскі прарвалі абарону праціўніка (448 тыс. чал., 1301 гармата) на фронце больш за 500 км і на глыбіню да 60—150 км. Наступалі 8-я, 11, 7 і 9-я арміі. З мэтай маскіроўкі напрамку гал. ўдару, які наносіла 8-я армія ген. А.​М.​Каледзіна на Луцкім напрамку, прарыў ажыццяўляўся ў некалькіх месцах фронту. На напрамках прарыву была створана перавага над праціўнікам: у пяхоце — у 2—2,5, у артылерыі — у 1,5—1,7 раза. У выніку аўстра-венг. арміі нанесена цяжкае паражэнне. Праціўнік страціў да 1,5 млн. чал., у т. л. 400 тыс. палоннымі (рас. войскі страцілі каля 0,5 млн. чал.); трафеі рас. арміі склалі: 581 гармата, каля 1800 кулямётаў, каля 450 бамбамётаў і мінамётаў і інш. У выніку аўстра-венг. армія да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні; была выратавана італьян. армія, бо праціўнік прыпыніў наступленне на Трэнціна; аказана значная дапамога саюзнікам (з Зах. і Італьян. франтоў перакінуты на У больш як 33 дывізіі); у вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Аднак Паўд.-Зах. фронт своечасова не падтрымалі інш. франты, не было дакладнага ўзаемадзеяння паміж імі. Праціўнік узмацніў абарону. Вычарпаўшы рэзервы, рас. войскі перайшлі да абароны. Гэта наступленне стала пачаткам пералому ў 1-й сусв. вайне на карысць Антанты.

Літ.:

Брусилов А.А. Мои воспоминания. М., 1963;

История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975.

т. 12, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на Пн Украіны. Мяжуе на ПнЗ з Беларуссю, на Пн з Расіяй. Утворана 15.10.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 1264,5 тыс. чал. (2001), гарадскога 52%. Цэнтр — г. Чарнігаў. Найб. гарады: Нежын, Прылукі, Бахмач.

Большая ч. тэр. ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня — хвалістая раўніна, нахіленая з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Дняпроўска-Данецкая газанафтаносная вобласць), торф, жал. руда, фасфарыты, каменная соль, мінер. буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 да -8 °C, ліп. 18—20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака Дзясна з прытокамі Сейм, Убедзь, Сноў, Асцёр і інш.; уздоўж зах. мяжы вобласці працякае р. Дняпро. На тэр. вобласці ч. Кіеўскага вадасховішча. Глебы дзярнова-падзолістыя (на Пн), вышчалачаныя ападзоленыя і лугавыя чарназёмы (на Пд), шэрыя ападзоленыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам каля 20% тэр., на Пн пераважаюць хваёвыя і мяшаныя, на Пд — ліставыя (дуб, бяроза, асіна, вольха) лясы. Дэндрапарк «Трасцянец» (на ПдУ).

Гал. галіны прам-сці: лёгкая (шарсцяныя тканіны, баваўняная пража, абутак, дываны, швейныя і галантарэйныя вырабы; першасная апрацоўка лёну), харч. (масласыраробная, цукр., мясная, алейная, плодаагароднінакансервавая, крухмала-патачная), машынабудаванне і металаапрацоўка (машыны для жывёлагадоўлі і камунальнай гаспадаркі, запчасткі для аўтамабіляў і с.-г. машын, абсталяванне проціпажарнае, для хім. і харч. прам-сці, радыёпрылады), хім. (лакі, фарбы, сінт. валакно, кордавая тканіна, пластмаса, гумавыя вырабы), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Вытв-сць электраэнергіі на Чарнігаўскай ЦЭЦ. Здабыча і перапрацоўка нафты і газу. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (ганчарныя, керамічныя, драўляныя вырабы). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, бульбы, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 2160 тыс. га, асушана каля 240 тыс. га. Пасяўная пл. займае 1104 тыс. га (2000). Асн. збожжавыя культуры — пшаніца, кукуруза, грэчка, ячмень, жыта; тэхн. — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец, мята; кармавыя — кукуруза на сілас, канюшына і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 892 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс. км. Гал. чыгункі Масква—Кіеў, С.-Пецярбург—Кіеў, Гомель—Рамны, аўтадарогі С.-Пецярбург—Кіеў—Адэса, Масква—Кіеў. Суднаходства па Дняпры і Дзясне. Па тэр. вобласці праходзіць газаправод Дашава—Кіеў—Бранск—Масква. Кліматычны курорт Качанаўка.

