КУСЯНКО́Ў Мікола (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФА́РГ (Lafargue) Поль (15.1.1842, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 25.11.1911),
дзеяч французскага і міжнар.сацыяліст. руху. Па адукацыі медык. У 1866—68 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі, член Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. З 1871 у Іспаніі, у 1872—82 у Лондане. З канца 1870-х г. паплечнік Ж.Геда. Адзін з заснавальнікаў франц. Рабочай партыі (1879) і Інтэрнацыянала 2-га (1889). У 1891—93 дэп. парламента Францыі. Выдаваў на франц. мове творы К.Маркса і Ф.Энгельса і папулярызаваў іх ідэі ва ўласных творах. Аўтар прац па рэлігія-, літаратура-, мовазнаўстве. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЧАНКА Святлана Міхайлаўна (н. 15.5.1942, в. Папоўцы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. крытык і паэтэса. Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1964). Працавала ў Касцюковіцкім райкоме ЛКСМБ, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газ. «Чырвоная змена», час. «Вожык» і «Работніца і сялянка». У 1984—93 у час. «Полымя». Дэбютавала вершамі ў 1960. Даследуе творчасць Т.Бондар, Г.Бураўкіна, В.Вярбы, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, А.Разанава, А.Русецкага і інш., праблемы паэзіі і крытыкі, дзіцячай л-ры. Аўтар манаграфіі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зб. паэзіі для дзяцей «Што я ведаю» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ШЕ НАСЛЕ́ДИЕ»,
ілюстраваны гісторыка-культ. часопіс. Выдаецца з 1988 у Маскве на рус. мове. Мае рубрыкі: «Літаратура, гісторыя, філасофія», «Паштовая проза», «Кніжны знак», «Галерэя часопіса», «Памяць», «Сярод калекцыянераў» і інш. Друкуе неапублікаваныя і малавядомыя творы філосафаў, пісьменнікаў, мастакоў, іх мемуары, выступленні і інтэрв’ю дзеячаў мастацтва і навукі. Змяшчае лісты, архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі. Знаёміць з прыватнымі калекцыямі твораў жывапісу, графікі, прыкладнога мастацтва, запаснікамі цэнтр. і правінцыяльных музеяў і інш. Выдае забытыя творы л-ры і мемуары знакамітых людзей Расіі. Мае выставачную залу, дзе праводзіць выстаўкі работ сучасных мастакоў, работ з прыватных збораў, у т. л. замежных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВІЧ Барыс (сапр.Сачанка Барыс Пятровіч; н. 17.7.1959, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у газ. «Гомельская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З 2000 у час. «Полымя». Друкуецца з 1987. Аўтар зб-каў прозы «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998). Яго героі балансуюць на мяжы сну і явы, рэальнага і ўяўнага (нізкі апавяд. «Мроі», «Фрэскі», «Непатрэбныя рэчы»). Адметнасць твораў у спалучэнні традыцый рэалізму і постмадэрнізму. Аповесці «Спецкар» (1995), «Чаканне» (1997) пра праблемы складанага пошуку маладым чалавекам 1990-х г. свайго шляху ў жыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратураБССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч (Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАВІД (Горэвід),
нераскрыты псеўданім бел. паэта канца 19 ст. Аўтар вершаў «Палякам у дзень 3-га мая» (нап. 1891, у сотую гадавіну польскай канстытуцыі») і «Я клічу вас...» (апубл. 1909), у якіх заклікаў бел. народ абудзіцца, «ланцугі цемрачы парваці». Творы Горавіда — адзін з прамых зваротаў да бел.нац. свядомасці. Паэт перажываў з-за недастатковай масавасці бел.нац. руху, але верыў, што самасвядомасць і адчуванне сваёй гісторыі не загінулі ў народзе. Грамадз. ідэалы паэта агульнадэмакратычныя, хоць і не зусім акрэсленыя. Выдатная тэхніка верша, звароты да гісторыі сведчаць пра высокую культуру аўтара.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст. 2 выд. Хрэстаматыя. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАРАЎ Валянцін Аляксеевіч (н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф.ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл.гл. таксама ў арт.Гратэск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ Галіна Альфонсаўна, (н. 1910, г. Сейны, Польшча), бел. жывапісец. Сястра Б.А.Дакальскай. З 1928 жыла на Беларусі. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». На дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (чэрв. 1940) экспанавалася яе карціна «Польскія акупанты ў Беларусі». З 1942 у Літве, з 1944 у эміграцыі ў Германіі, жыла ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Кемптэн. З 1949 у ЗША, працавала ў Нью-Йорку на фабрыцы, дзе размалёўвала посуд; з 1982 жыве ў г. Санта-Моніка (штат Каліфорнія). Творчасці ўласцівы шырокі стылявы дыяпазон (ад абстракцыянізму да натуралізму), зварот да гісторыі і культуры бел. і літ. народаў.