ДАЗО́Р,

у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЬСКІ МАСІ́Ў,

балота ў Любанскім р-не Мінскай вобл. і Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. На масіве 3 возеры, найб. Вячэра. Пл. 32,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 20,7 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважае асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік), сатрапезніцтва,

форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЭ́ДР (ад палі... + грэч. hedra аснова, грань),

аб’яднанне канечнай колькасці выпуклых мнагаграннікаў у n-мернай прасторы, размешчаных так, што ўсякія 2 з іх або не перасякаюцца, або іх перасячэнне з’яўляецца гранню кожнага з іх. Аднамерныя П. — ламаныя лініі. У двухмерным выпадку П. — замкнуты многавугольнік (не абавязкова выпуклы) разам з абмежаваным ім кавалкам плоскасці. Трохмерны П. — мнагаграннік.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ НОЧ,

перыяд, калі Сонца не ўздымаецца над гарызонтам і няма прамога сонечнага асвятлення зямной паверхні. Назіраецца на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 10 снеж. да 3 студз., на 82° паўн. ш. — з 17 кастр. да 26 лютага. На Паўн. полюсе Сонца не ўзыходзіць 176 сут.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТАЎКА, Кветанка,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. і Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 21 км. Вадазбор сярэднеўзгорысты, пл. 119 км². Пачынаецца за 2,3 км на У ад в. Гара Чашніцкага р-на, упадае ў воз. Сялява каля в. Калодніца Крупскага р-на. Рэчышча ад вытоку на працягу 13 км каналізаванае.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАВАРО́ДНІК,

у беларусаў печыва з хлебнага цеста, якое ўжо замешана, але яшчэ не падышло. Цеста абгладжваюць вадой, пальцам робяць дзірачкі, каб не расколвалася. Часам у цеста дадаюць драную бульбу. Пякуць на патэльні пры агні або на гарачым вуголлі. Калі пякуць прама на чарэні, называюць таксама праснак, выхапень, хапун, перапечка, сачэнь і інш. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,

лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.​Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́СНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бельчыца, за 5 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,25 км², даўж. 550 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 1,55 км, пл. вадазбору 2,62 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, на З і Пн не выражаны. Выцякае ручай у р. Бельчыца.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭ́РН (ад лац. externus знешні, старонні, вонкавы),

1) асоба, што здае экзамены за курс навуч. установы, у якой не вучылася.

2) У Расіі да 1917 — вучань закрытай навуч. установы, які не жыў у інтэрнаце пры ёй.

3) Пазаштатны ўрач ці студэнт-медык, які працаваў у бальніцы ці інш. мед. установе з мэтай праходжання практыкі.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)