ГАЎРЫЛЕ́НКА Павел Нічыпаравіч (28.2.1902, в. Касцюкоўка Гомельскага р-на — 4.2.1961),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928—30). Яго творчай манеры ўласцівы рэаліст. яснасць, якая арганічна спалучалася з лірычным аўтарскім пачуццём, абвостраным адчуваннем праяў жыцця, гісторыі і сучаснасці, жаданнем раскрыць хараство роднай зямлі. Аўтар твораў пра гісторыка-рэв. падзеі, подзвігі бел. партызан, прац. будні горада і вёскі, партрэтаў, пейзажаў: «Будоўля» (1932), «Прарыў нямецкай абароны» (1942), «Партызаны на Палессі» (1947), «Ліпавая алея» (1948), «На партызанскім аэрадроме» (1950), «Ідзе эшалон» (1957), «Вясна» (1958), «На рыштаваннях» (1960) і інш. У 1956—61 старшыня Саюза мастакоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ Аляксей Аляксандравіч (11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,
40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ-КАШЫ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгады імя Молатава супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну 22.7.1943 на чыг. ст. Камень-Кашырскі Валынскай вобл. (Украіна) і 23.7.1943 на ст. Янаў-Палескі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Задачай аперацыі было знішчыць варожы гарнізон на ст. Камень-Кашырскі і спыніць рух эшалонаў праціўніка. Атрад імя Суворава (70 байцоў, камандзір А.С.Кузічкін) скрытна зрабіў 55-кіламетровы марш і раптоўным ударам у ноч на 22 ліп. знішчыў станцыйныя збудаванні, склады з маёмасцю чыгункі. Развіццём аперацыі з’явіўся удар па ст. Янаў-Палескі 23 ліп. атрадам імя Чапаева (камандзір І.С.Зайкоў). Партызаны спалілі дэпо з 3 паравозамі, цыстэрну з гаручым. У выніку аперацыі ўчастак чыгункі Камень-Кашырскі—Янаў-Палескі быў надоўга выведзены са строю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1942 у вёсках Багута, Задомля, Ляды, Пагарэлкі, Прылепы, Прыстрамы Прылепскага с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. У розны час налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.Д.Будай, П.І.Санковіч). Падпольшчыкі трымалі сувязь з падп. групамі і партыз. атрадамі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага р-наў, працавалі па іх заданнях. Арг-цыя была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам для людзей, што ішлі з лесу ў Мінск або ў партызаны, і тут атрымлівалі зброю, дакументы, прытулак, праваднікоў. Падполлю Мінска патрыёты дапамагалі прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, учынялі дыверсіі. У вер. 1942 пасля правалу Мінскага падполля асн. частка падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙД (ад англ. raid налёт, набег, нападзенне),
форма тактычных (аператыўна-тактычных) дзеянняў вайск. і партыз. фарміраванняў; імклівы рух і вядзенне баёў (аперацый) у тыле праціўніка. У 2-ю сусв. вайну Р. праводзіліся з мэтай знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, дэзарганізацыі кіравання войскамі і работы тылу, парушэння камунікацый і інш. (напр., рэйд кав. корпуса Л.М.Даватара па тылах ням. войск у жн. — вер. 1941). З канца 1942 па май 1945 звыш 100 буйных сав.партыз. фарміраванняў зрабілі больш за 40 Р., у т. л.бел.партызаны з усх. у зах. Беларусь, а таксама ў Літву, Польшчу і інш. У сучасных умовах Р. выкарыстоўваюцца ў ходзе лакальных войнаў і інш.узбр. канфліктаў; іх асаблівасць — масіраваная падтрымка дзеянняў наземных войск авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦКІ БОЙ 1942,
бой атрадаў партыз. брыгады імя Варашылава з карнай экспедыцыяй ням. фашыстаў у Старыцкім лесе Капыльскага р-на Мінскай вобл. 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы з мэтай знішчэння партыз. гарнізона сканцэнтравалі ў гэтым раёне паліцэйскі полк, 2 ахоўныя батальёны, артыл. і танк. роты, роту сувязі; размясціўшы іх у в. Заполле, Слабада-Кучынка, Свідзічы, Русакі, адрэзалі партызанам шлях на З. Пасля артпадрыхтоўкі гал. сілы карнікаў тройчы няўдала спрабавалі прарвацца з Пд і У на пазіцыі атрадаў імя Шчорса і імя Чапаева. На дапамогу Старыцкаму гарнізону з Вялешынскага лесу падышоў атрад імя Катоўскага, які разбіў аўтакалону гітлераўцаў і ўдарыў па карніках з тылу. Калі скончыліся боепрыпасы, усе партызаны адышлі ў Вялешынскі лес. Карная аперацыя гітлераўцаў супраць партызан была сарвана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦЕ́НЧЫЦКІ БОЙ 1943,
бой партызанскай брыгады імя М.Фрунзе (камандзір А.М.Захараў) па разгроме гарнізона ням. фашыстаў у в.Хаценчыцы Вілейскага р-на Мінскай вобл. 23 чэрв. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон (каля 100 гітлераўцаў, узброеных гарматай, 2 мінамётамі, 12 кулямётамі), умацаваны палосамі траншэй, калючым дротам і 5 дзотамі, глыбока ўкліньваўся ў партыз. зону, пастаянна праводзіў карныя і грабежніцкія ў адносінах да насельніцтва акцыі. Сілы партызан (480 байцоў) увечары, сканцэнтраваўшыся ў лесе, нанеслі нечаканыя ўдары, падавілі агонь гарматы і дзотаў, поўнасцю разграмілі гарнізон. У выніку бою партызаны расчысцілі раён для дзеянняў брыгады на 120 км; гарнізон акупантамі так і не быў адноўлены.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 613.