АГУ́ЛЬНАЙ І НЕАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т Акадэміі навук Беларусі, навукова-даследчая ўстанова па распрацоўцы тэарэт. і практычных праблем агульнай і неарган. хіміі. Засн. ў 1959 у Мінску на базе Ін-та хіміі АНБССР (з 1929). Асн. кірункі навук. даследаванняў: сінтэз адсарбентаў і каталізатараў, неарган. матэрыялаў з зададзеным комплексам спец. Уласцівасцяў; паверхневыя з’явы і дысперсныя сістэмы. Распрацаваны: тэхналогіі атрымання новых формаў мінер. угнаенняў; рэагентныя сумесі для флатацыі калійных рудаў Старобінскага радовішча; тэхналогіі хімічна ўстойлівых шклоэмаляў для апаратуры і трубаправодаў са сталі, актываваных вугальных валокнаў і тканін, вогнебіяахоўных матэрыялаў, святлоадчувальных кампаўндаў і лакаў, медыцынскіх геляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАў будаўніцтве і тэхніцы,
прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.
Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,
прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМ,
слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОХУА́ (кіт. — нац. жывапіс),
традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст. да н.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЗІЙНАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя і неметалічныя матэрыялы, якія не разбураюцца пад уздзеяннем агрэсіўных асяроддзяў — кіслот, шчолачаў, солей, кіслароду, вільгаці і інш.
Да метал. К.м. адносяцца нержавеючыя сталі (хромістыя, хроманікелевыя, хроманікельмарганцавыя), чыгуны, бронза, высакародныя металы і інш.; да неметалічных — матэрыялы неарган. (андэзіты, граніты, баштаўніты, каменнае ліццё, кварцавае шкло, сіталы, кіслотатрывалая эмаль, кераміка) і арган. (прыродныя бітумы, смолы, поліэтылен, полістырол, фторапласты, пластычныя масы, графітапласты, графітна-вугальныя матэрыялы і інш.) паходжання. Каразійную ўстойлівасць матэрыялаў павышаюць легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хім. апаратуры, трубаправодаў, арматуры і інш. вырабаў, прызначаных для эксплуатацыі ў агрэсіўных асяроддзях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,
спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш.Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),
1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш.сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».
2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.