ЗІ́МА (Zima) Міласлаў (н. 3.1.1920, Прага),

чэшскі мовазнавец-славіст. Д-р слав. філалогіі (1953). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1950). З 1954 у Ін-це славяназнаўства Чэхаславацкай АН, у 1961—84 супрацоўнік Слав. б-кі ў Празе. Даследаваў пытанні транскрыпцыі, транслітарацыі, арфаграфіі і анамастыкі бел., польск., рус., балг. і славенскай моў («Некаторыя прапановы па транслітарацыі алфавіта і іх тэарэтычная аснова», 1963, «Транслітэрацыя, транскрыпцыя і іншыя віды перадачы», 1986). Шэраг артыкулаў прысвяціў праблемам бел. мовазнаўства: «Паходжанне назвы «Белая Русь» (1957), «Умовы так званага пералівання імён у нацыянальныя формы паміж усходнеславянскімі мовамі» (1972), «Нататкі пра беларускую літаратурную мову» (1980), «Францішак Скарына і яго імя» (1990) і інш. Перакладае з слав. моў, у т. л. з беларускай.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАТЫ (Zubatý) Іозеф (20.4.1855, Прага —21.3.1931),

чэшскі мовазнавец. Акадэмік (з 1904) і прэзідэнт (з 1928) Чэш. АН. Праф. Карлава ун-та (з 1891), ген. сакратар Каралеўскага чэш. т-ва навук (1911—16). Буйны індолаг — аўтар даследаванняў па пытаннях стараж.-інд. фанетыкі і граматыкі, інд. л-ры; пераклаў на чэш. мову 2 драмы Калідасы. Займаўся навук. вывучэннем індаеўрап. моў — класічных, балт. і слав. («Параўнальны сінтаксіс індаеўрапейскіх моў», 1901, і інш.); зрабіў значны ўклад у развіццё багемістыкі. У 1910—22 апублікаваў шэраг даследаванняў, прысвечаных этымалогіі рэдкіх слоў з розных моў, у т. л. беларускіх («азярод», «досыць», «льга», «латвы» і інш.).

Тв.:

Studie a články. Sv. 1—2. Praha, 1945—54.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎРУ́С Алесь Аляксандравіч (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел. пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.​М.​Круталевічам).

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАНЕЎ Павел Ільіч (н. 19.1.1922, в. Малыя Копані Шастакоўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец. Д-р. філал. н. (1973), праф. (1975). Скончыў Кіраўскі пед. ін-т (1942), Ленінградскі ун-т (1949). Працаваў з 1949 у Гродзенскім, з 1955 у Варонежскім пед. ін-тах. З 1961 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па агульным мовазнаўстве, германскіх мовах, праблемах перакладу і ўзаемадзеяння моў: «Пытанні гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу» (1972), «Тэорыя і практыка пісьмовага перакладу. Ч. 1. Пераклад з нямецкай мовы на рускую» (1986), «Падручнік нямецкай мовы: Дзелавыя зносіны» (ч. 1—2, 1995, з М.​Г.​Хільтавым).

Тв.:

Комплементарная функция художественного перевода. Мн., 1994.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАЎ Іван (4.3.1904, Сафія — 4.8. 1978),

балгарскі мовазнавец. Чл.-кар. Балгарскай АН (1945), праф. (1945). Вучыўся ў Сафійскім і Ягелонскім (Кракаў) ун-тах. У працах, прысвечаных параўнальна-гіст. і тыпалагічнаму вывучэнню слав. моў, выкарыстоўваў матэрыял бел. мовы: «Характарыстыка агульных рыс у балгарскай і ўсходнеславянскіх мовах» (1942), «Старая супольнасць і новыя канвергенцыі ў развіцці беларускай і балгарскай моў» (1972), «Супастаўляльны аналіз беларускай і балгарскай моў у рамках роднасных адносін паміж дзвюма мовамі» (1976). Складальнік і рэдактар зборнікаў літ. тэкстаў на слав. мовах, у якіх упершыню змешчаны ўзоры бел. маст. прозы і паэзіі ў арыгінале для балгарскага чытача, у т. л. вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашт (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш. З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).

Дз.​І.​Лазарава.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЧКО́ЎСКАЯ Ніна Барысаўна (н. 29.10.1946, г. Брэст),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1989). Скончыла БДУ (1968), з 1971 працуе ў ім. Даследуе агульнае мовазнаўства, гісторыю мовазнаўства, сацыялінгвістыку. Аўтар кніг; «Агульнае мовазнаўства» (1983, у сааўт.), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984), «Славенская мова» (1991), «Рыторыка ў культурах заходніх і ўсходніх славян: Тэндэнцыі развіцця ў XV—XVII стст.» (1993).

Тв.:

Общее языкознание: Структура языка. Типология языков и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.);

Світальная лингвистика. 2 изд. М., 1996;

Язык и религия: Лекции по филологии и истории религии. М., 1998;

Типология графико-орфографических реформ в истории славянской письменности: Фонетико-фонологические и социосемиотические аспекты. Мн., 1998.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКЕ́ВІЧ Аркадзь Іосіфавіч (н. 10.3.1929, в. Варонаўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1974), праф. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Настаўнічаў. З 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1965 у БДУ. Даследуе культуру мовы, стылістыку і граматыку бел. мовы. Аўтар кніг: «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай літаратурнай мове: (Структурна-семантычнае апісанне)» (1972), «Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы» (1976), «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» (1992), сааўтар «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66) і інш.

Літ.:

Шакун Л.М. А.​І.​Наркевіч // Весн. БДУ. Сер. 4. 1989. № 1;

Цікоцкі М.Я. А.​І.​Наркевіч // Там жа. 1999. № 1.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЬ (Paul) Герман (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),

нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.​Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Пад рэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА Алена Мікалаеўна (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)