ПАНПСІХІ́ЗМ (ад пан... + psychē душа),

вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды. Гіст. формы П. ад недыферэнцыраванага анімізму першабытных вераванняў і гілазаізму стараж.грэч. натурфіласофіі да развітых вучэнняў пра душу і псіхічную рэчаіснасць як сапраўдную і адзіную сутнасць свету (канцэпцыя манады Лейбніца, філас. ідэі ням. псіхафізіка 19 ст. Г.​Т.​Фехнера, вучэнне псіхолага К.Г.Юнга і інш.).

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.​Александровіч, А.​Дзяркач, А.​Астрэйка, Ю.​Свірка, Э.​Валасевіч і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,

зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМ БССР і Ін-там гісторыі АН БССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.

1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.

А.​М.​Філатава.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУША́,

паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.​Дэкарт, Г.​Спенсер, В.​Вунт, У.​Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.

В.​В.​Краснова.

т. 6, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКО́Ў (Фёдар Васілевіч) (21.6.1883, в. Чарнаўка Пензенскай вобл., Расія — 20.12.1958),

рускі пісьменнік. Друкавацца пачаў у 1900. За ўдзел у рэв. руху ў 1907 — 10 быў у ссылцы. Аўтар аповесцей «Удар» (1909), «Ізгоі» («У выгнанні», 1909, апубл. 1922), «Новая зямля» (1930); раманаў «Цэмент» (1925, новая рэд. 1930, перапр. 1944) — пра аднаўленне прамысловасці пасля грамадз. вайны, «Энергія» (1932—38, новая рэд. 1947) — пра буд-ва Днепрагэса, цыкла аўтабіягр. твораў: «Аповесць пра дзяцінства» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вольніца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Ліхалецце» (1954), «Мяцежнае юнацтва» (1956, не скончаны). Творы Гладкова на бел. мову перакладалі М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган, А.​Гурло, А.​Дудар, Я.​Шарахоўскі. У бел. перакладах выйшлі яго кнігі «Галаваногі чалавек», «Цэмент» (абедзве 1930), «Новая зямля» (1932), «Энергія» (1935), «Аповесць пра дзяцінства» (1952).

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—5. М., 1983—85.

Літ.:

Пухов Ю.С. Федор Гладков: Очерк творчества. М., 1983.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКАЯ ДАЎНІНА́», «Минская старина»,

зборнік дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Беларусі. Выдадзены ў 1909—13 Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам у 4 выпусках (3-і ў дзвюх частках, у Вільні). У якасці дадатку да 1-га вып. ў 1909 выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (склад. А.К.Снітка). Большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі правасл. царквы і духавенства. Змяшчае інфармацыю і нататкі пра гісторыю стварэння і асн. кірункі дзейнасці к-та, апісанне архіўных збораў некат. манастыроў і цэркваў Мінскай епархіі, артыкулы і даследаванні пра дзейнасць правасл. духоўных асоб і католікаў-рэнегатаў. Апублікаваны і дакументы з царк. і свецкіх архіваў, падрыхтаваныя да друку Дз.І.Даўгялам, Сніткам і інш. У зб-ку змешчаны таксама звесткі пра сац.-эканам. развіццё Мінскай губ., песні, казкі, паданні бел. народа, паведамленні пра вынікі археал. раскопак і інш.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пагадненне пра эвакуацыю беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян з тэрыторыі БССР (1944) 2/216; 12/707, 708

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,

зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНАЕ АБСЛЕ́ДАВАННЕ,

выбарачнае статыст. вывучэнне сямейных бюджэтаў для атрымання звестак пра жыццёвы ўзровень розных сац. груп насельніцтва. Пры бюджэтным абследаванні выбіраюць розныя па матэрыяльнай забяспечанасці тыпы сем’яў (па іх згодзе) і сістэматычна абследуюць на працягу года ці некалькіх гадоў: робяць апытанні дарослых членаў, выкарыстоўваюць іх запісы пра свае даходы і расходы, а таксама некаторыя дакументы (разліковыя ведамасці, пенсіённыя кніжкі і г.д.). Потым з генеральнай сукупнасці сем’яў выбіраюць найб. тыповыя і атрымліваюць звесткі пра аб’ёмы і структуру даходаў і расходаў гэтых сем’яў у розных сац. групах. Першае на Беларусі абследаванне бюджэтаў рабочых і служачых праведзена ў 1921, бюджэтаў сялян — у 1922, пазней бюджэтнае абследаванне сталі сістэматычныя.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКАГА П.М. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Адкрыты 12.3.1968 у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Філіял Гомельскага абласнога краязнаўчага музея. Створаны на базе экспанатаў з маскоўскай кватэры П.М.Лепяшынскага і дакументаў з Музея рэвалюцыі СССР у Маскве. Мае 4 экспазіцыйныя залы

(агульная пл. 300 м²),

1625 экспанатаў (1999). Дакументы і матэрыялы расказваюць пра жыццёвы шлях, парт., дзярж. і пед. дзейнасць Лепяшынскага, пра стварэнне ім Ліцвінавіцкай школы-камуны ў 1918—19, пра яго сустрэчы з У.​І.​Леніным. У экспазіцыі пратаколы II з’езда РСДРП пад рэдакцыяй Лепяшынскага, падборка копій газ. «Искра», творы М.​Салтыкова-Шчадрына з прадмовамі Лепяшынскага, асабістыя яго рэчы, літ. творы і інш.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)