большая частка азіяцкай тэр. ў Расійскай Федэрацыі, якая распасціраецца ад Урала на З да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу на У і ад Паўн. Ледавітага ак. на Пн да стэпаў Казахстана і мяжы з Цэнтр. Азіяй на Пд. Працягласць з З на У больш за 7 тыс.км, з Пн на Пд да 3,5 тыс.км. Пл. з прылеглымі астравамі каля 10 млн.км². У межах С. знаходзіцца 21 суб’ект Расійскай Федэрацыі: рэспублікі — Алтай, Бурація, Саха (Якуція), Тыва, Хакасія; краі — Алтайскі і Краснаярскі; вобласці — Іркуцкая, Кемераўская, Курганская, Новасібірская, Омская, Томская, Цюменская, Чыцінская; аўт. акругі — Агінская Бурацкая, Таймырская, Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (гл. адпаведныя арт.). Уключае фізіка-геагр. вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўд. Сібіры (Алтай, Зах. Саян, Усх. Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на ПнУ Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е. У геал. будове С. вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на Пн і З абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на Пд — пратэразойскай, на ПнУ і ПдУ — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на Пн С. і ў гарах было зледзяненне. Вял. паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўд.-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жал. і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш. С. размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат б. часткі С. суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на Пн арктычны. Сярэднегадавыя т-ры паветра амаль усюды ніжэй за 0 °C. На Пн сярэдняя т-раліп. 0—2 °C, студз. -48 °C, -50 °C, («полюс холаду» Паўн. паўшар’я ў Верхаянску і Аймяконе да -71 °C). На Пд і ПдЗ клімат больш цёплы з т-рай ліп. 22—23 °C, студз. -16 °C, -20 °C. Ападкаў на ПнУ 150—250 мм, на З да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год. Акрамя цэнтр. і паўд.ч.Зах.-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на выш. 2000—2500 м. Рэкі С. належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак.Найб. рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На ПдУ вытокі р. Амур (бас. Ціхага ак.). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны. На Пн мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На Пд ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На Пд Заходняй С. лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усх. С. лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўд. С. вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі. Запаведнікі, нац. паркі.
Гісторыя. Як гіст. раён С. уключае таксама Д. Усход. Чалавек насяліў гэтую тэр. ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У 1-м тыс.н.э.паўд. раёны С. былі ў складзе Цюркскага каганата, Бахай і інш. дзяржаў. У 13 ст.паўд. С. заваявана манголамі. Частка тэр. С. ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. Паходы рас. ваявод (з канца 15 ст.) і Ермака (гл. Ярмак) у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню С. да Рас. дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне 19 ст.Вял. ролю ў асваенні і вывучэнні С. і Д. Усходу адыгралі рас. землепраходцы 17 ст., камчацкія экспедыцыі В.Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г.І.Невяльскога, даследаванні І.Дз.Чэрскага і інш. У 18 ст. ўзнікла горная прам-сць, у 19 ст. золатаздабыўная, каменнавугальная, харчовая. Адбывалася каланізацыя С. сялянамі з Еўрап. Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Сав. улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22. З канца 17 ст. С. была месцам паліт. катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых рэпрэсій палітычных 1930—50-х г. у С. і на Д. Усходзе знаходзілася сетка папраўча-працоўных лагераў сістэмы ГУЛАГ Пра беларусаў у С. гл. ў арт. Расія (раздзел «Беларусы ў Расіі») і Новасібірская вобласць (раздзел «Беларусы ў Новасібірскай вобласці»).