т. 17, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧО́Т Ян Антоні (7.7.1796, в. Малюшычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1847),

бел. і польскі паэт, фалькларыст, этнограф. Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), дзе пасябраваў з А.Міцкевічам. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1815—16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў кн. Радзівілаў (Вільня). З 1818 чл. т-ва філаматаў, пісаў песні і вершы на бел. і польскай мовах для студэнцкіх сходаў. З 1820 узначальваў літ. (блакітны) аддзел т-ва філарэтаў. У 1823 за прыналежнасць да студэнцкіх згуртаванняў зняволены ў Віленскую турму, дзе склаў рукапісны зб. «Песенькі і іншыя вершы». У 1824 сасланы на Урал (турэмнае зняволенне адбываў у крэпасці Кізіл), у 1825 пераведзены ва Уфу, у 1831 — у Цвер. У 1833 вярнуўся на радзіму, працаваў на Лепельшчыне і ў б-цы Храптовічаў на Навагрудчыне. Пісаць пачаў у філамацкі перыяд. У 1818—19 напісаў каля 10 балад (збераглося 8), засн. на бел. фальклоры («Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні»). Адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага бел. грамадства — сялянства, выказваўся за адмену прыгоннага права («Узногі»). Збіраў і вывучаў бел. фальклор. Выдаў 6 фалькл. зб-каў «Сялянскія песні» (1837—46), куды ўвайшлі 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, прыказкі і прымаўкі, слоўнік бел. мовы (200 слоў) і ўласныя вершы. Аўтар кніг «Аповесці для маладых дзяўчат» (1845), «Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні «Анафеляс» з «Вітаўтавых баёў» П.​Крашэўскага» (1846), лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». Выяўлены вял. цыкл яго песень-балад на польскай мове «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.» (нап. ў 1842—44, апубл. ў перакладзе на бел. мову 1996). Многія яго вершы пакладзены на музыку Т.​Занам. На бел. мову творы Ч. пераклаў К.​Цвірка.

Тв.:

Бел. пер. — Наваградскі замак: Творы. Мн., 1989;

Выбр. творы. Мн., 1996;

Свіцязь. Мн., 1999.

Літ.:

Мальдзіс А. Ян Чачот // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Перкін Н. Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота // Перкін Н. Абсягі думкі. Мн., 1980;

Малаш Л. Ян Чачот // Каханоўскі Г., Малаш Л., Цвірка К. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989;

Цвірка К. Лісце забытых алеяў. Мн., 1993.

К.​А.​Цвірка.

Я.Чачот.

т. 17, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРЫ ГОДА, феналагічныя змены ў прыродзе.

Вясна. Пачаткам ранняй вясны і цёплага перыяду (з 15 сак. на ПдЗ і з 30 сак. на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння. У асобныя гады (1 раз у 10 гадоў) вясна можа наступаць на 15—17 дзён раней ці пазней сярэдніх дат. За апошняе дзесяцігоддзе 20 ст. ў выніку пацяплення клімату сярэдняя дата пераходу т-ры праз 0 °C адзначаецца на 25—28 дзён раней за шматгадовыя даты. У перыяд ранняй вясны днём сонечна, растае снег (адліга), адтайвае глеба, з’яўляюцца першыя праталіны. Назіраецца набраканне кветкавых пупышак у асобных відаў хмызнякоў (ваўчаягада, брэднік), адрастанне шматгадовых ягаднікаў і зацвітанне першацветаў (падбелу). Прылятаюць шпакі, жаваранкі, прачынаюцца мурашкі, асобныя віды мух, дробныя матылі. У паніжэннях рэльефу і на цяжкіх сугліністых глебах, асабліва ў паўн.-зах. раёнах, узнікаюць ачагі пашкоджання азімых ад вымакання. Пачаткам ажыўлення вясны (з 5 на ПдЗ і з 20 красавіка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра вышэй за 5 °C; супадае з поўным раставаннем снегу і адтаваннем глебы. Пачынаецца рух сокаў у лісцевых дрэў. Памяншаецца воблачнасць, больш становіцца ясных дзён. Пачынаюць пыліць ляшчына звычайная, вольха, зацвітае ваўчаягада, прарастае трава, адрастаюць парасткі ў хмызняку. Прылятаюць дразды, заранкі, пеначкі. Павышаецца актыўнасць пчол, чмялёў, матылёў. Настае мяккапластычны стан глебы, які вызначае пачатак веснавых палявых работ і апрацоўкі глебы; верхні пласт глебы (10 см) праграецца да 5 °C, складваюцца аптымальныя запасы вільгаці ў глебе, што вызначае пачатак сяўбы ранніх яравых культур. Пачаткам разгару вясны або актыўнай вегетацыі с.-г. раслін (з 25 крас. на ПдЗ і з 5 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C у бок павышэння. Супадае з разгортваннем лісця ў большасці дрэў, хмызнякоў. Заканчваецца цвіценне першацветаў, аднаўляецца актыўная жыццядзейнасць раслін і жывёл. Пачынаюць пыліць таполі, цвітуць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У лесе інтэнсіўны спеў птушак. Павелічэнне сонечнай радыяцыі спрыяе с.-г. работам, ідзе пасадка бульбы, гародніны, дэкар. раслін.

