Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),
армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,
у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыферэнцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЯ ДЫСЦЫПЛІ́НА,
абавязковае выкананне працоўнага распарадку і адпаведных працоўных абавязкаў. Асн. нарматыўнымі актамі П.д. ў Беларусі з’яўляюцца КЗаП, Тыпавыя правілы прац. распарадку, галіновыя і мясц. правілы ўнутр.прац. распарадку. Паводле КЗаП работнік павінен: добрасумленна працаваць; выконваць устаноўленыя нормы па ахове працы; беражліва адносіцца да маёмасці і наймальніка, выконваць яго пісьмовыя і вусныя распараджэнні ў адпаведнасці з дадзенымі яму паўнамоцтвамі; садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы і забяспечваць выкананне патрабаванняў да якасці прадукцыі, работ і паслуг; не выдаваць камерцыйную тайну наймальніка; павышаць сваю кваліфікацыю па прапанове наймальніка і за яго кошт; падпарадкоўвацца правілам унутр. распарадку, інш. дакументам, якія рэгламентуюць пытанні П.Д.; выконваць інш. абавязкі, што вынікаюць з дзейнага заканадаўства, калект. і прац. дагавораў. КЗаП абавязвае наймальніка арганізоўваць працу работнікаў, ствараць умовы для росту прадукцыйнасці працы, забяспечваць прац. і вытв. дысцыпліну, выконваць заканадаўства аб працы і правілы яе аховы, уважліва ставіцца да патрэб і запатрабаванняў работнікаў, паляпшаць умовы іх працы і побыту. За ўзорнае выкананне прац. абавязкаў да работнікаў выкарыстоўваюцца меры заахвочвання; за парушэнні П.д. — меры дысцыплінарнага спагнання; у асобных выпадках — прадугледжаная заканадаўствам адказнасць.
савецкі вучоны ў галіне механікі. Акад.АНСССР (1981, чл.-кар. 1966), Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1940). З 1940 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це. Асн.працы па дынаміцы, устойлівасці, кіроўнасці і аэрадынаміцы самалётаў. Ленінская прэмія 1961.