НЕЛІНЕ́ЙНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне магутных светлавых пучкоў у рэчыве з улікам нелінейнай залежнасці аптычных характарыстык асяроддзя ад напружанасці эл. і магн. палёў светлавых хваль. З’явы Н.о. выкарыстоўваюцца для змены частаты, накіраванасці і інш. параметраў светлавых патокаў, а таксама для вывучэння многіх характарыстык рэчываў і працэсаў.

Існаванне нелінейных аптычных з’яў адзначыў С.І.Вавілаў (1923); у 1926 ім (разам з В.​Л.​Лёўшыным) выяўлена змяншэнне паглынання святла уранавым шклом пры павелічэнні інтэнсіўнасці святла. Інтэнсіўнае развіццё Н.о. пачалося пасля стварэння лазераў. Да з’яў Н.о. належаць: генерацыя святла з кратнымі, сумарнымі і рознаснымі частотамі; вымушаныя камбінацыйнае, цеплавое і інш. рассеянні; многафатонныя пераходы; прасвятленне ці зацямненне асяроддзя; самафакусіроўка або самадэфакусіроўка патокаў святла, уздзеянне адных светлавых патокаў у рэчыве на другія і інш. Генерацыя гармонік і святла з сумарнымі (ці рознаснымі) частотамі, а таксама вымушаныя рассеянні выкарыстоўваюцца для змены частаты лазернага выпрамянення; прасвятленне асяроддзя — для кіравання працягласцю лазерных імпульсаў шляхам змен страт рэзанатара і фазавай сінхранізацыі яго ўласных ваганняў; двух- (ці больш) фатоннае паглынанне і генерацыя гармонік — у прыладах для вымярэння працягласці імпульсаў і карэляцыйных функцый лазерных патокаў святла.

На Беларусі даследаванні па Н.о. распачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац. АН і ун-тах.

Літ.:

Бломберген Н. Нелинейная оптика: Пер. с англ. М., 1966;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),

тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон), ♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.

2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл. Храматызм).

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь,

сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БРАНАЯ РА́ДА,

неафіцыйны ўрад у Расіі ў канцы 1540-х — 50-я г. Складаўся з асоб, прыбліжаных да цара Івана IV Васілевіча Грознага. Кіруючае становішча ў выбранай радзе займалі А.Ф.Адашаў, прыдворны святар Сільвестр, мітрапаліт Макарый, думны дзяк І.​М.​Віскаваты, князь А.М.Курбскі і інш. У час праўлення выбранай рады праведзены важнейшыя рэформы (выдадзены Судзебнік 1550, створаны прыказы, стралецкае войска і інш.), далучаны Казанскае і Астраханскае ханствы, вялася барацьба за Прыбалтыку. Сур’ёзныя змены ў знешняй і ўнутр. палітыцы Івана IV прывялі да падзення выбранай рады.

Літ.:

Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ,

захады банкаў і фірмаў, разлічаныя на атрыманне прыбытку ад змены курсу валют на валютных рынках. Ажыццяўляецца пэўнымі валютнымі аперацыямі ці наўмысным устрыманнем ад іх. Прасцейшая форма валютнай спекуляцыі — валютны арбітраж: валюта адной краіны па нізкім курсе купляецца за валюту другой краіны і рэалізуецца там, дзе курс гэтай валюты больш высокі; атрыманы барыш і ёсць спекуляцыйны даход. Валютная спекуляцыя можа прымаць і больш складаныя формы — маніпуляцыі па наўмысным зніжэнні курсу валют. Валютная спекуляцыя звязана з валютнай рызыкай, яе вынік залежыць ад правільнасці ацэнкі перспектыў вагання валютнага курсу. Мерапрыемствы па стрымліванні валютнай спекуляцыі звычайна ажыццяўляюць цэнтр. (нац.) банкі.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́АР ((Dewar) Джэймс) (20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.​Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне

[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],

хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с. абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.

І.​У.​Дуда.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі, адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.

Праблему К. разглядаў Р.​Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.​Брунсвік (Аўстрыя), Ж.​Піяжэ (Швейцарыя), Б.​Г.​Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.​Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.​Гельб, Д.​Катц.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯПАЗО́Н [ад грэч. dia pasōn (chordōn) праз усе (струны)],

1) у музыцы — гукавы аб’ём пеўчага голасу ці муз. інструмента, гукарада, мелодыі, вак. ці інстр. партыі ў муз. творы і інш. Вызначаецца інтэрвалам паміж самым нізкім і самым высокім гукамі.

2) У фізіцы — вобласць змены якой-н. велічыні, аб’ём чаго-н. Напр., Д. вымярэнняў — вобласць значэнняў вымеранай велічыні, для якой вызначаны хібнасці сродкаў вымярэнняў; Д. паказанняў вымяральнай прылады — вобласць значэнняў шкалы, абмежаваных яе канцавым і пач. паказчыкамі; Д. радыёчастот (радыёхваль) — участкі, на якія ўмоўна падзелена ўся вобласць радыёчастот.

3) У пераносным сэнсе — аб’ём ведаў, здольнасцей, шырыня інтарэсаў, кругагляду, размаху дзейнасці.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)