Лета. Пачаткам лета (з 10 мая на Пд і з 18 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок павышэння. Супадае з зацвітаннем хвоі і рабіны звычайнай, дрэвы поўнасцю ўкрыты лісцем. У лесе заканчваецца цвіценне елкі еўрапейскай і дуба звычайнага. Выспявае і рассейваецца насенне кісліцы, квітнеюць травяністыя расліны ў дубровах, хвойніках, цвіце большасць збожжавых, шыпшына, маліна. Пара расплоджвання жывёл, актыўнасці камароў, выкормлівання птушанят. Поўным летам (з 23 мая па 1 верасня на Пд і з 7 чэрвеня па 24 жніўня на Пн) лічаць перыяд з устойлівай сярэднясутачнай т-рай паветра вышэй за 15 °C (самы цёплы перыяд года). Пачатак супадае з выспяваннем пладоў лясных суніц. Перыяд вегетацыі, плоданашэння. Пара сенакосу, нарыхтоўкі кармоў, збору ягад і грыбоў, уборкі збожжавых. Насякомыя вельмі актыўныя. У канцы паяўляюцца першыя пажоўклыя лісты. Пачаткам спаду лета (з 2 верасня на Пд і з 25 жніўня на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры ніжэй за 15 °C. Супадае з выспяваннем брусніц, пажаўценнем бярозы павіслай. Выспявае насенне елкі, дуба звычайнага. ляшчыны, другасна цвітуць лугавыя травы. Ночы больш доўгія і халодныя, раніцы халаднаватыя. Паяўляюцца першыя замаразкі на глебе. Птушкі збіраюцца ў вырай, вядуцца ўборачныя работы, высяваюцца азімыя, збор брусніц і грыбоў.

Восень. Пачаткам восені (з 20 вер. на Пд і з 11 вер. на Пн — залатая восень) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок паніжэння. Супадае з выспяваннем журавін. Канец вегетацыі ў большасці раслін, акрамя шматгадовых. У паветры замаразкі. Масавая ўборка бульбы. Птушкі адлятаюць у вырай. Разгар грыбнога сезона. У ласёў шлюбны перыяд. Амаль штогод «бабіна лета». Пачаткам глыбокай восені (з 3 кастрычніка на ПдЗ і з 21 верасня на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра ніжэй за 10 °C. Супадае з лістападам лісцевых дрэў, з поўным пажаўценнем лістоўніцы і лісця ў клёна. Ападае і рассейваецца насенне ў дрэў і хмызнякоў, заканчваецца цвіценне восеньскіх кветак, узыходзіць рунь. Адлятаюць вадаплаўныя птушкі. З Пн прылятаюць снегіры. Жывёльны і расл. свет рыхтуецца да зімы. Часцей замаразкі, імжыць дождж, выпадае першы снег. Пачаткам зазімку (з 30 на ПдЗ і з 20 кастрычніка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачных т-р паветра праз 5 °C у бок паніжэння. Супадае з канцом лістападу ў вольхі, лістоўніцы, клёна, рабіны лясной. Дрэвы амаль поўнасцю агаляюцца. Частыя і інтэнсіўныя замаразкі.