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Михайлов Н.И. Физическая география СССР: Азиатская часть. 4 изд. М., 1987;
История Сибири с древнейших времен и до наших дней. Т. 1—5. Л., 1968—69;
Миллер Г.Ф. История Сибири: Пер. с нем. Т. 1—2. 2 изд. М., 1999—2000;
Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;
Галуза У. Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. 1998. №10/11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ (ад позналац. repatriatio вяртанне на радзіму),
вяртанне ў краіну паходжання ці грамадзянства асоб, якія апынуліся па-за яе межамі ў выніку розных сац.-эканам. і паліт. абставін з аднаўленнем у правах грамадзянства. Р. ажыццяўляецца звычайна на аснове міжнар. дагавораў. У пазадагаворным выпадку яе магчымасць павінна прадугледжвацца законамі зацікаўленай дзяржавы. Р., звязаная са зменай (набыццём) грамадзянства, можа быць разнавіднасцю аптацыі. Асабліва шырокія маштабы Р. набыла ў першыя гады пасля 2-й сусв. вайны.
На Беларусі першы значны працэс Р. адбываўся пасля заканчэння 1-й сусв. вайны, калі на радзіму (у БССР і Зах. Беларусь) вярнулася каля мільёна бежанцаў і ваеннапалонных; толькі ў Зах. Беларусь у 1919—24 вярнулася каля 700 тыс. беларусаў. У 1920-я г. Р. ажыццяўлялася таксама ў форме рээміграцыі прадстаўнікоў бел.паліт. эміграцыі, якія вярталіся ў БССР у сувязі з амністыяй, абвешчанай у 1923. Пасля 2-й сусв. вайны ў БССР разгортвалася 2-я шырокая хваля Р. З эвакуіраваных у пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. раёны СССР каля 1,5 млн.чал. толькі кожны 3-і вярнуўся на Беларусь. Да канца Вял.Айч. вайны на тэр. Германіі і яе саюзнікаў знаходзілася 10 181 тыс. грамадзян СССР, у т. л. 5 662 тыс. мірнага насельніцтва і 4 552 тыс. ваеннапалонных. З Беларусі ў гады вайны было вывезена на прымусовую працу ў Германію каля 399 тыс.чал. На пач. 1946 з іх вярнулася на радзіму каля 200 тыс.чал. У кастр. 1944 пры СНКСССР створана Цэнтр. ўпраўленне па справах Р.; аддзелы Р. існавалі пры СНК РСФСР, Украіны, Беларусі, Малдавіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сав. ўрад быў зацікаўлены ў найб. поўнай і хутчэйшай Р. сваіх грамадзян, як па эканам., так і па палітыка-ідэалаг. прычынах. Пераважная большасць сав. перамешчаных асоб шчыра жадалі вяртання ў СССР. 22.5.1945 прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі прапанаваны сав. урадам дакумент, які замацоўваў прынцыпы абавязковай Р. сав. грамадзян. У сав. зоне акупацыі Германіі ў выніку агітацыі і прымусу Р. ажыццяўлялася фарсіраванымі тэмпамі. У лагерах для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі зах. саюзнікаў працавалі сав. рэпатрыяцыйныя місіі з супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у выніку чаго частка бежанцаў насуперак уласнай волі накіроўвалася ў лагеры сав. зоны. На 1.3.1946 рэпатрыіравана 4 199 тыс.сав. грамадзян, у т. л. 520 672 беларусы (385 896 цывільных і 134 776 ваеннапалонных). Да іх варта дадаць і 241 тыс.т.зв. унутрана перамешчаных асоб (асобы, якія не былі за мяжой і перамяшчаліся ўнутры СССР). У 1946—52 у СССР вярнуліся яшчэ 104 893 рэпатрыянты. Большасць з іх вернута з краін, дзе знаходзіліся сав. войскі. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 14.6.1946 «Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства» і інш. прававых актаў 1945—47, беларусы і ўкраінцы, што жылі на тэр. даваен. Польшчы, атрымалі права на набыццё сав. грамадзянства, і тысячы выхадцаў з Беларусі прынялі яго. Асн. маса рэпатрыянтаў праходзіла праверку і фільтрацыю ў франтавых і армейскіх лагерах, зборна-перасыльных пунктах Наркамата абароны, праверачна-фільтрацыйных пунктах (ПФП) НКУС. Выяўленыя злачынныя элементы і падазроныя асобы накіроўваліся для больш сур’ёзнай праверкі ў спец. лагеры НКУС і папраўча-працоўныя лагеры ГУЛАГа. У 1944—45 праз ПФП прайшлі 230 635 украінцаў, 155 499 рускіх, 81 846 беларусаў, 28 727 малдаван, а таксама прадстаўнікі інш. нацыянальнасцей. Мясц. органы НКУС—НКДБ праводзілі праверку рэпатрыянтаў, якія прыбывалі да месца жыхарства. На 20.11.1945 у Беларусі было арыштавана 1112 рэпатрыянтаў. Перыяд масавай Р. завяршыўся ў 1946. У наступныя гады яна рэзка пайшла на спад. Паводле нац. складу рэпатрыянтаў 1949—50 было: украінцаў 33,4%, рускіх 28,4%, малдаван 5,2%, беларусаў 5%, літоўцаў 5%, латышоў 3%. Да 1952 па лініі органаў Р. ў СССР вярнулася больш за 4,3 млн.сав. грамадзян. Агульная колькасць сав. грамадзян, якія ў выніку вайны апынуліся за мяжой і потым вярнуліся ў СССР, ацэньваецца ў 4,5 млн.чал. Акрамя гэтага, на чэрв. 1948 у СССР рэпатрыіравалася 106 835 чал., якія самі ці іх продкі эмігрыравалі з царскай або сав. Расіі. 2710 такіх рээмігрантаў з Францыі было расселена на Беларусі. На сак. 1949 спец. 6-гадовае пасяленне адбывалі 5432 беларусы, што служылі ў гады вайны ў Рус.вызв. арміі Уласава, нац. легіёнах, паліцыі. У 1944—48 у выніку падпісання пагаднення паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр.БССР адбылася ўзаемная Р. жыхароў Беларусі і Польшчы. У гэты час 36 тыс. беларусаў пераехалі ў БССР, 274 тыс. асоб, якія запісаліся палякамі, перасяліліся ў Польшчу. У 1950—60-я г. Р. адбывалася ў форме невял. рээміграцыі з зах. краін. У 1953—55 з Францыі і Аргенціны вярнулася каля 200 беларусаў. Да 1964 прыбыло каля 10—15 тыс. аргенцінскіх беларусаў, аднак пазней амаль палова з іх зноў пакінула Беларусь, расчараваная ў рэчаіснасці сав. грамадства. Пасля распаду СССР (снеж. 1991) і стварэння новых незалежных дзяржаў, у якіх апынулася 2130 тыс. беларусаў, частка з іх вярнулася на Беларусь. Гл. таксама Бежанцы, Дыяспара.
