БРОД,

мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,

адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв. Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.​А.​Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.​Ф.​Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.​І.​Камінскі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПАРТЫ́ЙНЫ БЛОК СУПРАЦО́ЎНІЦТВА З УРА́ДАМ (ББ),

палітычная групоўка ў Польшчы ў 1928—35. Утвораны напярэдадні выбараў у польскі сейм і аб’ядноўваў прыхільнікаў дыктатуры Ю.Пілсудскага. Гал. арганізатар і старшыня В.​Славек. Праграма ББ абвяшчала ўзмацненне выканаўчай улады, давала прэзідэнту права самастойна вырашаць пытанні, незалежна ад заканадаўчых палат. Адыграў пэўную ролю ў працэсе ўсталявання ў краіне дыктатуры. На выбарах 1928 ББ атрымаў 27,6%, у 1930 дзякуючы націску адміністрацыі і фальсіфікацыі вынікаў галасавання — 55,6% месцаў у сейме. У Зах. Беларусі ў 1930 за ББ галасавала 30,2% выбаршчыкаў. Самараспусціўся пасля смерці Пілсудскага (1935).

У.​А.​Палуян.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БСКІЯ А́НДЫ (Cordillera de los Andes Caribes),

горы на Пн Венесуэлы ў Паўд. Амерыцы. Даўж. каля 800 км. Складаюцца з Берагавой Кардыльеры (выш. да 2765 м) і ўнутранага хр. Серанія-дэль-Інтэр’ёр (выш. да 2600 м). Утвораны з метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі ў восевай зоне. паўд. ч. — з эфузіўных і асадачных парод, у мезакайназоі. Каля паўд. падножжа радовішчы нафты і газу. Хрыбты раздзелены падоўжнай тэктанічнай катлавінай, у межах якой знаходзіцца воз. Валенсія і даліна р. Туй. Землетрасенні. На схілах ксерафітныя лясы і хмызнякі, вышэй за 900—1000 м горныя лістападныя і вечназялёныя лясы. Некалькі нац. паркаў.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ САВЕ́Т 1905,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Мінска ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 і Снежаньскага узбр. паўстання 1905. Утвораны пасля курлоўскага расстрэлу 1905 з прадстаўнікоў Мінскай групы РСДРП, Лібава-Роменскага к-та Усер. чыг. саюза, мясц. к-таў ПСР і Бунда. У час Кастр. стачкі савет 12 дзён трымаў пад сваім кантролем чыг. вузел, стварыў камісію ўзаемадапамогі, суд гонару. 21 снеж. М.к.с. заклікаў да ўсеаг. забастоўкі і пачаў дзейнічаць як орган улады. З прычыны масавых арыштаў савет прыняў рашэнне прыпыніць з 25 снеж. гар. забастоўку, але працягваць забастоўку чыгуначнікаў. 28 снеж. члены М.к.с. арыштаваны.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.​Руткевіча, Г.​Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.​Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.​К.​Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)