філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,
метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.
Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ (United Nations Environment Program; ЮНЕП),
міжурадавая праграма, створаная па ініцыятыве Стакгольмскай канферэнцыі ААН па праблемах навакольнага асяроддзя і рашэнні Ген. асамблеі ААН (1972). У праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 113 краін і 40 міжнар. арг-цый. Забяспечвае і каардынуе ў міжнар. маштабе мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Асн. кірункі дзейнасці: ахова сусв. акіяна і паветра ад забруджвання, ахова і рацыянальнае выкарыстанне глеб і павышэнне іх урадлівасці, перапрацоўка і утылізацыя прамысл. адходаў, распрацоўка метадаў назірання за біясферай па ўплыве на яе гасп. дзейнасці (маніторынг) і інш. Супрацоўнічае з Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, Навуковым камітэтам па праблемах навакольнага асяроддзя, ЮНЕСКА і інш. ЮНЕП каардынуецца адм. саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш як 60 краін. Штаб-кватэра ў г. Найробі (Кенія). У 1984 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ўзнагароджана сярэбраным медалём ЮНЕП за прапаганду прыродаахоўнай дзейнасці і актыўнае пашырэнне прыродазнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСТА́НЦЫЯ,
комплекс радыёэлектронных прылад, прыстасаванняў і абсталявання, прызначаных для перадачы і (ці) прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Адрозніваюць перадавальныя, прыёмныя і прыёмна-перадавальныя; па даўжыні хваль — доўга-, сярэдне-, каротка- і ультракароткахвалевыя. Бываюць стацыянарныя, на рухомых аб’ектах (аўтамабілях, самалётах, суднах) і пераносныя. Атрымалі пашырэнне Р. дуплекснай сувязі з убудаванымі мікраЭВМ: сотавы радыётэлефон, радыёмадэм, тэлефонны радыёпадаўжальнік, а таксама Р. транкінгавай сувязі.
Асн. вузлы перадавальнай Р.: радыёперадатчык, антэна (са злучальным фідэрам), крыніца сілкавання; прыёмнай — радыёпрыёмнік, антэна (з фідэрам ці без яго) і крыніца сілкавання. Асн. патрабаванні да тэхн. сродкаў перадавальных Р.: стабільнасць частаты і магутнасці выпрамяняльных радыёхваль; дакладнасць перадавальнай інфармацыі; высокі ккдз; адсутнасць пабочнага выпрамянення за межамі ўстаноўленай паласы частот. Тэхн. сродкі прыёмных Р. павінны задавальняць патрабаванням: нескажонае ўзнаўленне інфармацыі; дастатковая адчувальнасць да радыёсігналаў; здольнасць вылучаць сігналы патрэбнай частаты; стабільнасць прыёму радыёсігналу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923у Балгарыі,
узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦКБалг.камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв.к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс.чал.) у паўн.-зах.ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.
Літ.:
Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЛЕ́БАЎ,
комплекс дзярж. і рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні і рацыянальным выкарыстанні глебаў як найважнейшага кампанента зямельных рэсурсаў; састаўная ч.аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне працэсаў спусташэння, разбурэння і забруджвання глебаў, прагназаванне іх вынікаў, устанаўленне параметраў і пашырэнне, распрацоўку мер барацьбы і мерапрыемстваў па прадухіленні эрозіі глебаў, кірункаў і сродкаў павышэння ўрадлівасці і акультурвання глебаў, рэкультывацыі зямель, уключэнне малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. абарот, дае навук. абгрунтаванне размяшчэнню розных тыпаў зямель, утварэнню сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, распрацоўку спец. глебаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантроль за выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш.
На Беларусі ахова глебаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі зямельнага заканадаўства, інш.спец. пастановамі і нарматыўнымі актамі. Уведзены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове глебаў выконвае Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці.
Т.А.Раманава.
Да арт.Ахова глебаў. Рэкультывацыя зямель. Культурная паша на былых тарфяніках у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ (БІГіК),
арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.Станкевіч, Ф.Ярэміч, В.Багдановіч, У.Казлоўскі, В.Рагуля, В.Гадлеўскі, А.Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэннес.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦККПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.
У.Ф.Ладысеў.
Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫХО́ДНІЦТВА,
часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр.прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс.чал.Найб.пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,
дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром I (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр I вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр I з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр I правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.