Літ.:
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Земсков В.Н. Репатриация советских граждан и их дальнейшая судьба (1944—1956 гг.) // Социол. исслед. 1995. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),
дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс.км², Паўднёвы — 151,8 тыс.км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс.км²). Пл. 269,1 тыс.км². Нас. 3662,3 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Уэлінгтан, асн.прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).
Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.
Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр.ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-раліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял.нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс.км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс.ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.
Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.
Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд.ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасцігал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн.м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн.т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш.Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд.кВтгадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч.прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн.га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн.га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс.т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс.т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс.т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс.т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс.км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд.дол., імпарт — 13 млрд.дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.
Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ.літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) і т.зв.калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст.псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст.сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л.псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш.маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.
Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац.муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.
Літ.:
Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;
Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;
Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).
Герб і сцяг Новай Зеландыі.Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.Да арт.Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.
Савецкі Саюз, шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на П з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокіядэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.: Образование СССР: Сб. док. М., 1972; Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НІЯ (România),
дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м.Пл. 237,5 тыс.км². Нас. 22 411,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г.Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст.адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.
Прырода. Каля 2/3тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд.Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУНіжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн.р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э.асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн.Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст.н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх.ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час.Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах.ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс.н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх.ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст.венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст.Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст.самаст.феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн.Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт.Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.
Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст.тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр.Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.Дз.Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на 2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.І.Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.К.Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.
У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч.тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн.чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокіяпаліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс.чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс.сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн.га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум.Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл.Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокіяэканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум.камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд.дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл.ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл.Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.М.Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш.Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац.прафс. канфедэрацыя «Альфа».
Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс.дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн.чал. сталі ўласнікамі 2/3с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн.т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд.м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн.т кам., 4,3 млн.т каксавальнага, 23,4 млн.т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн.кВт∙гадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн.т чыгуну і 6,3 млн.т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс.т), цынку (25,6 тыс.т), медзі (19,1 тыс.т), алюмінію (164 тыс.т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн.т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс.т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн.м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс.м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс.т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн.т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс.т мяса, 36,1 тыс.т маргарыну, 7 тыс.т масла, 37 тыс.т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн.га зямель, у т. л. 9,7 млн.га пад ворывам, 5 млн.га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн.га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн.с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс.т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс.т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс.км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд.дол., імпарт 9,6 млрд.дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд.дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн.дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс.чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс.чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс.чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс.чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж.мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч.г. ў Р. каля 14 тыс.пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж.ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж.ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр.дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр.паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум.АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.М.Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.
Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л.слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.Урэке, М.Касціна, І.Некулчэ, К.Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.К.Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.Міку-Клейн, Г.Шынкай, П.Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум.л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.Асакі і І.Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.Александры, М.Эмінеску, Дз.Балінтыняну, В.Кырлава, К.Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс.сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.Кагэлнічану, А.Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.Філімона, творы І.Л.Караджале, Дж.Кошбука, І.Крангэ, І.Славіча, Б.Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.Л.Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.Садавяну, І.Агырбічану, Л.Рэбрану, К.Петрэску, Ч.Петрэску, Г.Пападат-Бенджэску, Дж.Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.Мачэдонскі), пантэізм (Л.Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет.л-ра (проза А.Сахіі, Дж.Богзы, паэзія М.Бенюка, Э.Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.Петрэску, Ч.Петрэску, З.Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.Паповіча, М.Прэды, Э.Барбу, паэзія М.Бануш, Р.Баўрану, драматургія А.Барангі, Х.Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.Р.Папеску, Ф.Нягу, Н.Веля, паэты Н.Стэнеску, М.Сарэску, А.Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.Бэнулеску, Нягу, А.Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.
На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, М.Танка, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Г.Далідовіча, В.Іпатавай і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.Ткачоў, Г.Шаранговіч, У.Лапцёнак, Я.Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.Дынеску, Крангэ, Д.Крэснару, Кэлінеску, Г.Маярэску, І.Мірчы, Паповіча, М.Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.Стайчэску і перакладчык Т.Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.Бачыла, Т.Бондар, А.Бутэвіч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Законнікаў, У.Казбярук, М.Мятліцкі, В.Нікіфаровіч, П.Прыходзька, Я.Семяжон і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г.арх. І.Мінку звярнуўся да традыцый рум.нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.Чэркез, І.Д.Берындзей, А.Сэвулеску, Н.Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.Крангэ, Д.Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац.т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар.арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.Маўльберч, І.Н.Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.М.Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.Палкоўнікула, Г.Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.Негуліч, Б.Іскавеску, Т.Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.Д.Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.Грыгарэску, І.Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр.нац. ідэаламі (Ш.Лук’ян, Г.Петрашку, Т.Паладзі, К.Рэсу, Ш.Дымітрэску, Н.Таніца, Ф.Шырата, Дз.Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.Пачура), неакласіцызму (І.Жаля, О.Хан, К.Медра), сімвалізму (К.Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.Жыкідзі, І.Рос, Н.Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.Баба, М.Бунеску, Х.Катарджы, А.Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.Піліуцэ, Б.Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.Геаргіў, В.Алмэшану), сюррэалізму (С.Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.Шару, В.Мэрджынян, І.Сэлішцяну, І.Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.Ангела, Р.Ладзі, Б.Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.Віды, Ю.Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.Ірымеску, З.Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.Раду, Г.Іліеску, І.Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш.Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.Лэўтару, Н.Піку, Г.Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.Парумбеску, В.Хірка, Л.Віст. Вызначальнай стала опера Э.Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.Музічэску, Г.Дыма, Д.Кірыяк-Джарджэску, Г.Куку, Я.Мурэшыяну, І.Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.Кіпрыяка, Т.Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр.т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.Дымітрэску, Х.Даркле, М.Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.Жора, жанру інстр. канцэрта — П.Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.Драгой, Дз.Куклін, А.Мендэльсон, І.Думітрэску, А.Зіра, М.Андрыку, пазней С.Тадуцэ, П.Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар.муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.Бугіч, А.Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.Сільвестры, А.Рацыў, М.Марбе, Ш.Нікулеску, Т.Олах, А.Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.Александрэску, М.Басараб, Дж.Джарджэску, Т.Рагальскі, Сільвестры, Э.Эленеску, піяніст Дз.Ліпаты, скрыпачы І.Войку, Ш.Руха, спевакі Г.Зобіян, Т.Лукачу, Э.Петрэску, М.Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.Балан, З.Ванча, Р.Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.
Тэатр. Вытокі рум.т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес.т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял.т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум.т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.Негруцы, В.Александры, М.Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.Міла) і рамант. (К.Караджале, М.Паскалі) кірунках. У 1877 засн.Драм.т-вапрафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст.рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.Маналеску, А.Раманеску, К.Натара, А.Пруцяну, пазней — іх вучні А.Дэметрыядэ, Т.Буландра і Л.Стурдза-Буландра, Г.Сторын і інш. На нац.тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.Л.Караджале, які ўзняў рум.сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.П.Хашдэў, А.Давілы, Б.Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац.т-ра П.Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац.т-ра) паўплывала творчасць А.Антуана і К.Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац.т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.Петрэску, Дж.Замфірэску, В.Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.Вентура, З.Саарэ, М.Філоці, М.Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.І.Попа, А.Майкан і інш. У 1920—30-я г.рум.т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.Давідоглу, Х.Лавінеску, А.Баранга, А.Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум.нац.т-р імя ІЛ.Караджале, Рум.т-р імя Л.Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.Беліган, Х.Папеску, Л.Чулей, Л.Джуржэску, Р.Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.Рыняну, В.Сілвестру, М.Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-ттэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг.тэатр.ін-т імя С.Іштвана.
Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.Міхаілам і Ж.Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.Строе, В.Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.Брату («Тудор», 1963), А.Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.Піца («Філіп добры», 1975), Л.Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.Агырбічану (рэж. М.Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.Труйка, С.Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.Іліешу, Ц.Месараш, Дж.Сегал; лепшыя акцёры — М.Албулеску, Д.Алцяну, М.Барбу, І.Бесою, Ю.Дарые, Г.Дынікэ, Д.Канстанцін, М.Паганат, С.Паповіч, А.Пеля, І.Петрэску, Ф.П’ерсік, В.Рэбенджук, С.Стэнкулеску, І.Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.Грыгарэску, Д.Папеску, Паповіч, П.Сэлкудзяну, М.Геаргіў, В.Іліў, І.Кантакузіна, Е.Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-ттэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.Караджале.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;
Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;
Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр.М., 1960;
Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;
Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;
Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;
Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.А.Левашэвіч А.А.Ляўшэвіч (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Н.І.Марозава (асвета), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.У.Валадковіч (музыка).
Герб і сцяг Румыніі.Да арт.Румынія. Горад Брашоў.Да арт.Румынія. Пасёлак у Карпатах.Да арт.Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.Да арт.Румынія. У Паўднёвых Карпатах.Да арт.Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.Да арт.Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.Да арт.Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.Да арт.Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.Да арт.Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.Да арт.Румынія. Т.Паладзі. Ваза са сланечнікамі.Да арт.Румынія. К.Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.