Зіма. Пачаткам зімы (з 30 на ПдЗ і з 15 лістапада на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу праз 0 °C да адмоўных сярэднясутачных т-р. Супадае з масавым ападаннем пладоў ліпы і глогу. Частыя адлігі. Паяўляюцца першыя льдзінкі на вадаёмах. Падсезон глыбокай зімы (перыяд з 25 снежня па 20 лютага на ПдЗ і з 13 снежня па 4 сакавіка на ПнУ) лічаць перыяд з сярэднясутачнай т-рай паветра ніжэй за -5 °C. Самы халодны і доўгі з падсезонаў. Супадае з глыбокім прамярзаннем глебы, макс. намнажэннем снегу. У цёплыя зімы, калі бываюць частыя і інтэнсіўныя адлігі, устойлівае снегавое покрыва на Пд Беларусі не ўстанаўліваецца. У перыяды рэзкай змены т-ра паветра (ад адліг да моцных маразоў) церпяць азімыя і пладова-ягадныя культуры. У маласнежныя зімы і ў спалучэнні з нізкімі адмоўнымі т-рамі (-15 °C і ніжэй) зрэджваюцца азімыя культуры і шматгадовыя травы. Пры вельмі нізкіх т-рах (ніжэй за -30 °C) магчыма іх вымярзанне. Пачаткам прадвесня — канец зімы (з 20 лютага на ПдЗ і з 5 сакавіка на ПнУ) лічаць устойлівы пераход сярэднясутачных т-р праз -5 °C у бок павышэння. Расце сонечная радыяцыя. часцей адлігі, днём капеж. Зрэдку ствараюцца ўмовы для выправання азімых культур.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,

сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыі бел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Л.​М.​Лыч.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАДРУКАВА́ННЕ,

комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.

Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж. геадэзічнай сеткі і інш. Картаскладальныя работы — графічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).

На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.

Літ.:

Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;

Справочник по картографии. М., 1988;

Издание карт [Справ.]. М., 1995.

В.​М.​Пейхвасер.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 15—18 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.

Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст. Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.

Літ.:

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел. гіст. часоп. 1996. № 1.

Л.​У.​Калядзінскі, М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧЭ́РСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 17,5 тыс. чал. (2003), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чачэрск. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Залескі, Ленінскі, Меркулавіцкі, Нісімкавіцкі, Палескі, Роўкавіцкі, Чачэрскі. Раён значна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тэр. пераважна забруджана радыенуклідамі 5—15 Ku/км², невял. ўчасткі на У і Пд маюць забруджанасць больш за 40 Ku/км² У выніку міграцыі ў 1985—92 насельніцтва зменшылася на 9,9 тыс. чал.

Тэр. раёна ў межах Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі дробнаўзгорыстая, 73% яе на выш. 140—160 м, 25% — ніжэй за 140 м. Найвыш. пункт 177 м (г. Лысая каля паўд. ускраіны Чачэрска). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел і мергель, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 637 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб. р. Сож з прытокамі Покаць, Чачора, Ліпа; на ПнУ — р. Каўпіта (прыток Беседзі). Азёры: Коўпіна, Старое, Стаячае, Святое; шмат азёр-старыц, у т. л. Вілія, Вір, Асіннае, Старасожжа. Вадасховішча Меркулавічы на р. Чачора. Меліярац. каналы: Навухава-Малыніцкі, Рэзкі-Пола, Сычаўка і інш. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (45,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32%), тарфяна-балотныя і поймавыя (13,9%) і інш. Пад лесам 46% тэр., пераважна на У і левабярэжжы р. Сож. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорна-альховыя лясы; трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя і інш. Штучныя насаджэнні складаюць 27,8% лясоў. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна біял. заказнік рэсп. значэння Чачэрскі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 44,5 тыс. га, з іх асушаных 8,2 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 7 калгасаў, 5 саўгасаў, 1 фермерская гаспадарка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбаводстве. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлебабулачныя вырабы, пладова-ягаднае віно), спецлясгас (буд. матэрыялы, тавары нар. ўжытку з драўніны); вытв-сць маст. вырабаў з саломы і лазы. На З раёна праходзіць аўтастрада С.-Пецярбург—Адэса; з Чачэрска аўтадарогі ідуць на Магілёў, Гомель, Буда-Кашалёва, Карму, Краснаполле, Ветку і інш. У раёне 5 сярэдніх, 4 базавыя школы, 5 комплексаў школа-сад, спарт. школа, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, сац. прытулак, 11 дашкольных устаноў, у т. л. 6 груп у комплексе школа-сад, 10 дамоў культуры, 9 клубаў, 18 б-к, 2 бальніцы, 1 паліклініка, 4 амбулаторыі, 8 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гісторыка-этнагр. музей. Выдаецца газ. «Чачэрскі веснік».

Літ.:

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Чачэрскага р-на. Мн., 2000.

Г.​В.​Малалетнікава, Г.​С.​Смалякоў.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫЯ АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і. Пл. 1,5 тыс. га (1996).

Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамяжоўваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэр. заказніка Балдуцкая група азёраў, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўд.-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вял. узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невял. участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.

Азёры Глубелька (злева), Глубля ў заказніку Блакітныя азёры.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)