СОНЦАСТАЯ́ННЕ,

момант часу, калі цэнтр Сонца пры бачным руху па нябеснай сферы праходзіць праз самы паўн. пункт (схіленне +23°27) ці праз самы паўд. пункт (схіленне -23°27′) экліптыкі. Адпаведна такія пункты наз. пунктамі летняга (21 ці 22 чэрвеня) і зімовага (21 ці 22 снежня) С.

Паблізу пунктаў С. Сонца рухаецца па экліптыцы амаль паралельна экватару і як бы стаіць некалькі дзён на адной вышыні (адсюль назва). У перыяд летняга С. ва ўсіх пунктах Паўн. паўшар’я Зямлі дзень самы доўгі, а ноч самая кароткая, у перыяд зімовага С. — наадварот.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛА́ТНАСЦЬ службовая,

невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў; адно са злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Адбываецца ў выніку нядобрасумленных ці неахайных адносін да службы, што па неасцярожнасці прычыняе шкоду ў асабліва буйным памеры або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзярж. ці грамадскім інтарэсам. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь Х. караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю, абмежаваннем свабоды ці пазбаўленнем волі да 2 гадоў, а ў выпадку смерці чалавека або інш. цяжкіх вынікаў — да 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛОРАМІ́НЫ,

хлорвытворныя аміяку і амінаў, у малекулах якіх атам хлору звязаны з азотам.

Вадкія ці цвёрдыя рэчывы з рэзкім пахам. Моцныя акісляльнікі і хларавальныя агенты. Пры дзеянні вільгаці раскладаюцца да амінаў і хларнавацістай к-ты. Растворы Х. ў арган. растваральніках (бензоле, дыэтылавым эфіры) устойлівыя пры захоўванні ў цемнаце. Неарган. Х. атрымліваюць узаемадзеяннем хлору ці гіпахларытаў з аміякам у водным растворы; арган. Х. — дзеяннем хлору ці хларнавацістай к-ты на аміны і іх солі. Выкарыстоўваюць Х. (хлорамін Б, дыхлорамін ХБ, пантацыд) як сродак адбельвання, хларавання, дэзінфекцыі і дэгазацыі.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХБАКО́ВАЯ СУ́ВЯЗЬ,

спосаб электрасувязі, пры якім абмен інфармацыяй паміж двума пунктамі (ці карэспандэнтамі) ажыццяўляецца ў абодвух напрамках. Д.с. бывае: дуплексная сувязь, паўдуплексная (аўтаматызаваны пераход прыём—перадача) і сімплексная сувязь. Рэалізуецца шляхам частотнага, часавага ці інш. раздзялення сігналаў прамога і адваротнага напрамкаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ЧКА.

1) у садоўніцтве — маладое дрэўца, якое вырошчваюць з насення на прышчэпу ці самасейнае. Дз. наз. таксама плод дзікай грушы ці яблыні.

2) У лесаводстве — 2—3-гадовае дрэўца, якое вырасла ў лесе з насення і выкарыстоўваецца як пасадачны матэрыял.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРА́КТ (франц. entracte),

1) перапынак паміж актамі (дзеямі) спектакля ці аддзяленнямі канцэрта, цыркавога паказу.

2) Музычная п’еса, якая з’яўляецца ўступам да акта (акрамя 1-га) ці карціны опернага, балетнага або драм. спектакля. Выконваецца пасля перапынку, перад тым як падняць заслону.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,

жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІЯ́Л (ад позналац. filialis сыноўскі),

аддзяленне ці частка буйнога прадпрыемства, якой-н. установы, арганізацыі; не з’яўляецца юрыд. асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Ф. як адасобленае падраздзяленне юрыд. асобы ажыццяўляе ўсе яе функцыі ці іх частку, у т. л. функцыі прадстаўніцтва.

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТО́Н (ад лац. cento адзенне ці коўдра з рознакаляровых абрэзкаў),

верш, складзены з урыўкаў твораў аднаго ці некалькіх паэтаў. Радкі падбіраюцца так, каб у вершы была пэўная думка, стройная сінтакс. будова. Як правіла, Ц. уласцівы гумарыст. паэзіі.

А.​А.​Майсейчык.

т. 17, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)