ГЛЫБО́ЧЫНА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пясчаныя. Берагі выш. да 0,5 м, забалочаныя, тарфяністыя, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчанае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 15—30 м. Упадае меліярац. канава, выцякае ручай у воз. Сямёненкі.
т. 5, с. 309
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГРЫ́БНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,8 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 700 м, найб. Глыб. 1,2 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 19,6 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на Пн пясчаныя. Пойма шыр. да 200 м, забалочаная, тарфяністая. Дно выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Упадае ручай з воз. Званае, выцякае ручай у воз. Клетнае.
т. 5, с. 471
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ДАБЕ́ЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна (правы прыток Зах. Дзвіны), якая выцякае з возера, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 2,31 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 32 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. 4—5 м, разараныя. Берагі сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, які здабываюць на ўгнаенне. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м. Моцна зарастае. Злучана ручаём з азёрамі Круглік і Мошна.
т. 5, с. 556
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ВАРО́НІЧЫ,
Варонеч, возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.
т. 4, с. 12
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АСТРАЎНЫ́Я ДУ́ГІ,
дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.
т. 2, с. 53
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб. шыр. 0,45 км, найб. глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
т. 2, с. 204
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ВЕ́ЧАЛЛЕ,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 1 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць у курортную зону Ушачы. Пл. 1,36 км², даўж. 3,68 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 35,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 8 км. Пл. вадазбору 37,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнУ 2—4 м), разараныя. Берагі высокія, на ПнУ і ПдЗ месцамі нізкія. Дно карытападобнае. Ложа складаецца з 2 упадзін, падзеленых невысокім падняццем. Расліннасць займае 5% плошчы возера. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Ваўчо. Каля возера дом адпачынку «Лясныя азёры».
т. 4, с. 133
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АЛЬТЫПЛА́НА
(Altiplano),
заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.
т. 1, с. 285
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Брэсцкім раёне, у бас. Серадовай Рэчкі, за 30 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,5 км², даўж. 1,03 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб.21,5 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 140 км².
Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, з паўн. боку сплавінныя. Дно да глыб. 2 м складзена з заглееных пяскоў, глыбей — сапрапелістае. Слаба зарастае, пераважна ў паўн. і паўд.-ўсх. частках; шыр. паласы расліннасці 5—10 м. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае і Чорнае. Каля возера зона адпачынку, курорт і турбаза.
т. 2, с. 384
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БО́РАЎНА,
Боравенскае возера, у Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 2,5 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,38 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 610 м, найб. Глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,5 км².
Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя і супясчаныя, часткова пад лесам. Берагі пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно глеістае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—5 м. На Пд упадае ручай з воз. Глыбочыца, на ПдУ выцякае ручай у воз. Нюля.
т. 3, с. 216
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)