метад даследавання мясцовасцей і атм. з’яў па іх касмічных і аэрафотаадлюстраваннях. Заключаецца ў выяўленні, распазнаванні аб’ектаў, вызначэнні іх якаснай і колькаснай характарыстык па дэшыфравальных прыкметах (прамых і ўскосных) і паказе іх умоўнымі знакамі на картах, схемах. Адрозніваюць комплекснае (агульнагеагр., ландшафтнае і інш.) і галіновае Д., якое выкарыстоўваецца ў ваен. справе, тапаграфіі, картаграфіі, геалогіі, пры пошуках карысных выкапняў, землеўпарадкаванні, акіянаграфіі (прыбярэжныя часткі дна мораў), метэаралогіі і інш. Праводзіцца ў 3 этапы: папярэдняе (зняцце першаснай інфармацыі са здымкаў і нанясенне яе на папярэднія схемы); палявое (праверка першаснай інфармацыі на мясцовасці, выяўленне індыкатараў аб’екта, які даследуецца) і канчатковае — камеральнае (складанне канчатковых карт па ўдакладненых даных). Гл. таксама Аэрафотаздымка і Аэракасмічныя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ І ЗАПАВЕ́ДНІКІ.
Ствараюцца ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей, для аховы і зберажэння гэ тых месцаў і навакольнага прыроднага асяроддзя. М.з. і з. рэсп. значэння ствараюцца паводле пастаноў СМ Рэспублікі Беларусь. Для захавання прыроднага ландшафту, забеспячэння аховы рэдкіх і каштоўных аб’ектаў прыроды, гісторыі і культуры у мемарыяльных запаведніках уводзіцца спец. рэжым (гл. ў арг.Запаведнікі). У мемарыяльных заказніках забараняюцца суцэльныя высечкі лесу, здабыча нярудных карысных выкапняў, правядзенне гідрамеліярац. і інш. земляных работ, буд-ва, не ўзгодненае з Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На Беларусі дзейнічаюць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», Коласаўскі заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.
Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́НЫ ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ,
лінейна выцягнутыя адмоўныя тэктанічныя структуры (даўж. ад дзесяткаў да тысяч кіламетраў), запоўненыя асадкавай або вулканагенна-асадкавай тоўшчай (магутнасцю да 10—15 км). Фарміруюцца на працягу многіх мільёнаў гадоў у выніку тэктанічных рухаў на розных стадыях развіцця зямной кары. Па ступені запаўнення бываюць кампенсаваныя (хуткасць асадканамнажэння адпавядае прагінанню) і некампенсаваныя (хуткасць прагінання значна перавышае асадканамнажэнне). Вылучаюць П.т. геасінклінальныя (унутраныя і знешнія), платформавыя (унутрыплатформавыя розных рангаў, — напр., Прыпяцкі прагін; аўлакагены, напр., Прыпяцка-Данецкі аўлакаген; перыкратонныя), арагенныя (краявыя прагіны, напр., Перадуральскі, Перадкарпацкі; міжгорныя), перыакіянічныя (уздоўж падводных ускраін мацерыкоў, напр., П.т. з 2 бакоў Атлантычнага ак., Антарктычнага ўзбярэжжа Ціхага ак.). П.т. ўмяшчаюць паклады карысных выкапняў: нафты, газу, каменнай і калійных солей, вуглёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,
комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.
Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).
На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.
А.А.Саламонаў.
Да арт.Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
адмоўная структура на ПнЗРускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.
Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш.карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ),
Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец.геал.навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук.час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.