КА́ЦМАН Яўсей Хаімавіч (15.11.1893, г. Бабровіца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29 10.1970),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1956), праф. (1962). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1921). З 1921 у Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, у 1938—68 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па прафілактыцы і лячэнні дзіцячых хвароб.
Тв.:
Рэўматызм у дзяцей. Мн., 1949;
Коклюш. Мн., 1959.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГАКО́КІ,
парныя, шарападобныя, грамадмоўныя, аэробныя бактэрыі роду Neisseria; узбуджальнікі інфекц. хвароб, напр. менінгіту чалавека (асабліва ў дзяцей). Апісаў ням. вучоны А.Вейксельбаум (1887). Выдзяляюць эндатаксін і алергізуючую субстанцыю. Размяшчаюцца паза- і ўнутрыклетачна. З арганізма хворых выдзяляюцца з насаглоткі, ліквору, крыві, скурных высыпак, сінавіяльнай вадкасці. Гінуць у вонкавым асяроддзі пры 20 °C праз 30 мін, пры 50 °C праз 5 мін.
А.А.Астапаў.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НЧЫК Уладзімір Юстынавіч (29.3.1915, в. Ячава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1990),
бел. медык-хірург. Засл. ўрач Беларусі (1956). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1939). У 1950—84 гал. ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Гродна, адначасова ў 1959—84 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук працы па хірург. лячэнні хвароб сасудаў і органаў брушной поласці.
т. 10, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІВЕ́ННЕ,
змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.
т. 12, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́МАНАЎ Сяргей Іванавіч (н. 7.5.1956, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне ўнутраных хвароб. Д-р мед. н. (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1979), працуе ў ім. Навук. працы па ультрагукавой дыягностыцы, гастраэнтэралогіі.
Тв.:
Ультразвуковое исследование мочевого пузыря, мочеточников и почек. Витебск, 1998 (разам з С.В.Капусціным);
Современные принципы антихеликобактерной терапии у больных язвенной болезнью и хроническим гастритом // Мед. новости. 2000. № 3.
т. 12, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУРА ТРАМБАЦЫТАПЕНІ́ЧНАЯ,
агульная назва хвароб чалавека з групы дыятэзаў гемарагічных. Абумоўлена зніжэннем колькасці трамбацытаў у крыві, парушэннем яе згусальнасці. Вылучаюць П.т. вострую і хранічную. Вострая часта назіраецца ў дзяцей 5—10 гадоў, звязана з віруснымі інфекцыямі (грып, адзёр, краснуха і інш.). Хранічная П.т. (т.зв. Верльгофа хвароба) бывае пераважна ў жанчын, правакуецца віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй, траўмай і інш. Лячэнне сімптаматычнае.
т. 13, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАТРО́Н (ад фіта... + грэч. thronos месцазнаходжанне),
памяшканне (камера ці комплекс камер), дзе вырошчваюць расліны ў штучных, спецыяльна створаных умовах. У Ф. вывучаюць працэсы жыццядзейнасці раслін у залежнасці ад асветленасці, вільготнасці глебы і паветра, т-ры асяроддзя і інш.; вызначаюць устойлівасць відаў і сартоў раслін да хвароб і шкоднікаў; у Ф. можна атрымліваць па некалькі ўраджаяў за год, што паскарае селекцыйны працэс.
т. 16, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУМІГА́НТЫ [ад лац. fumigans (fumigantis) які акурвае, дыміць],
хімічныя рэчывы (інсектыцыды, акарыцыды, фунгіцыды і інш.), якія спосабам фумігацыі (парамі і газамі) выкарыстоўваюцца для знішчэння шкоднікаў, узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб раслін. Ф. апрацоўваюць глебу, расліны, норы грызуноў, тару, с.-г. прадукцыю, склады, млыны, аранжарэі, цяпліцы, парнікі і інш. Як Ф. выкарыстоўваюць хлорпікрын, хлорэтан, сярністы газ, фармалін і інш. Большасць Ф. лятучыя, таксічныя, вогненебяспечныя.
т. 16, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАДЫЯГНО́СТЫКА (ад цыта... + дыягностыка) у медыцыне, распазнаванне захворванняў і даследаванне фізіял. стану арганізма чалавека на аснове вывучэння клетачных элементаў і цытахім. рэакцый. Выкарыстоўваецца ў анкалогіі (напр., распазнаванне злаякасных і дабраякасных пухлін), гематалогіі (дыягностыка захворванняў і ацэнка эфектыўнасці іх лячэння), гінекалогіі (выяўленне цяжарнасці, гарманальных парушэнняў і інш.), для распазнавання многіх хвароб органаў дыхання, стрававання, нерв. сістэмы і інш. Часта спалучаюць з гісталагічным даследаваннем.
т. 17, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМА́НСТВА,
шаманізм, ранняя форма рэлігіі, заснаваная на веры ў зносіны шамана, які знаходзіцца ў стане рытуальнага экстазу (камлання), з духамі. Шаманам прыпісвалася таксама здольнасць прадказваць будучыню, лячыць ад хвароб, выклікаць змены ў прыродзе, праводзіць памерлых у падземны свет і да т.п. Вядома многім народам Афрыкі, Паўн. Еўразіі, Усх. Азіі, індзейцам Амерыкі і інш. Рысы Ш. былі ўласцівы і стараж.-рус. жрацам (валхвам).
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)