старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА Якаў Раманавіч (12.5.1906, в. Раніна Віцебскага р-на — 9.1.1986),
ветэрынарны мікрабіёлаг, эпізаатолаг. Акад. УАСГНІЛ (1964). Скончыў Маскоўскі зоавет. ін-т (1931). З 1931 у Дзярж. кантрольным ін-це вет. біяпрэпаратаў, у 1955—86 ва Усесаюзным ін-це эксперым. ветэрынарыі (дырэктар у 1955—77). Навук. працы па анаэробных інфекцыях жывёл, імунітэце, малавядомых хваробах.
Тв.:
Анаэробные инфекции сельскохозяйственных животных. М., 1954;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́С (ад грэч. kolossos вялікая статуя),
1) велізарная бронзавая статуя стараж.-грэч. бога Сонца Геліяса, пастаўленая ў гавані в-ва Родас і разбураная землетрасеннем у 227 да н.э. 2) Хто-н. ці што-н. выдатнае, найвялікшае па сваёй велічыні або значнасці (напр., К. навукі — выдатны вучоны).
3) К. н а гліняных нагах — што-н. агромністае, велізарнае, з выгляду велічнае, аднак унутрана слабое, няўстойлівае, нетрывалае, гатовае разваліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАВА́Л (італьян. carnevale, верагодна, ад лац. carrus navalis пацешлівая калясніца, карабель святочнай працэсіі),
форма масавай нар. культуры (вулічныя шэсці, тэатралізаваныя гульні, камічныя інсцэніроўкі, парадзіраванне грамадска-паліт. і інш. афіцыйна высокіх ін-таў, якія пераводзяцца ў гратэскава-камічны аспект). Склаўся ў сярэдневяковай Еўропе. Ваўсх.-слав. рэгіёне выявіўся ў калядных, масленічных, велікодных, купальскіх і інш. абрадах з удзелам скамарохаў, блазнаў. Своеасаблівым К. на Беларусі з’яўляюцца Каляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІМАНДЖА́РА (Kilimanjaro),
вулканічны масіў ваУсх. Афрыцы, на ПнУ Танзаніі. Утвораны з трох конусаў патухлых вулканаў, якія зліліся: Кіба (выш. 5895 м, найвыш. пункт мацерыка), Мавензі і Шыра. Складзены пераважна з трахібазальтаў і фаналітаў. Кіба з актыўнай сальфатарнай дзейнасцю. На схілах саванны, горныя лясы, плантацыі кавы і бананаў, на вяршыні шматгадовыя снягі і ледавікі. Нац. парк Кіліманджара, уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны, утварае ч. рэзервата К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРК (Clark) Джон Бейтс (26.1.1847, г. Провідэнс, ЗША — 21.3.1938),
амерыканскі эканаміст, заснавальнік гранічнай прадукцыйнасці і капіталу тэорыі. Вучыўся ў Гайдэльбергскім (Германія) і Цюрыхскім (Швейцарыя) ун-тах. У 1895—1923 праф. Калумбійскага ун-та. Паводле сфармуляванай ім тэорыі, каштоўнасць прадукту вызначаецца сумай гранічных каштоўнасцей яго якасцей; праца, капітал і зямля выступаюць як раўнацэнныя фактары ва ўтварэнні вартасці прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОГ (Krogh) Аўгуст (15.11.1874, г. Грэна, Данія — 13.9.1949),
дацкі фізіёлаг. Чл. Дацкага каралеўскага т-ва навук (1937). Скончыў Капенгагенскі ун-т (1899) і працаваў у ім (1916—45, праф.). Навук. працы па фізіялогіі капілярнага кровазвароту. Адкрыў механізм рэгулявання прасвету капіляраў, газаабмену ў лёгкіх, выявіў анатама-фізіял. асаблівасці капілярнай сценкі, увёў у практыку метады мікратонаметрыі, дыферэнцыяльнай манаметрыі, вызначэння мінутнага аб’ёму крыві і інш. Нобелеўская прэмія 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬСКАЯ ДРАЎНІННАМА́САВАЯ І КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала з 1885 ва ўрочышчы Куль на р. Уса Мінскага пав.
(цяпер в. Куль у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла драўнінную масу, паперу, белы, буры і шэры кардон. У 1898 мела 2 паравыя машыны (215 к.с.),
3 паравыя катлы, 3 формы для адліўкі кардону, кацёл для перапрацоўкі драўніны. У 1910 працавала 100 рабочых. Прадукцыя збывалася на папяровыя ф-кі Расіі.